ТРУ́САЎ Алег Анатолевіч (7.8.1954, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.),

бел. археолаг і гісторык архітэктуры, грамадска-паліт. дзеяч. Канд. гіст. н. (1981), дацэнт (2001). Скончыў БДУ (1976). З 1976 супрацоўнік, з 1980 начальнік археал. аддзела Бел. рэстаўрацыйнага праектнага ін-та. З 1995 у Бел. ун-це культуры (у 1996—98 дэкан ф-та бібліятэчна-інфармацыйных сістэм). Вывучае помнікі манум. дойлідства, матэрыяльную культуру Беларусі 11—18 ст. Распрацаваў методыку арх.-археал. вывучэння манум. помнікаў Беларусі. Праводзіў раскопкі помнікаў археалогіі і архітэктуры ў шэрагу бел. гарадоў. У 1990—96 дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. У 1991—96 нам. старшыні Камісіі Вярх. Савета па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны. У 1992—95 старшыня, 1998—99 нам. старшыні Цэнтр. рады Бел. с.-д. грамады. З 1999 старшыня Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны.

Тв.:

Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв.: Архитектурно-археол. анализ. Мд., 1988;

Старажытны Мсціслаў. Мн., 1992 (разам з М.​А.​Ткачовым);

Беларускае кафлярства. Мд., 1993;

Стары замак у Гродне XI — XVIII стст. Мн., 1993 (разам з В.​Е.​Собалем, Н.​І.​Здановіч);

Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка. Мн., 1994 (разам з Н.​І.​Здановіч, А.​К.​Краўцэвічам);

Манументальнае дойлідства Беларусі XI — XVIII стст.;

Гісторыя будаўнічай тэхнікі. Мн., 2001.

т. 15, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫНФ (польск. tymf, ням. timpf, рус. тинф, ад імя ням. арандатара манетных двароў у Каралеўстве Польскім А.​Тынфа, ініцыялы якога стаялі на рэверсе манеты),

1) назва (спачатку народная, у 18 ст. афіцыйная) сярэбранай манеты Рэчы Паспалітай 1663—66. Тыпалагічна Т. наследаваў рэверс орта і меў яго рыначны курс.

2) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты Прусіі 1679—1750.

3) Сярэбраная манета Рас. імперыі 1707—09 для замежных плацяжоў у час Паўн. вайны 1700—21. Пастанова Брэсцкага сейміка 1714 называла яе «Т. маскоўскі».

4) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай 1752—56; у 1752—53, 1755 меў пазначэнне наміналу «Т.».

5) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбраных прускіх перайманняў Т. Рэчы Паспалітай у 1751—58 са зніжанай на ​1/3 колькасцю серабра.

6) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты 1759—61 Рас. імперыі для замежных плацяжоў у час Сямігадовай вайны 1759—63.

7) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай манетных двароў Гданьска 1758—63 і Эльбланга 1763. Назва Т. ў канцы 17—18 ст. сінанімічна орту надавалася манетам, большым за 6-грашовік і меншым за чвэрцьталяровік, незалежна ад тыпу выявы. Усе Т. зняты з абарачэння ў Рэчы Паспалітай універсалам 1766.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

І.​І.​Сінчук.

Тынф літоўскі (Ян II Казімір Ваза, 1666).

т. 16, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЧЫ́НА Міхась (Міхаіл Аляксандравіч; н. 10.2.1943, пас. Ленінскі Алданскага р-на, Якуція),

бел. літаратуразнавец, крытык, пісьменнік. Д-р філал. н. (2001). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1964). Настаўнічаў. З 1970 у Ін-це л-ры імя Я.​Купалы Нац. АН Беларусі (з 1995 заг. аддзела). Друкуецца з 1963 (вершы), як крытык і літ.-знавец з 1970. Даследуе праблемы маст. мыслення, творчай індывідуальнасці, нац. характару, традыцый і наватарства, ролю фальклору ў абнаўленні сучаснай бел. л-ры: кн. «Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення» (1973), «Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм» (з В.​Жураўлёвым, 1982), «Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры» (1991), зб-кі крытычных артыкулаў «Змена квадры» (1983), «Час прозы» (1988) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), «Гісторыі беларускай літаратуры. XX ст.» т. 1—4, 1999—2002) і інш. Прозе Т. (кн. «Дажынкі», 1979) уласцівы аўтабіяграфічнасць, тонкі псіхалагізм, глыбокі лірызм, гумар. Аўтар аповесці пра К.​Чорнага «Вяртанне» (1984). Перакладае з рус. і бел. моў.

