МЕ́МЛІНГ ((Memling) Ганс) (каля 1430—40, г. Зелігенштат, Германія — 11.9.1494),
нідэрландскі жывапісец Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у Рагіра ван дэр Вейдэна, зазнаў уплыў яго і Я. ван Эйка. З 1465 працаваў у Бруге. У творчасці спалучаў познагатычныя і рэнесансавыя рысы. Аўтаррэліг. кампазіцый са складанай разгорнутай пабудовай, якім уласцівы характарнасць вобразаў і драматычнасць перадачы пачуццяў: трыпціхі «Страшны суд» (каля 1473), «Трыпціх Джона Дона» (1468), «Трыпціх Іаана» (1479), «Алтар Адрыяна Рэйнса» (1480), «Трыпціх Якаба Фларэнса» (каля 1489—90), «Алтар Укрыжавання» (1491), карціны «Пакуты Хрыстовы» (1470), «Пакуты св. Себасцьяна» (каля 1470), «Сем радасцей Марыі» (1480), «Дабравешчанне» (1482), «Мадонна з дзіцем» (1487). Гуманіст. скіраванасць творчасці М. выявілася ў выявах данатараў у рэліг. творах і партрэтах: пажылога чалавека (каля 1470), Т.Партынары, М.Партынары (абодва каля 1472), маладога чалавека (каля 1475), Б.Улендэрберг (каля 1478), «Трыпціх Вілема Морэльса» (1484), «Алтар Марціна ван Ньювенхове» (1487). Звяртаўся да адлюстравання аголенай натуры («Вірсавія», «Пыхлівасць», абедзве каля 1485), пейзажа (размалёўкі рэлікварыя св. Урсулы, 1480), анімалістычных матываў («Коні і малпа», 1480-я г.).
В.Я.Буйвал.
Г.Мемлінг. Мадонна з дзіцем. Левая створка «Алтара Марціна ван Ньювенхове». 1487.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХАЎ (сапр.Няхамкін) Уладзімір Львовіч
(н. 25.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). З 1946 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», у 1960—62 і 1975—88 на Бел. радыё. Друкуецца з 1946. Піша пра гіст. мінулае Беларусі, рэв. рух, эпізоды з гісторыі бел. культуры, на маральна-этычныя тэмы, пра Вял.Айч. вайну (кнігі апавяданняў, аповесцей, нарысаў «Сцяг над рэўкомам», 1958; «Апошняя яўка», 1959; «Помнік герою», 1961; «Станцыя паблізу Тамбова», 1964; «Добры вечар, камбат», 1970; «Слухаецца справа аб замаху...», 1972; «Старадаўняя гравюра», 1974; «Сустрэчы ў радыёстудыі», 1985; «...Пра якіх я вельмі клапачуся», 1988; «Далучэнне», 1992). Аўтар радыёп’ес «Гавайская легенда» (паст. 1966), «Паром на бурнай рацэ» (паст. 1982) і інш. п’ес і інсцэніровак для радыё, п’ес для тэатра «Чырвоны губернатар» (паст. 1967) і «Палёт» (паст. 1969). Працуе ў дакумент. кіно. За сцэнарыі фільмаў (з Ю.Цвятковым) «Гісторыя адной тэлеграмы», «Чарвякову... спешна... Ленін» (абодва 1982), «Мост» (1984), «Рэвалюцыя дае нам права» (1985) Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Перакладае з інш. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГА́Й (Сяргей Іванавіч) (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),
расійскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт. Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял.т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЙЧЫК ((Mikołajczyk) Станіслаў) (18.7.1901, Гольстэргаўзен, Германія — 13.12.1966),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Велікапольскага паўстання 1918 супраць прускага панавання, савецка-польскай вайны 1920. У 1920—31 чл. партыі Польске стронніцтва людовэ-«Пяст» (у 1930—31 чл.Гал. рады), у 1931—39 чл.Гал. рады партыі Стронніцтва людовэ. Адзін з заснавальнікаў (1927) Велікапольскага Саюза сял. моладзі. Дэпутат сейма (1930—35). За кіраўніцтва сял. забастоўкай 1937 быў зняволены. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік вераснёўскай кампаніі 1939. Пазней у эміграцыі. У 1940—43 віцэ-прэм’ер, у 1943—44 прэм’ер-міністр польскага эмігранцкага ўрада. З 1946 віцэ-прэм’ер і міністр земляробства кааліцыйнага Часовага ўрада нац. адзінства. У 1945 засн. партыю Польскае стронніцтва людовэ (ПСЛ, у 1945—47 яе старшыня). Дэпутат Краёвай рады нарадовай (1945—47), сейма (1947). Арганізатар легальнай антыкамуніст. апазіцыі ў Польшчы. Пад пагрозай арышту выехаў у ЗША. У 1947—66 старшыня ПСЛ у эміграцыі. Аўтар успамінаў «Згвалтаваная Польшча» (1948), прысвечаных падзеям 1939—47.
