МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, мікробы,
найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам. Адкрыты ў 17 ст. А.Левенгукам. Да М. належаць пракарыёты (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці, архебактэрыі) і эўкарыёты (мікраскапічныя грыбы, водарасці, прасцейшыя). Большасць М. — аднаклетачныя арганізмы. Характарызуюцца высокай скорасцю росту і размнажэння, якое адбываецца часта шляхам простага дзялення клеткі. Здольныя існаваць пры т-ры 7—105 °C, павышаным узроўні радыяцыі, у моцнакіслым (pH менш за 1) або шчолачным (pH 9 і болей) асяроддзі, пры адсутнасці кіслароду, пераносіць вельмі нізкую т-ру, высушванне і інш. экстрэмальныя ўмовы. Пашыраны ўсюды ў прыродзе і адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у біясферы: забяспечваюць мінералізацыю арган. злучэнняў, фіксуюць малекулярны азот, удзельнічаюць у разбурэнні горных парод, глебаўтварэнні, фарміраванні некат. карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, вытв-сці кармавога бялку, вінаробстве, хлебапячэнні, атрыманні малочнакіслых прадуктаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, амінакіслот і інш. Некат. М. патагенныя для чалавека, жывёл і раслін. Развіццё шэрагу М. прыводзіць да збяднення глебы на азот, псавання с.-г. прадукцыі, карозіі метал. абсталявання, разбурэння прамысл. вырабаў, будынкаў, выклікае цвіценне і забалочванне вадаёмаў і назапашванне ў іх атрутных рэчываў (серавадароду, нітрытаў і інш.). Вывучэнне М. прывяло да адкрыцця фундаментальных біял. заканамернасцей і стала асновай біятэхналогіі. Вывучае М. мікрабіялогія.
Літ.:
Стейниер Р., Эдельберг Э., Ингрэм Дж. Мир микробов: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1979;
Нейман Б.Я. Индустрия микробов. М., 1983.
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.—сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.
т. 11, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн. т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн. т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн. т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, ўкрапанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.
т. 12, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭ́НТ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
найвышэйшая службовая асоба ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік бел. дзяржавы. Пасада ўведзена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994. Статус Прэзідэнта ўстаноўлены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Прэзідэнт з’яўляецца гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, увасабляе адзінства народа, ажыццяўляе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе дзяржаву ў зносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узбр. Сіламі дзяржавы. Асобе Прэзідэнта нададзена прававая недатыкальнасць, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прэзідэнт выбіраецца на 5 гадоў на аснове ўсеаг. выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа займаць гэту пасаду не больш як 2 тэрміны. Парадак вылучэння кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта і яго выбараў рэгламентуецца Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам. Кампетэнцыя Прэзідэнта, яго паўнамоцтвы і абавязкі замацаваны ў арт. 84—86 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.
Г.А.Маслыка.
т. 13, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЕ НАГО́Р’Е,
у Турцыі (пераважна), Іране, Арменіі, займае паўд. частку Грузіі і зах. частку Азербайджана. Пл. 400 тыс. км². Сярэдняя выш. 1700 м, найб. 5165 м (г. Вял. Арарат). Паверхня — спалучэнне лававатуфавых пласкагор’яў і плато выш. 1500—3000 м з міжгорнымі ўпадзінамі і далінамі. Шэраг хрыбтоў (Арсіянскі, Агрыдаг, Джавахецкі, Вардэнінскі) утвораны ланцугамі вулканаў. Найб. ўпадзіны: Арарацкая, Эрзурумская, Мушская і інш.; дно некаторых упадзін занята азёрамі Ван, Севан, Урмія (Рэзайе). Вулканічныя конусы (Сюпхан — 4434 м, Арагац — 4090 м і інш.) і лававае покрыва ўтварыліся ў неагене і антрапагене. Невулканічныя хрыбты: Зангезурскі, Паландзёкен, Бінгёль, Аладаг, Карадаг, Машудаг, Карабахскі і інш. Карысныя выкапні: нафта, мыш’як, медзь, храміты, жал. руда, поліметалічныя руды, каменны вугаль, каменная соль; мінеральныя і тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -3 да -15 °C, ліп. ад 15 да 20 °C (у катлавінах 25 °C). Гадавая колькасць ападкаў на зах. схілах 1000 мм і больш, у катлавінах 500—700 мм, на У 300—500 мм. З Армянскага нагор’я пачынаюцца рэкі Еўфрат, Тыгр, Кура, Аракс. Расліннасць стэпавая і паўпустынная на шэразёмах, светла-каштанавых, бурых і шэра-карычневых глебах. Па схілах гор — хмызнякі з маквісу, лясы з хвоі і дубу, фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі. На менш увільготненых схілах зараснікі калючых падушкападобных хмызнякоў. На выш. 4000 м горны стэп, вышэй — альпійскія лугі, на вяршынях вечныя снягі і ледавікі. Жывёльны свет: шмат грызуноў, паўзуны, трапляюцца казуля, безааравы казёл, муфлон, мядзведзь, барс, паласатая гіена. Аазіснае земляробства.
