ХЕЛМІКО́ЎСКІ (Chełmikowski) Ян (1800?—1873?),

польскі акцёр, спявак, антрэпрэнёр. Творчасць звязана з Літвой, Беларуссю і Польшчай. На прафес. сцэне дэбютаваў у Вільні ў 1827. Іграў на польскай і рус. мовах. У 1838 у складзе віленскай трупы выступаў у Брэсце (у 1839 кіраўнік трупы). Працаваў у Мінску (1832, 1847—48; у 1841—42, 1844—45 і 1857 антрэпрэнёр Мінскага т-ра), Полацку (1839), Віцебску (1848—49), Гродне (1854—55). У летнія сезоны 1842 і 1861 з трупай акцёраў Мінскага т-ра гастраліраваў у Магілёве. З 1862 акцёр, рэжысёр, антрэпрэнёр у гарадах Польшчы. Выступаў у амплуа палюбоўнікаў, характарных ролях: Пратніцкі («Жарты пажа» А.​Кацэбу), Акціч («Дзядзечка ўсяго свету» К.​Маераноўскага паводле Р.​Бенедыкса), Януш і Густаў («Пан Явяльскі» і «Дзявочыя абяцанні, ці Магнетызм сэрца» А.​Фрэдры), Бжэхва («Вусы і парык» Ю.​Кажанёўскага); выконваў оперныя партыі: Альфонс і лорд Артур («Фаварытка» і «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці).

Ю.​А.​Пашкін.

т. 17, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)