Тв.:

Народ и война: Нац. характер как объект изображения: Опыт ист.-типол. анализа бел. воен. прозы. Мн., 1985;

Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999;

Карані і крона: Фальклор і літаратура. 2 выд. Мн.,2002.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШАКО́Ў Іван Міхайлавіч (19.1.1910, г. Барысаў Мінскай вобл. — 26.8.1966),

бел. тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). У 1933—54 працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1939—52 гал. мастак). У афармленні спектакляў шырока выкарыстоўваў выразныя сродкі жывапісу, сэнсавы і эмац. акцэнт рабіў на пейзажы. Стварыў дэкарацыі да спектакляў «Далёкае» А.​Афінагенава (1936), «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (1939), «Фландрыя» В.​Сарду, «Ірынка» К.​Чорнага і «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава (усе 1941), «Фронт» (1942) і «Макар Дубрава» (1952) А.​Карнейчука, «Палешукі» і «Таварыш Андрэй» Я.​Рамановіча (1944), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1950), «Пяюць жаваранкі» (1950) і «Людзі і д’яблы» (1958) К.​Крапівы, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава і «Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога (1951), «На досвітку» (1952) і «Выбачайце, калі ласка!» (1954) А.​Макаёнка і інш. Глыбокае веданне нац. бел. культуры яскрава выявілася ў афармленні спектакля «Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча (1938); напружаную атмасферу ваен. гадоў, драматызм падзей перадавалі дэкарацыі да спектакляў «Заложнікі» (1945) і «Гэта было ў Мінску» (1949) А.​Кучара, «Цытадэль славы» К.​Губарэвіча (1950) і асабліва «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона (1947).

Літ.:

І.​М.​Ушакоў. Мн., 1959.

Г.​М.​Ярмоленка.

І.​Ушакоў. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча. 1938.

т. 16, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛА́ТАЎ Леанід Аляксеевіч (н. 24.12.1946, Ашгабат),

расійскі акцёр, паэт, драматург. Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1969). З 1969 у Т-ры на Таганцы, у 1985—87 у т-ры «Сучаснік» у Маскве. Акцёр моцнага тэмпераменту пры жорсткім сцэн. малюнку; творчая манера вызначаецца спалучэннем лірыкі і іроніі. Сярод роляў: Ягор Іванавіч («Маці» М.​Горкага), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Барон і Дон Карлас, Сальеры, Скупы («Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна), Дзмітрыеў («Абмен» паводле Ю.​Трыфанава), Зарубін («Пугачоў» С.​Ясеніна), Майстар («Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава), Гарацыо («Гамлет» У.​Шэкспіра) і інш. Зняўся ў фільмах «Экіпаж», «Голас», «Поспех», «Забытая мелодыя для флейты», «Горад Зеро» і інш. Паставіў фільм «Сукіны дзеці» (1991). Яго байку «Пра Фядота-стральца, удалога малайца» паст. Дзярж. т-р лялек Беларусі (1988) і інш. т-ры. Паводле яе зняты фільм «Сказ пра Фядота-стральца» (2002). Аўтар кніг «Вандроўны тэатр» (1990), «Тэатр Леаніда Філатава» (1996), «І год як дзень» (2000) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1995.

Тв.:

Сукины дети: Стихи, переводы, пародии, пьесы, киносценарии. М., 1992;

Оранжевый кот: Стихи, песни, переводы, пародии, п’еса, сказка. М., 1997;

Любовь к трем апельсинам: Сказки, повести, пародии. М., 1997;

Нет худа без добра. М., 1999.

Літ.:

Воронецкая Т. Л.​Филатов. М., 2002.

