РАДЗІВІ́Л (Міхал Гедэон) (паводле метрыкі Міхал Геранім Кароль; 24.9.1778, Варшава —24.5.1850),

галоўнакамандуючы ў паўстанні 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Сын М.​Г.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вучыўся ва ун-це Гётынгена. У 1807 уступіў у польскае войска Напалеона I, камандаваў Паўн. легіёнамі. Як ген. брыгады ўдзельнічаў у вайне 1812 з Расіяй у складзе корпуса Ж.​Макданальда, у т. л. ў баях за Дзвінск. Служыў у войску Каралеўства Польскага. З 1822 сенатар-кашталян, з 1825 сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30.11.1830 увайшоў у склад пашыранай Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага. Выступаў за поўную аўтаномію Каралеўства Польскага. Падтрымліваў дыктатуру ген.Ю.​Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20.1.1831 сейм абраў Р. галоўнакамандуючым. Р. прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 зняволены ў Яраслаўлі. За ўдзел у паўстанні яго бел. маёнткі канфіскаваны.

В.​С.​Пазднякоў.

М.Г.Радзівіл.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)