вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс.чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел.нац.войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш.гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,
антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.
Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.
У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс.чал.) на чале з І.Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав.ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял.кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войскаВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял.кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),
нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц.войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Вальтэр, Ф.Шылер, М.Твэн, Б.Шоу, Ж.Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.Басцьен-Лепаж, П.Дэларош, Я.Матэйка і інш.), музыцы (Ф.Ліст, Дж.Вердзі, П.І.Чайкоўскі, А.Анегер).
Літ.:
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр.М., 1992.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.Ланепво. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАВА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.
Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войскаВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст.дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),
кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.
Літ.:
Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;
Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял.кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс.чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял.кн.ВКЛ Ягайлы і вял.кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс.чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал.рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т. л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял.кн.ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ТМАН (польск. hetman ад ням. Hauptmann начальнік),
галоўны начальнік над узбр. сіламі ў некат. еўрап. Краінах. 1) У Чэхіі ў 15 ст. камандуючы войскамі табарытаў.
2) У Польшчы з 15 ст. да 1795 пасада камандуючага войскамі (вял. каронны гетман), з пач. 16 ст. сталая, з 1581 пажыццёвая. Прызначаўся каралём. Меў шырокія паўнамоцтвы, у т. л. права набіраць войска, прызначаць афіцэраў, вяршыць суд са смяротным пакараннем. Меў памочніка і намесніка — польнага гетмана.
3) У ВКЛ пасада найвышэйшага (з сярэдзіны 16 ст. — вялікага) гетмана створана ў канцы 15 ст. на ўзор польскай. Прызначаўся вял. князем, з 2-й пал. 16 ст. пажыццёва. У пач. 16 ст. ўведзена пасада дворнага гетмана, які камандаваў прыдворнымі ротамі (гвардыяй) вял. князя. З 2-й пал. 16 ст. ўзначальваў таксама наёмныя атрады, пачаў наз. польным гетманам, з 1680-х г. падначалены вял. гетман.
4) На Украіне ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. — камандуючы рэестравымі казакамі, што знаходзіліся на дзярж. службе. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 гетман Б.Хмяльніцкі стаў кіраўніком Украіны і галоўнакамандуючым казацкім войскам. Пасля Андросаўскага перамір’я 1667 гетманы Правабярэжнай Украіны па-ранейшаму прызначаліся польск. каралямі; у 1704 пасада скасавана. На Левабярэжнай Украіне (у складзе Расіі) гетманы, якія мелі адм. і вайсковую ўладу, выбіраліся ген. вайсковай радай (фактычна казацкай старшынай са згоды царскага ўрада), з 1708 прызначаліся царскім урадам; у 1764 пасада скасавана. У 1917—18 былі спробы аднавіць пасаду гетмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДРО́ЙЦЫ,
княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНКА́СТЭРЫ (Lancaster),
арыстакратычны род і каралеўская дынастыя ў Англіі ў 14—15 ст., адгалінаванне Плантагенетаў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Джон Гонт (1340—99), пачынальнік роду, сын Эдуарда IV, герцаг Ланкастэрскі (з 1362), фактычны кіраўнік дзяржавы ў 1360—70-я г. Яго палітыка выклікала Уота Тайлера паўстанне 1381. Падтрымліваў антыпапскі рух Дж.Уікліфа.
Генрых IV [1399—1413], сын Дж.Гонта. За ўдзел у апазіцыі супраць караля Рычарда II (1387) пазбаўлены ўсіх багаццяў, вандраваў. На баку Тэўтонскага ордэна ўдзельнічаў у паходах на землі ВКЛ, у т. л. на Вільню (вер. 1390). У выніку мяцяжу знаці Паўн. Англіі супраць Рычарда II абвешчаны каралём. Намагаўся ліквідаваць феад. апазіцыю.
Генрых V [1413—22], сын Генрыха IV, палкаводзец і дыпламат. У барацьбе за франц. трон аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453. У бітве пры Азенкуры (1415) разграміў франц.войска і да 1420 захапіў паўн. Францыю, у т. л. Парыж. Паводле дагавора ў Труа (21.5.1420) прызнаны нашчадкам франц. прастола. Памёр у час аблогі г. Мо.
Джон (1389—1435), сын Генрыха IV, герцаг Бэдфард, рэгент Францыі пры малалетнім Генрыху VI.
Хемфры (1391—1447), сын Генрыха IV, герцаг Глостэрскі, рэгент Англіі пры малалетнім Генрыху VI.
Генрых VI (1421—1471), кароль [1422—61, 1470—71]. Псіхічнахворы. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны 1455—85 скінуты Йоркамі і забіты ў Таўэры.
Эдуард (1453—1471), сын Генрыха VI, прынц Уэльскі, апошні прадстаўнік асн. лініі Л. Загінуў у бітве пры Цьюксберы. Дамаганні Л. на трон былі адноўлены іх далёкімі родзічамі Цюдарамі.