МЮ́НСТЭРСКАЯ КАМУ́НА,

панаванне ў 1534—35 пратэстантаў-анабаптыстаў у г. Мюнстэр (Вестфалія); уздым рэв. падзей у Германіі пасля паражэння Сялянскай вайны 1524—25. Пасля перамогі прыхільнікаў Рэфармацыі ў Мюнстэры (1533) і выгнання адтуль князя-епіскапа ў Мюнстэры сканцэнтраваліся анабаптысты і з інш. гарадоў Вестфаліі і Нідэрландаў. У лют. 1534 яны на чале з Янам Матысам і Іаанам Лейдэнскім атрымалі большасць у магістраце і фактычна захапілі ўладу ў горадзе. Мюнстэр яны абвясцілі «Новым Іерусалімам», г.зн. цэнтрам «Царства боскага», якое, паводле пропаведзі Яна Матыса, павінна быць усталявана на зямлі мячом «праведных». Ва ўмовах аблогі войскамі епіскапа анабаптысты правялі ў горадзе шэраг пераўтварэнняў (падпарадкаванне майстроў-рамеснікаў гар. абшчыне ў справе арганізацыі вытв-сці і выкананні заказаў, канфіскацыя золата, серабра і каштоўных рэчаў на агульную карысць, скасаванне грошай і ўвядзенне натуральнага абмену, улік прадуктаў спажывання, наладжванне агульных трапез і інш.). Пасля гібелі ў баі Яна Матыса (5.4.1534) І.​Лейдэнскі распусціў магістрат і стварыў савет «12 апосталаў», а потым устанавіў асабістую дыктатуру тэакратычнага тыпу і быў абвешчаны царом Новага Сіёна (Мюнстэра) і будучым уладыкам усяго свету. Блакіраваная праціўнікам, М.к. пасля працяглай гераічнай абароны пала. Яе ўцалелыя дзеячы, у т. л. Іаан Лейдэнскі, пасля катаванняў пакараны смерцю.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СА́ЮДЗІС»

(літ. Sąjūdis рух, хваляванне),

масавы грамадска-паліт. рух у Літве за перабудову і за адраджэнне дзярж. суверэнітэту. Узнік у 1988 пад уплывам і на ўзор Нар. фронту Эстоніі (гл. ў арт. Народны фронт). Ініцыятыўная група па стварэнні «С.» (36 чал.) выбрана 3.6.1988 на сходзе літ. інтэлігенцыі ў АН Літвы ў Вільнюсе. Устаноўчы сход адбыўся 22—23.10.1988 у вільнюскім Палацы спорту (1021 дэлегат, прысутнічалі прадстаўнікі літ. дыяспары з Беларусі, Польшчы, ЗША і інш.). Першы старшыня — В.​Ландсбергіс. На пачатку «С.» выступаў за гаспадарчы разлік, у хуткім часе ператварыўся ў нац.-вызв. рух (патрабаванні вярнуць нац. сімволіку, надаць літ. мове статус дзяржаўнай, змяніць сістэму адукацыі, ліквідаваць прывілеі партнаменклатуры і інш.). Сац. база — інтэлігенцыя, студэнты, ч. членаў Камуніст. партыі Літвы. Праводзіў масавыя негвалтоўныя грамадз. акцыі (мітынгі, маршы веласіпедыстаў, «жывыя ланцугі» і інш.). 24.2.1990 перамог на выбарах у літ. парламент (тады Вярх. Савет). Пад кіраўніцтвам «С.» літ. народ дамогся аднаўлення незалежнасці (1990—91). Пасля 1991 палітычна эвалюцыяніраваў у бок кансерватызму. Друкаваны орган — «Sąjūdžio žinios» («Весці Саюдзіса», з чэрв. 1988). Падтрымлівае кантакты са структурамі Бел. нар. фронту.

Літ.:

Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996. С. 336—352.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ МІЖНАРО́ДНЫ, Міжнародны саюз архітэктараў (МСА),

