сацыяльна-эканамічная канцэпцыя ідэалаг. абгрунтавання ідэі пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх сац. груп грамадства ў інтарэсах агульнага прагрэсу і дабрабыту. Набыла пашырэнне пасля 2-й сусв. вайны ў ФРГ, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Вялікабрытаніі, што звязана з асн. працэсамі эканам. і паліт. развіцця Зах. Еўропы. Ідэя класавага супрацоўніцтва сфармулявана ў працах Дж.Міля, Ж.Б.Сея і атрымала развіццё ў дактрыне індустрыяльнага грамадства (Дж.Голбрэйт, Ф.Перу, Р.Арон, Р.Дарэндорф і інш.). Паводле яе, класавыя канфлікты і барацьба перашкаджаюць грамадскаму інтарэсу і таму павінны саступіць месца сац. партнёрству. С.п.т. стала састаўной часткай распрацаванай Л.Эрхардам дактрыны зах.-герм. неалібералізму, якая прадугледжвала неабходнасць пераадолення класавых супярэчнасцей, мэтанакіраванага і планамернага развіцця ўсяго жыцця краіны з дапамогай метадаў дзярж. рэгулявання і планавання. Тэарэтычна абгрунтоўвалася і ў інш. краінах: як надыход эры «сацыяльнага праграмавання» (Бельгія), эпоха «пабудовы новага грамадства» з дапамогай «кантрактаў прагрэсу» (Францыя), эра «добраахвотнага супрацоўніцтва» (Вялікабрытанія) і г.д.Адзін з яе кірункаў — удзел працоўных у кіраўніцтве прадпрыемствамі і эканомікай краіны. На думку тэарэтыкаў лейбарызму і правай сацыял-дэмакратыі (Дж.Стрэйчы, Дж.Коўл, У.Пальме і інш.), паступовае ўкараненне сумеснага кіравання прадпрыемствамі наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі прывядзе да стварэння грамадства новага тыпу — «дэмакратычнага сацыялізму».
Літ.:
Гэлбрейт Дж. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКІЯ,
княжацкі род герба «Ліс» у ВКЛ. Першыя прадстаўнікі роду вядомы з дакументаў 1-й трэці 15 ст., валодалі маёнткамі Свір (адсюль прозвішча), Сырмеж, Споры, Мядзел, Варняны і інш.Андрэй С. падпісаў Кірстымонскі мірны дагавор 15.5.1432 вял кн. Свідрыгайлы з Інфлянцкім ордэнам. Браты Эрык і Раман С. падпісалі акты Трокскай уніі 1433 і Гродзенскай уніі 1434, вядомы таксама іх брат (?) Івашка. Унукамі Эрыка былі: Андрэй Петкавіч (? — пасля 1503) — канонік віленскі, пробашч варнянскі, валодаў маёнткам Варняны; Якуб Петкавіч(? — даі 528) — харунжы свірскі; Марцін і Міхал Петкавічы (? — пасля 1503). Унук Івашкі Юхна прадаў у 1528 Ю.Радзівілу свой маёнтак разам з г. Свір і правам карыстання воз. Свір. Андрэй Юхнавіч (? — пасля 1533) прадаў у 1527 сваю частку Мядзела Гаштольду, астатнюю частку яму ж разам з братам Войцехам у 1533. Войцех Юхнавіч (?—1547) — харунжы крэўскі і свірскі (згадваецца з 1540). Унук Міхала Петкавіча Лукаш Баляслававіч (? — 1593) — пісар віленскага ваяводы М.Радзівіла Чорнага, дваранін гаспадарскі, маршалак гаспадарскі з 1565, староста крэўскі (згадваецца з 1569), цівун бяржанскі. Януш Баляслававіч (?—1597) — мастаўнічы полацкі (згадваецца з 1561), маршалак гаспадарскі (згадваецца з 1566), намеснік віленскі (згадваецца з 1588). Адзін з унукаў Марціна Петкавіча. Якуб Аляксандравіч (? — 1585) — маршалак гаспадарскі з 1580. Гэтая лінія роду С. і лінія Міхала Петкавіча мелі працяг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯ́ЎКА,
вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Нача, на скрыжаванні аўтадарог на Клецк, Ганцавічы, Слуцк, Івацэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Клецк, 144 км ад Мінска. 1728 ж., 714 двароў (2001). Мэблевая ф-ка, лесаапр. цэх, філіял дарожна-рамонтнага ўпраўлення. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.).
