ФА́ЎЛЕР (Fowler) Уільям Алфрэд (9.8.1911, г. Пітсбург, ЗША — 14.3.1995),

амерыканскі фізік і астрафізік, адзін з заснавальнікаў ядз. астрафізікі. Чл. Нац. АН ЗША (1956). Скончыў ун-т Агайо (1933). З 1936 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1946 праф., у 1963—67 прэзідэнт). Навук. працы ў галіне ядз. фізікі, ядз. і рэлятывісцкай астрафізікі, касмалогіі. Распрацаваў тэорыю тэрмаядз. ўтварэння хім. элементаў у нетрах зорак (1955). Пастуліраваў асн. працэсы нуклеасінтэзу ў зорках (1957; з Ф.Хойлам, М. і Дж. Бэрбіджамі). Прапанаваў механізм выбуху звышновых зорак (1960, з Хойлам), разлічыў пашыранасць лёгкіх хім. элементаў на ранніх стадыях расшырэння аднароднага і ізатропнага Сусвету (1967). Нобелеўская прэмія 1983 (з С.Чандрасекарам). Нац. навук. медаль ЗША (1974).

Тв.:

Рус. пер. — Нейтринные процессы и образование пар в массивных звездах и Сверхновых М., 1967 (разам з Ф.​Хойлам);

Экспериментальная и теоретическая ядерная астрофизика: пробл. происхождения элементов. М., 1985.

Літ.:

Ядерная астрофизика. М., 1986.

М.​М.​Касцюковіч.

У.А.Фаўлер.

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)