міжнародная няўрадавая арганізацыя. Створаны ў 1948 у г. Лазана (Швейцарыя), сталае месцазнаходжанне штаб-кватэры — Парыж. Асн. задачы саюза: аб’яднанне на дэмакр. аснове архітэктараў усяго свету, абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі, умацаванне маст., навук. і прафес. сувязей паміж імі. Вышэйшы орган МСА — Асамблея (склікаецца раз у 3 гады), у час якой выбіраюцца Бюро і Савет. Быць членам саюза і прадстаўляць краіну можа толькі адна карпарацыйная арг-цыя (творчы саюз, асацыяцыя, ін-т і інш. арг-цыі архітэктараў). МСА аб’ядноўвае больш за 100 нац. секцый і рэгіянальных груп (Скандынаўскія краіны, краіны Балтыі і інш.). Нац. секцыі ўваходзяць паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў адпаведныя рэгіёны, кожны з якіх узначальвае віцэ-прэзідэнт (Зах. Еўропа, Усх. Еўропа і Сярэдні Усход, краіны Амерыкі, Азія і Аўстралія, Афрыка). У рамках дзейнасці МСА функцыянуюць больш за 10 рабочых груп і праграм, працуюць камісія па міжнар. конкурсах (засн. Залаты медаль за выдатныя творчыя дасягненні, прызы за лепшы праект), праграма па прафес. практыцы і інш. Саюз мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА, Эканам. і сац. савеце ААН. Выдаецца Бюлетэнь МСА (выходзіць раз у 2 месяцы). У 1990-я г. ў МСА уваходзіў Саюз архітэктараў Беларусі.

т. 14, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,

паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-й пал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.​Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд. ч. Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж. Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл. Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.

Літ.:

Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;

Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;

Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.

М.​С.​Корзун.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Расія,

манархічная саслоўная шматнац. дзяржава ва Усх. Еўропе і на значнай ч. Азіі ў 1721—1917. Склалася на аснове Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, якую Пётр I у ліст. 1721 абвясціў імперыяй. У 18 ст. у выніку 3-х падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) у склад Р.і. ўключаны Беларусь, паўд., паўд.-ўсх. і зах. Латвія, б.ч. Літвы; пасля войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91) — Паўн. Прычарнамор’е, Паўн. Каўказ і Крым; тады ж пачалося асваенне і далучэнне да імперыі паўн.-зах. ускраіны Паўн. Амерыкі (гл. «Руская Амерыка»). У 19 ст. шляхам новых войнаў і мірных пагадненняў (з Турцыяй, Іранам, Швецыяй, Кітаем і інш.) да Р.і. далучаны Фінляндыя, Бесарабія, б.ч. Польшчы з Варшавай, Закаўказзе, Прыамур’е, Прымор’е і Сярэдняя Азія. Афіц. васаламі Р.і. былі Бухарскі эмірат і Хівінскае ханства. У канцы 19 ст. тэр. Р.і. складала 22,4 млн. км², нас. 128,2 млн. чал. (1897), больш як 100 нацыянальнасцей. 57% насельніцтва складалі нярус. народы, некат. з іх абмяжоўваліся ў правах, праводзілася палітыка русіфікацыі; аднак некат. тэрыторыі мелі самакіраванне. Рус. мова была афіц. агульнадзярж. мовай, абавязковай для ўсіх дзярж. устаноў. Тэр. Р.і. ў 1914 падзялялася на 81 губерню і 20 абласцей; ч. іх была аб’яднана ў генерал-губернатарствы. У Р.і. быў 931 горад. Р.і. была спадчыннай манархіяй на чале з імператарам з дынастыі Раманавых. Імператар валодаў самадзярж. уладай, ажыццяўляў заканад. уладу шляхам выдання указаў, з 1810 таксама праз Дзяржаўны савет і з 1906 — Дзяржаўную думу; дзярж. апаратам кіраваў праз Сенат, Савет міністраў і міністэрствы; з’яўляўся вярх. кіраўніком узбр. сіл. Пануючае становішча займала Рус. правасл. царква, якой кіраваў імператар праз Сінод. Усё насельніцтва лічылася падданымі Р.і. (мужчыны з 20 гадоў прысягалі імператару) і падзялялася на 4 асн. саслоўі, або «станы» (дваранства, духавенства, гар. абывацелі і сельскія абывацелі, г.зн. сяляне). Пануючым саслоўем было дваранства. Карэннае насельніцтва Казахстана, Сібіры і шэраг інш. народаў Р.і. вылучалася ў самаст. «стан» і наз. іншародцамі. Гэтая катэгорыя кіравалася асобнымі законапалажэннямі. Заканадаўства Р.і. было сабрана ў Поўным зборы законаў Расійскай імперыі і Зводзе законаў Р.і. Імперыя мела герб — двухгаловы арол з царскімі рэгаліямі; дзярж. сцяг — палотнішча з белай, сіняй і чырвонай гарыз. палоскамі; дзярж. гімн, які пачынаўся словамі «Боже, царя храни». Грашовая адзінка — рубель. Р.і. спыніла існаванне ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 (14.9.1917 Расія абвешчана рэспублікай), у 1922—91 на б.ч. яе тэр. існаваў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Сучасная Рас. Федэрацыя лічыць сябе правапераемніцай як Р.і., так і СССР. Пра гісторыю і культуру Р.і. гл. ў арт. Расія.

