МІ́ЛЕР ((Miller) Генры Валенштайн) (26.12.1891, Нью-Йорк — 7.6.1980),

амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Сіці-каледжы (1909). Дэбютаваў у 1922. Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Тропік Рака» (1934, экранізацыя 1970). Раманы «Чорная вясна» (1936), «Тропік Казярога» (1939), трылогія «Дабратворны крыж» («Сексус», «Плексус», «Нексус», 1949—60) адметныя ўвагай да інтымна-прыватнага, «начнога» боку чалавечага жыцця; эротыка ў іх узнята на гратэскава-міфалагічны ўзровень, мае абагульнена-сімвалічны характар. Паэтыка М. спалучае ў сабе натуралізм, шарж, экстравагантнасць з глыбокім лірызмам і філасафічнасцю. Аўтар аўтабіягр. кн. «Маё жыццё і мая эпоха» (1971), кніг апавяданняў, эсэ, публіцыстыкі, п’ес, вершаў у прозе. Пра жыццё і творчасць М. зняты кінафільмы «Адысея Генры Мілера» (1969), «Генры і Джун» (1990). На бел. мову частку яго эсэ «Час забойцаў» пераклаў Дз.Серабракоў.

Тв.:

Бел. пер. — «Час забойцаў» // Крыніца. 1999. № 1;

Рус. пер. — Избранное. Вильнюс;

М., 1995;

Роза Распятая: Трилогия: Сексус. Плексус. Нексус. Т. 1—2. М., 1999.

Літ.:

Алякринский О. Абеляр из Бруклина: Жизнь и книги Генри Миллера // Всемир. лит. 1997. № 9;

Лявонава Е.А Чалавечае, надта чалавечае: (Эстэт. абрыс Генры Мілера) // Крыніца. 1999. № 1.

Е.А.Лявокава.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)