Вядома з канца 15 ст. ў складзе Клецкага княства. З 1552 Мястэчка, уласнасць каралевы Бонь; Сфорца, у 1568—1690 у Клецкай ардынацыі кн. Радзівілаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. З 19 ст.адзін з цэнтраў вытв-сці ганчарных вырабаў (гл.Сіняўская кераміка). У 1886 у С. 144 ж., 24 двары, валасная ўправа. 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, паштовая станцыя, 7 крам, у 1905 каля 500 ж. З 29.7.1920 у Нясвіжскім пав. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Клецкага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі летам 1941 стварылі тут гета, у якім у чэрв. 1942 правялі масавы расстрэл яўрэяў (загінула каля 700 жыхароў вёскі). У 1962—66 у Нясвіжскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДРАКО́Ў (Сяргей Вячаслававіч) (21.10.1876. г. Мглін Бранскай вобл., Расія — 2.8.1953),
бел. вучоны, журналіст. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях, скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1906). Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 чл. Мінскага к-таБел.сацыяліст. грамады, рэдактар-выдавец газ. «Голос Белоруссии» (выйшаў 1 нумар 1.1.1906 у Мінску, забаронена царскімі ўладамі), дзе змясціў свой рэв. твор «Казка пра голых і сабаліныя футры», вершы на бел. мове Ф.Багушэвіча і Я.Лучыны Адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва«Мінчук». У 1907—10 у мінскіх газетах друкаваў паліт. казкі. З 1911 дырэктар доследнага поля ў Палтаўскай губ., з 1921 — Бел. агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне, праф.БДУ, БСГА. Працаваў у Інбелкульце (у 1923—25 адказны сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства) і Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З 1931 на навук. і пед. рабоце ў Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбе, Алма-Аце, Карагандзе. Аўтар апавяд. «Аграном Сэрадэля» (1924), навук.-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. С. — прататып Кандаковіча ў трылогіі Я.Коласа «На ростанях». Збярог жывапісныя творы К.Каганца «Тып беларуса» і «Зімовы пейзаж». Перапісваўся з У.Караленкам.
Літ.:
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. №11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ФРАНЦУ́ЗСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Пакт 1932 аб ненападзе паміж СССР і Францыяй, падпісаны 29 ліст. ў Парыжы. Краіны пацвердзілі прынцып адмаўлення ад вайны як сродку вырашэння міжнар. спрэчак, абавязаліся не ваяваць адна супраць адной, не ўмешвацца ва ўнутр. справы адна адной, не перашкаджаць развіццю ўзаемнага гандлю. Тэрмін дзеяння пакта не быў вызначаны. Дагавор 1935 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 2 мая ў Парыжы на 5 гадоў. Урады абедзвюх дзяржаў абавязваліся пры пагрозе нападу на адзін з бакоў якой-н. еўрап. дзяржавы пачаць адразу кансультацыі, у выпадку нападу на СССР або Францыю адразу аказаць дапамогу і падтрымку. Пасля зрыву Маскоўскіх перагавораў 1939 дагавор фактычна страціў значэнне. Франка-савецкае камюніке 1942 аб адносінах урада СССР да руху «Змагарная Францыя» і «Французскага нацыянальнага камітэта», падпісана 28 верасня. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць памагчы руху Супраціўлення, прызнаў Французскі нац. камітэт кіраўнічым органам «Змагарнай Францыі» і адзіным органам, які мае права арганізоўваць удзел у вайне франц. грамадзян і тэрыторыі і прадстаўляць іх інтарэсы пры ўрадзе СССР. Дагавор 1944 аб саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны ў Маскве 10 снежня. СССР і Францыя абавязваліся: працягваць сумесную барацьбу да перамогі над фаш. Германіяй, не ўступаць з ёю ў сепаратныя перагаворы і не заключаць без узаемнай згоды перамір’я ці міру з гітлераўскім урадам; пасля вайны разам рабіць усе неабходныя захады для ліквідацыі любой інш. пагрозы з боку Германіі, не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць дагаворных бакоў. Прыём у 1955 ФРГ у НАТО быў расцэнены сав. бокам як парушэнне Францыяй узятых на сябе абавязацельстваў, таму дагавор быў ануляваны Вярх. Саветам СССР у тым жа годзе. Савецка-французская дэкларацыя 1966, падпісана 30 чэрв. ў Маскве. Бакі выказалі жаданне развіваць узаемныя абмены і супрацоўніцтва, вырашылі прадаўжаць паміж сабой кансультацыі па еўрап. і інш.міжнар. праблемах. Дэкларацыя падкрэслівала значэнне падпісаных міжурадавых пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне вывучэння і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах і аб навук.-тэхн. і эканам. супрацоўніцтве. Савецка-французскі пратакол 1970, падпісаны 13 кастр. ў Маскве. Пацвердзіў палажэнні дэкларацыі 1966. Бакі дамовіліся ў выпадку, калі ўзнікнуць сітуацыі, якія пагражаюць парушыць мір або выклікаць міжнар. напружанасць, адразу ўступіць у кантакт адзін з адным, каб узгадніць пазіцыі, расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах. Савецка-французская дэкларацыя 1971, падпісана ў Парыжы 30 кастрычніка. Пацвердзіла пратакол 1970 і адзначыла, што супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй не накіравана супраць інтарэсаў якога-н. народа, а мае на мэце садзейнічаць аднаўленню міру ў раёнах канфліктаў, эканам. развіццю і паляпшэнню ўмоў жыцця народаў, рэгуляваць спрэчныя пытанні мірнымі сродкамі. Абмен пісьмамі аб папярэджанні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі. Адбыўся 16.7.1976 у Маскве. Краіны абавязаліся ажыццяўляць і ўдасканальваць арганізац. і тэхн. меры па прадухіленні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі, якая знаходзіцца пад іх кантролем. Праграма далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй на карысць разрадкі і міру, падпісана ў Маскве 8.4.1979, як выражэнне волі народаў абедзвюх краін да падтрымкі ўстойлівых дружалюбных адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),
участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.Жакобам і Ж.Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.
Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.
Да арт.Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ ЛЮДО́ВА (АЛ; Armia Ludowa літар. народная армія),
узброеныя партыз. і падп. фарміраванні Польскай рабочай партыі (ППР) у 2-ю сусв. вайну. Створана дэкрэтам Краёвай Рады Нарадовай (КРН) ад 1.1.1944 замест Гвардыі Людовай. У гал. камандаванне АЛ уваходзілі галаўком ген. М.Жымерскі («Роля»), нач. штаба, чл.ЦК ППР Ф.Юзвяк, прадстаўнік КРН Я.Чахоўскі. Мела 6 тэр. акруг (аб’ядноўвалі 23 раёны). Армія складалася з 16 партыз. брыгад (у т. л. некалькі фарміраванняў з Беларусі і Украіны) і 20 асобных батальёнаў і атрадаў (летам 1944 налічвала каля 60 тыс.чал.). Гал. задачы — барацьба супраць ням. акупантаў і падрыхтоўка да захопу ўлады ў пасляваен. Польшчы. Праводзіла дыверсіі на прамысл. аб’ектах і чыгунцы, тэрарыст. акты супраць ням.акупац. адміністрацыі і жандармерыі. Вясной і летам 1944 атрады АЛ разам з сав. дыверсійна-разведвальнымі групамі вялі жорсткія баі з намнога большымі сіламі гітлераўцаў у Парчэўскіх і Яноўскіх лясах, Сольскай пушчы. На польска-бел. паграніччы супрацоўнічала з сав. партызанамі, якія дзейнічалі на Беларусі. Вясной 1944 для каардынацыі дзеянняў АЛ з войскамі Чырв. Арміі сав. камандаванне стварыла пры Ваен. савеце 1-га Бел. фронту Польскі партыз. штаб (адзін з кіраўнікоў С.В.Прытыцкі). Атрады АЛ дапамагалі наступаючым сав. войскам, вызвалілі некалькі польск. гарадоў. Камандаванне Чырв. Арміі перадавала АЛ кантроль над вызваленымі польск. тэрыторыямі. 21.7.1944 дэкрэтам КРН АЛ аб’яднана з Польскай арміяй у СССР у адзінае Войска Польскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),
зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.
2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз.акамадацыяй.
3) У біялогіі тое, што анабалізм.
4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект. працы Т.Адорна, Э.Фрэнкель-Бруксвік, Д.Левінсана і Р.Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.Хоркхаймера, Г.Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.
Літ.:
Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;
Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМАЎЛЕ́ННЕ АДМАЎЛЕ́ННЯ,
адзін з асн. законаў дыялектыкі, які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці (зняцце, паўторнае адмаўленне, узаемапераход процілегласцяў, вяртанне да нібыта старога і інш.). Упершыню сфармуляваны Гегелем. Паводле яго вучэння, цыклічнасць развіцця мае форму руху ад зыходнага стану аб’екта праз яго адмаўленне да ліквідавання самога гэтага адмаўлення. Так, катэгорыя якасці (непасрэдная, унутраная пэўнасць рэчы) адмаўляецца колькасцю (апасродкаваная, знешняя пэўнасць), а колькасць «здымаецца» ў катэгорыі меры (якаснай колькасці, ці колькаснай якасці). Гегель надаваў трыядзе (зыходны момант — адмаўленне — адмаўленне адмаўлення) асаблівае значэнне як спосабу руху лагічных паняццяў. Разам з тым ён трактаваў яе толькі як знешні бок пазнання. Таму няма ніякіх падстаў атаясамліваць дыялектычнае паняцце развіцця ўвогуле з трыядамі. Пошукі трыяды як існуючых асобных ступеняў адзінага працэсу ў многіх выпадках вядуць да грубай схематызацыі рэальнай рэчаіснасці. У тым ці іншым сваім выглядзе адмаўленне ранейшых формаў існавання — неабходная ўмова развіцця ў любой сферы рэчаіснасці. Разам з тым у самім характары адмаўлення ёсць аб’ектыўная магчымасць момантаў паўторнасці і вяртання да нібыта старога, нелінейнасці працэсу развіцця. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам процілегласцяў адна ў адну, зніжэннем узроўню арганізацыі сістэмы пры яе дэструкцыі, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Адмаўленне адмаўлення закон у інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца ў спецыфічных працэсах прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю — у сучасных сац. падзеях.