Літ.:
Paczkowski A Stanisław Mikołajczyk, czyli Klęska realisty. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЕР ((Miller) Генры Валенштайн) (26.12.1891, Нью-Йорк — 7.6.1980),
амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Сіці-каледжы (1909). Дэбютаваў у 1922. Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Тропік Рака» (1934, экранізацыя 1970). Раманы «Чорная вясна» (1936), «Тропік Казярога» (1939), трылогія «Дабратворны крыж» («Сексус», «Плексус», «Нексус», 1949—60) адметныя ўвагай да інтымна-прыватнага, «начнога» боку чалавечага жыцця; эротыка ў іх узнята на гратэскава-міфалагічны ўзровень, мае абагульнена-сімвалічны характар. Паэтыка М. спалучае ў сабе натуралізм, шарж, экстравагантнасць з глыбокім лірызмам і філасафічнасцю. Аўтараўтабіягр.кн. «Маё жыццё і мая эпоха» (1971), кніг апавяданняў, эсэ, публіцыстыкі, п’ес, вершаў у прозе. Пра жыццё і творчасць М. зняты кінафільмы «Адысея Генры Мілера» (1969), «Генры і Джун» (1990). На бел. мову частку яго эсэ «Час забойцаў» пераклаў Дз.Серабракоў.
Тв.:
Бел.пер. — «Час забойцаў» // Крыніца. 1999. № 1;
Рус.пер. — Избранное. Вильнюс;
М., 1995;
Роза Распятая: Трилогия: Сексус. Плексус. Нексус. Т. 1—2. М., 1999.
Літ.:
Алякринский О. Абеляр из Бруклина: Жизнь и книги Генри Миллера // Всемир. лит. 1997. № 9;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЬТАН, Мілтан (Milton) Джон (9.12.1608, Лондан — 8.11.1674), англійскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1632). Пісаў на англ., італьян. і лац. мовах. Раннія творы (цыклы вершаў, санетаў, п’еса-маска «Комус», 1634; элегія «Лісідас», 1638, і інш.) адзначаны эстэтыкай, пераходнай ад Рэнесансу да Новага часу, у цэнтры — праблемы выбару шляху, прызначэння чалавека. У абарону рэсп. ідэалаў, свабоды слова і сумлення стварыў шматлікія трактаты і памфлеты: «Арэапагітыка» (1644), «Іканаборца» (1649), «Абарона англійскага народа» (1650) і інш. Вяршыня яго творчасці — эпічныя паэмы на біблейскія сюжэты «Страчаны рай» (1667) і «Вернуты рай» (1671), у якіх узняты праблемы пазнання Дабра і Зла, іх процістаяння і дыялект. адзінства, сэнсу жыцця і гіст. лёсу чалавецтва. Паэмы з рысамі барока і класіцызму адзначаны маштабнасцю вобразаў, складанай метафарычнасцю, сімволікай і алегарычнасцю. Аўтар трагедыі «Самсон-змагар» (1671), гіст.прац. «Гісторыя Брытаніі» (1670), «Кароткая гісторыя Масковіі» (1682).
Тв.:
Рус.пер. — Потерянный рай. Стихотворения. Самсон-борец. М., 1976.
Літ.:
Чамеев А.А. Джон Мильтон и его поэма «Потерянный рай». Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СЦЕЛЬ (Павел Іванавіч) (5.7.1793, Масква — 25.7.1826),
дзекабрыст, палкоўнік (1821). Вучыўся ў Дрэздэне (1805—09), у Пажскім корпусе (1810—11). З 1811 прапаршчык лейб-гвардыі Літоўскага палка. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», у 1818 арганізаваў у Тульчыне ўправу «Саюз дабрабыту», у сак. 1821 стварыў і ўзначаліў Паўд.т-ва. З ліст. 1821 камандзір Вяцкага палка. Аўтар 2 рэдакцый паліт. праграм т-ва — «Рускай праўды». Прыхільнік устанаўлення у Рас. імперыі рэсп. ладу шляхам дзярж. перавароту, адмены прыгону і саслоўных прывілеяў, надзялення сялян зямлёй. Аддаваў вял. ўвагу нац. пытанню; беларусаў адносіў да «малых народаў», лічыў, што ўсе народы Расіі «павінны злітымі быць у адзін народ». У 1824—25 вёў перагаворы з прадстаўнікамі польскага Патрыятычнага т-ва аб сумеснай барацьбе. 13.12.1825 арыштаваны ў Тульчыне. Павешаны разам з 4 інш. дзекабрыстамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
Літ.:
Лебедев Н.М. Пестель — идеолог и руководитель декабристов. М., 1972;
Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),
бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л.бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТНЕР (Ісак) (Айзік Хаімавіч; 17.11.1895, г. Саколаў-Падляскі, Польшча — 26.7.1961),
яўрэйскі пісьменнік. З 1918 у ЗША. Скончыў яўр. настаўніцкую семінарыю ў Нью-Йорку (1927). З 1932 у СССР. З 1933 у Мінску, працаваў у Бел. радыёкамітэце, у 1937—41 — у газ. «Октобэр» («Кастрычнік»). У 1949 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Першая кн. «Пра што расказвае дзень» (1930, Нью-Йорк). Аўтар зб-каў вершаў «З Амерыкі» (1934), «Сонца на парозе» (1940), кнігі апавяд. «Самае дарагое» (1948), паэм і інш. Яго творам уласціва гуманіст. накіраванасць, імкненне перадаць унутр. свет чалавека. Пісаў для дзяцей, перакладаў з англ. і ням. моў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вольскі.