т. 1, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НТРАПЫ (ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),
адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб. стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл. Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш. Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр. Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).
Л.І.Цягака.
т. 1, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ АДНО́СІНЫ,
сістэма рэальных узаемадзеянняў паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных даброт; сац.-эканам. форма развіцця прадукц. сіл; неад’емны бок любога спосабу вытв-сці. Асновай вытворчых адносін з’яўляюцца формы ўласнасці на сродкі вытв-сці, якія характарызуюць адпаведны гіст. спосаб прысваення людзьмі ствараемых даброт, злучэння вытворцаў са сродкамі вытв-сці. Вядучай і вызначальнай ступенню з’яўляецца ўласна вытв-сць. Вытворчыя адносіны праяўляюцца як эканам. інтарэсы ўсіх удзельнікаў, суб’ектаў грамадскай вытв-сці, як галоўны стымул развіцця вытв-сці, прадукц. сіл і прадукцыйнасці працы. У працэсе грамадскай вытворчасці вытворчыя адносіны відазмяняюцца, удасканальваюцца. Кожная сістэма вытворчых адносін мае гіст. характар. На змену аджылай сістэме прыходзіць новая, якая параджаецца папярэдняй. Кожны цыкл вытворчых адносін абумоўлены развіццём прадукц. сіл і абвастрэннем супярэчнасцей паміж імі і вытворчымі адносінамі, у сістэме якіх узнікаюць пераходныя формы, спалучаюцца папярэднія, аджываючыя і новыя, што нараджаюцца (напр., у прыгонных адносінах спалучаюцца паншчына і аброк, адработачная рэнта і рэнта прадуктамі і нават грашовая рэнта; акцыянерны капітал і манапалістычны капітал ва ўмовах капіталізму ўтвараюць пераходныя да сацыялізму эканам. формы). Новыя вытворчыя адносіны, як правіла, адпавядаюць прыродзе больш развітых прадукцыйных сіл. Сукупнасць вытворчых адносін складае эканам. базіс грамадства, які спараджае адпаведную надбудову — маральныя, навук., прававыя, маст. погляды і адпаведныя ім установы, што садзейнічаюць развіццю і ўмацаванню эканам. базісу. Вытворчыя адносіны — аб’ект эканам. палітыкі грамадства, якое праз дзярж. ўладу ўздзейнічае на вытв-сць, больш-менш адэкватна выкарыстоўвае тэарэт. палажэнні паліт. эканоміі, пераводзячы іх на мову сац.-паліт. дзеяння мас, народа.
С.Я.Янчанка.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,
інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.
Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.
Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
В.У.Баранаў, А.П.Дастанка.
т. 4, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭКАФО́НІЯ (ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),
адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл. Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т. л. бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.
Літ.:
Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;
Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;
Яго ж. Гармония. М., 1988.
Т.Г.Мдывані.
т. 6, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)