ХРАМ,

культавае збудаванне, прызначанае для богаслужэння і рэліг. абрадаў. Часам Х. мелі мемар. характар, адыгрывалі ролю абарончых збудаванняў (гл. Храм-крэпасць). Сваімі памерамі, манум. формамі і дэкар. убраннем Х. вылучаюцца сярод гар. ці вясковай забудовы, найчасцей размяшчаюцца на вузлавых участках населеных пунктаў, маюць вял. горадабуд. значэнне. Архітэктура розных тыпаў Х. фарміравалася пад уплывам культавых патрабаванняў, удасканальвання арх.-буд. прыёмаў, развіцця дойлідства ў розных краінах, набывала выразную нац. своеасаблівасць. Кожны элемент Х. і яго маст. аздаблення мае сімвалічны сэнс і адлюстроўвае светапогляд пэўных гіст. эпох.

Паводле рэліг. дагматыкі Х. лічыцца домам Бога (багоў) і мае алтар. Вядомы Х. ў язычніцкіх рэлігіях, у будызме, Іерусалімскі Х. у стараж. іудаізме. На Беларусі пашыраны хрысц. Х. (цэрквы, саборы, касцёлы), культавыя будынкі ў пратэстантызме (зборы, малельныя дамы), а таксама сінагогі і мячэці не маюць алтара і лічацца не Х., а месцам малітвы.

С.​А.​Сергачоў.

т. 17, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)