ЯРАШЭ́ВІЧ (Jaroszewicz) Пётр (8.10.1909, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 1.9.1992),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Польшчы, ген. дывізіі (1950). Скончыў Нясвіжскае пед. вучылішча (1929), Вышэйшыя настаўніцкія курсы, афіцэрскае вучылішча. Да 1940 настаўнічаў на Палессі, потым у Расіі. Са снеж. 1943 у польскай пях. дывізіі імя Т.​Касцюшкі, якая фарміравалася на Разаншчыне. Да 1945 нам. камандзіра палка, дывізіі, арміі, нам. нач. Гал. паліт. ўпраўлення Войска Польскага, ген. брыгады. Пасля 2-й сусв. вайны віцэ-міністр нац. абароны, чл. Польскай рабочай партыі, з 1948 Польскай аб’яднанай рабочай партыі. З 1950 нам. старшыні Камісіі планавання. З 1952 нам. старшыні, у 1970—80 старшыня СМ Польскай Нар. Рэспублікі (ПНР), адначасова ў 1954—56 міністр горнай прам-сці. Да канца 1970 пастаянны прадстаўнік ПНР у Савеце эканамічнай узаемадапамогі. З 1947 дэп. сейма ПНР. У 1971 наведаў Нясвіж.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)