УШАКО́Ў Іван Міхайлавіч (19.1.1910, г. Барысаў Мінскай вобл. — 26.8.1966),
бел.тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). У 1933—54 працаваў у Бел. т-ры імя Я.Купалы (у 1939—52 гал. мастак). У афармленні спектакляў шырока выкарыстоўваў выразныя сродкі жывапісу, сэнсавы і эмац. акцэнт рабіў на пейзажы. Стварыў дэкарацыі да спектакляў «Далёкае» А.Афінагенава (1936), «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка (1939), «Фландрыя» В.Сарду, «Ірынка» К.Чорнага і «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава (усе 1941), «Фронт» (1942) і «Макар Дубрава» (1952) А.Карнейчука, «Палешукі» і «Таварыш Андрэй» Я.Рамановіча (1944), «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага (1950), «Пяюць жаваранкі» (1950) і «Людзі і д’яблы» (1958) К.Крапівы, «Вішнёвы сад» А.Чэхава і «Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога (1951), «На досвітку» (1952) і «Выбачайце, калі ласка!» (1954) А.Макаёнка і інш. Глыбокае веданне нац.бел. культуры яскрава выявілася ў афармленні спектакля «Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча (1938); напружаную атмасферу ваен. гадоў, драматызм падзей перадавалі дэкарацыі да спектакляў «Заложнікі» (1945) і «Гэта было ў Мінску» (1949) А.Кучара, «Цытадэль славы» К.Губарэвіча (1950) і асабліва «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (1947).
Літ.:
І.М.Ушакоў. Мн., 1959.
Г.М.Ярмоленка.
І.Ушакоў. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча. 1938.