т. 16, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНК Ілья Міхайлавіч (23.10.1908, С.-Пецярбург — 22.6.1990),

расійскі фізік, стваральнік навук. школы па фізіцы. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1946). Брат Г.М.Франка. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1930 у Дзярж. аптычным ін-це, у 1934—70 у Фіз. ін-це АН СССР (з 1947 заг. лабараторыі). З 1957 дырэктар Лабараторыі нейтроннай фізікі Аб’яднанага ін-та ядз. даследаванняў у г. Дубна. Адначасова з 1940 праф. Маскоўскага ун-та, з 1971 заг. лабараторыі Ін-та ядз. даследаванняў АН СССР. Навук. працы па фіз. оптыцы, ядз. і нейтроннай фізіцы. Разам з І.Я.Тамам распрацаваў тэорыю Чаранкова—Вавілава выпрамянення (1937). Стварыў тэорыю складанага і анамальнага эфекту Доплера ў пераламляльным асяроддзі (1942—47). Даследаваў перанос і размнажэнне нейтронаў у гетэрагенных уран-графітавых сістэмах, прапанаваў імпульсны метад даследавання ўласцівасцей цеплавых нейтронаў, адкрыў эфект іх дыфузійнага ахаладжэння (1955). Залаты медаль імя Вавілава АН СССР (1979). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1954, 1971. Нобелеўская прэмія 1958 (з П.А.Чаранковым і Тамам).

Тв.:

Нобелевские лекции. М., 1960 (разам з П.​А.​Чаранковым, І.​Я.​Тамам);

Физика ядра и атомная энергия. М., 1968;

Излучение Вавилова—Черенкова: Вопр. теории. М., 1988.

Літ.:

И.​М.​Франк. М., 1979;

И.​М.​Франк: К 90-летию со дня рождения. Дубна, 1998.

М.​М.​Касцюковіч.

І.М.Франк.

т. 16, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧКА́ЛАЎ Валерый Паўлавіч (2.2.1904, с. Васілёва, цяпер г. Чкалаўск Ніжагародскай вобл., Расія — 15.12.1938),

лётчык-выпрабавальнік, камбрыг (1938). Герой Сав. Саюза (1936). Вучыўся ў тэхн. вучылішчы ў г. Чарапавец (1915—18). Скончыў ваен.-авіяц. школы ў Барысаглебску (1923), Маскве і Серпухаве (абедзве ў 1924). З 1924 ваен. лётчык-знішчальнік, з 1928 лётчык-інструктар Ленінградскага авіяклуба, у 1930—38 (з перапынкамі) лётчык-выпрабавальнік Навук.-выпрабавальнага ін-та ВПС і шэрагу авіязаводаў. Майстар вышэйшага пілатажу, у якім распрацаваў і ўкараніў новыя фігуры — узыходзячы штопар і запаволеная «бочка». На самалёце АНТ-25 экіпаж у складзе Ч. (камандзір), Г.​П.​Байдукова (2-і пілот) і А.​В.​Белякова (штурман) упершыню ў свеце здзейсніў звышдалёкія беспасадачныя пералёты Масква—Петрапаўлаўск-Камчацкі—в-аў Уд (цяпер в-аў Чкалаў) у Ахоцкім м. (22—23.7.1936, 9374 км за 56 гадз 20 мін) і Масква—Паўн. Полюс—Ванкувер у ЗША (18—20.6.1937, 8504 км за 63 гадз 16 мін). Карыстаўся папулярнасцю ў СССР і свеце. Загінуў пры выпрабаванні новага самалёта-знішчальніка. Яго імем названы населеныя пункты, вуліцы, школы, у т. л. на Беларусі; у гады Вял. Айч. вайны імя Ч. насілі 2 брыгады і больш за 20 атрадаў бел. партызан.

Літ.:

Беляков А.В. Валерий Чкалов. М., 1987;

Байдуков Г.Ф. Чкалов. 5 изд. М., 1991.

М.​Г.​Нікіцін.

В.П.Чкалаў.

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫНГІСХА́Н (уласнае імя Тэмуджын, Тэмучын; каля 1155, урочышча Дэлпун-Болдан на р. Анон, Манголія — каля 25.8.1227),