Літ.:

Троицкий С.М. Русский абсолютизм и дворянство в XVIII в. М., 1974;

Ерошкин Н.П. Самодержавие накануне краха. М. 1975;

Российская империя: Словарь-справ. СПб., 1992. Гл. таксама ліг. пры арт. Расія.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),

галоўная арг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр. зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал. інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).

Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр. зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ КАЛЕКТЫ́ВАЎ, Белкалгасцэнтр,

рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1928—32. Створаны ў Мінску на 2-м Усебел. з’ездзе калгасаў як Усебел. саюз с.-г. калектываў (Белкалгассаюз), у студз. 1930 перайменаваны ў Белкалгасцэнтр. Меў на мэце стварэнне, кіраўніцтва і арганізац.-гасп. абслугоўванне калгасаў. Яго органамі кіраўніцтва былі Усебел. з’езд с.-г. калектываў, савет і праўленне, якія выбіраліся з’ездам. Напачатку складаўся з сакратарыята і 4 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, планава-вытв., нарыхтоўчы і крэдытна-фін.), з 1930 з 7 аддзелаў. З перайменаваннем у Белкалгасцэнтр пашыраны і яго функцыі. Кантраляваў гасп. дзейнасць калектываў, перапрацоўку і збыт імі сваёй прадукцыі, культ.-масавую работу, распрацоўваў правілы ўнутр. распарадку, спагнанняў з калгасаў запазычанасці па збожжанарыхтоўках. Яго фінансаванне вялося з дзярж. бюджэту і не залежала ад вынікаў дзейнасці гаспадарак, якія ён аб’ядноўваў. Ва ўмовах цэнтралізаванага размеркавання крэдытаў, с.-г. тэхнікі і інш. сродкаў, недахопу кваліфікаваных спецыялістаў гэты фактар стаў прычынай поўнай залежнасці вытв. калектываў ад вышэйшых органаў. Апарат Белкалгассаюза і падпарадкаваныя яму акр. саюзы практыкавалі ўмяшанне і ў арганізац. і ў дробныя гасп. пытанні. На пач. 1930-х г., калі вёскі сталі калгаснымі і ўзмацнілася цэнтралізацыя, Белкалгасцэнтр стаў непатрэбным элементам адм.-загаднай сістэмы і ў кастр. 1932 ліквідаваны. Яго функцыі перададзены Наркамату земляробства БССР.

С.​М.​Ходзін.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК ВАЕ́ННЫ,

ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.

Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗМАГА́РНАЯ ФРА́НЦЫЯ»

(«La France Combattante»),

рух за нац. незалежнасць Францыі супраць ням.-фаш. захопнікаў і вішысцкіх калабарацыяністаў (гл. «Вішы») у час 2-й сусветнай вайны 1939—45. Узначальваў рух Ш. дэ Голь. Прымыкала да антыгітлераўскай кааліцыі. У 1940 наз. «Свабодная Францыя». 24.9.1941 у Лондане быў створаны кіруючы орган «З.Ф.» — Франц. нац. к-т (ФНК). Рух тэрытарыяльна апіраўся на франц. калоніі (Чад, Камерун, Габон і інш.). Меў узбр. сілы і ўдзельнічаў у шэрагу ваен. аперацый. У ліст. 1942 ФНК накіраваў у СССР групу франц. лётчыкаў для сумеснай барацьбы супраць гітлераўцаў (пазней авіяполк «Нармандыя—Нёман»), Прадстаўнікі «З.Ф.» ўваходзілі ў Нац. савет Супраціўлення, створаны ў маі 1943 арг-цыямі Руху Супраціўлення. Пасля высадкі англа-амер. войск у Алжыры (ліст. 1942) і пераезду туды ФНК апошні пераўтвораны ў Франц. к-т нац. вызвалення (ФКНВ), які ў 1943—44 прадстаўляў дзярж. інтарэсы Францыі (афіцыйна прызнаны ўрадамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі). 2.6.1944 ФКНВ перайменаваны ў Часовы ўрад Франц. рэспублікі на чале з дэ Голем. Пасля вызвалення Парыжа (25.8.1944) канчаткова прызнаны вышэйшым органам выканаўчай улады Францыі.

Літ.:

Голль Ш. де. Военные мемуары: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1957—60;

Смирнов В.П. Движение Сопротивления во Франции в годы второй мировой войны. М., 1974.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)