ЦЫЯНКАБАЛАМІ́Н,

вітамін B12, кабаламін, адзін з вітамінаў групы B, C63H88CoN14O14P. Сінтэзуецца толькі мікраарганізмамі (бактэрыямі, актынаміцэтамі, сіне-зялёнымі водарасцямі). Чалавек атрымлівае Ц. з ежай (усмоктваецца ў комплексе з гастрамукапратэінам, утвораным слізістай абалонкай страўніка). Асн. крыніца Ц. — печань буйн. раг. жывёлы і марскіх рыб, ныркі, мяса, малако, яйкі. Мае ў саставе кобальт і амідны азот (адсюль назва «кабаламін»).

Крышт. рэчыва цёмна-чырв. колеру, без паху, мал. м. 1355,4, раствараецца ў вадзе, у 95%-ным этаноле, не раствараецца ў ацэтоне, эфіры. У крышт. стане атрыманы ў 1948. Неабходны для абмену фоліевай кіслаты, сінтэзу нуклеінавых кіслот, удзельнічае ў біясінтэзе метыяніну, уплывае на вугляводны і тлушчавы абмен, удзельнічае ў кроваўтварэнні. Ад нястачы Ц. развіваецца малакроўе (злаякасная анемія Адысона—Бірмера), зніжэнне ў крыві колькасці лейкацытаў, трамбацытаў, пашкоджанне спіннога, галаўнога мозга і перыферычнай нерв. сістэмы. Сутачная патрэбнасць чалавека ў Ц. — 3 мкг. У прам-сці атрымліваюць мікрабіял. сінтэзам Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)