стваральнік першай агульнамангольскай дзяржавы. У 1184—1205 разграміў большасць інш. манг. князёў, падпарадкаваўшы сабе асн. плямёны. У 1206 на курултаі (з’ездзе) манг. знаці абвешчаны вял. ханам над усімі плямёнамі з тытулам «Ч.» (ад цюрк. ценгіз — акіян, мора). Выдаў збор манг. законаў (яса), якія рэгулявалі жыццё плямёнаў, стварыў цэнтралізаваную сістэму дзярж. улады, падзяліўшы плямёны на ваен.-адм. адзінкі («тысячы»), кожная з якіх павінна была выстаўляць тысячу конных воінаў. Ім было створана самае масавае і баяздольнае па тым часе войска. У знешняй палітыцы імкнуўся да пашырэння тэр. дзяржавы. У 1207 нападам на дзяржаву Сі-Ся паклаў пачатак мангольскім заваяванням у 13 ст. У 1207—11 падпарадкаваў Усх. Туркестан, у 1211—15 вёў вайну з чжурчжэнямі за валоданне Паўн. Кітаем, захапіў Пекін і інш. буйныя гарады. У 1219 пачаў вайну з Харэзмшахаў дзяржавай, нанёс ёй шэраг цяжкіх паражэнняў, захапіў Сярэднюю Азію. Памёр у час паходу супраць тангуцкай дзяржавы Сі-Ся. Незадоўга да смерці падзяліў заваяваныя землі паміж сваімі нашчадкамі (гл. Чынгісіды).

Літ.:

Кычанов Е.И. Жизнь Темучжина, думавшего покорить мир. М., 1973;

Чингис-хан. СПб., 1998;

Уолкер С.С. Чингизхан: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАШКО́Ў Анатоль Герасімавіч (н. 28.2.1927, г. Гомель),

бел. цеплафізік. Акад. Нац. АН (1980; чл.-кар. 1970). Д-р тэхн. н. (1967), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Сярэднеазіяцкі політэхн. ін-т (1949; Ташкент). З 1955 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» (у 1959—91 заг. лабараторыі, у 1971—74 і 1976—80 нам. дырэктара, 1974—76 в.а. дырэктара). У 1980—93 нам. дырэктара Ін-та прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі. У 1976—88 гал. рэдактар «Инженерно-физического журнала». Навук. працы па цячэнні вязкіх вадкасцей, тэрмаанемаметрыі, працэсах цеплапераносу ў газах і цвёрдых целах, разліку эл. ланцугоў з цеплазалежнымі рэзістарамі, праектаванні складаных тэрмаанемаметрычных сістэм. Распрацаваў шэраг метадаў вызначэння цеплафіз. уласцівасцей вадкіх, газападобных і цвёрдых цел у шырокім дыяпазоне т-р, развіў тэорыю разліку пераносных уласцівасцей газаў.

Тв.:

Терморезисторы и их применение. М., 1967;

Теплопроводность газовых смесей. М., 1970 (разам з Т.​М.​Абраменка);

Перекрестные эффекты в газовых смесях. Мн., 1976 (з ёй жа);

Системно-структурный анализ процесса теплообмена и его применение. М., 1983;

Теплофизика разлагающихся материалов. М., 1985 (разам з А.​Ф.​Шленскім, Л.​М.​Аксёнавым);

Волновые явления теплопроводности. Мн., 1993 (разам з У.​А.​Бубновым, С.​Ю.​Яноўскім).

А.Г.Шашкоў.

т. 17, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУТО́ВІЧ Янка (Іван Іосіфавіч; 24.1.1904, в. Шутавічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 9.12.1973),

бел. грамадскі і культурны дзеяч, літаратуразнавец. Скончыў віленскія бел. гімназію (1924), ун-т (1934). У час вучобы ва ун-це прымаў удзел у працы Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. т-ва, Т-ва прыяцеляў беларусаведы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, рэдагаваў час. «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Адзін з кіраўнікоў Бел. нац. аб’яднання (гл. Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Працаваў у Бел. друкарні імя Ф.​Скарыны. У 1935—39 адказны рэдактар і выдавец час. «Калоссе». У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. Быў зняволены польскімі ўладамі, вызвалены сав. войскамі ў 1939. З восені 1939 займаўся асв. і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 працаваў у Бел. музеі ў Вільні (з 1941 дырэктар). У 1944 рэпрэсіраваны, вызвалены ў 1956, рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1927. Выступаў з артыкуламі пра Я.​Драздовіча, Ш.​Руставелі, Т.​Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М.​Гарэцкага, А.​Гурыновіча, М.​Забэйду-Суміцкага, Я.​Карскага, А.​Уласава, Бел. музей у Вільні. У 1940 пад яго рэд. у Вільні выдадзена кн. «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915—10.1.1940)». Выявіў у архіве рукапіс рамана Гарэцкага «Віленскія камунары». Рукапісны і ўласны архіў Ш. захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)