БА́ЕР ((Bajer) Фрэдрык) (21.4.1837, Вестэр-Эгед, Данія — 22.1.1922),

дацкі паліт. дзеяч, публіцыст. У 1870 заснаваў Асацыяцыю скандынаўскіх свабодных дзяржаў, якая ставіла за мэту аб’яднанне паўн. народаў у федэрацыю. У 1872—95 член дацкага парламента. У 1882 заснаваў Асацыяцыю нейтралітэту Даніі. У 1893 выбраны ў Савет Міжпарламенцкага саюза, дзе прадстаўляў Нарвегію, Данію і Швецыю. У 1891—1907 старшыня праўлення Міжнар. бюро міру. Нобелеўская прэмія міру (1908, разам з К.Арнальдсанам).

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЕ́Н ((Bazaine) Ашыль Франсуа) (13.2.1811, Версаль — 23.9.1888),

ваенны дзеяч Францыі, маршал (1864). Удзельнік войнаў у Алжыры (1835), Іспаніі (1837), Крымскай вайны (1853—56), аўстра-італа-франц. вайны 1859 і Мексіканскай экспедыцыі 1862—67. У час франц.-прускай вайны 1870—71 камандаваў корпусам, Рэйнскай арміяй; у 1870 здаў крэпасць Мец, за што ў 1873 прыгавораны ваен. судом да 20 гадоў зняволення. У 1874 уцёк з турмы і астатнія гады пражыў у Іспаніі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАБЛЕ́МА (ад астра... + грэч. blēma рана),

замкнёнае кольцападобнае ўтварэнне на паверхні Зямлі або інш. нябеснага цела, што ўзнікла ў выніку падзення вял. метэарыта ці астэроіда. На Зямлі вядома каля 100 астраблемаў, у Еўропе больш за 30. Найб. даступныя для назірання астраблемы — Арызонскі кратэр (ЗША) дыяметрам 1200 м, глыб. 175 м і выш. 40 м (адносна гарызантальнай паверхні). На тэр. Беларусі знаходзіцца Лагойская астраблема.

Астраблема ў штаце Арызона ЗША. Здымак з самалёта.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІЯ ГАРБА́РНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў 1835—1914 у г. Ашмяны. Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрын (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленая адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2—7 тыс. пудоў скур (1885).

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка, за 17 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,5 км², даўж. 21 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 8,5 м, даўж. берагавой лініі 6,4 км. Пл. вадазбору 5,6 км².

Схілы катлавіны выш. 3—8 м, разараныя, часткова пад хмызняком. Берагі нізкія. Дно пясчанае і глеістае. Злучана ручаямі з воз. Чорнае і р. Свяча.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛПРАМПРАЕ́КТ»,

праектны інстытут. Засн. ў 1949 у Мінску як Бел. дзярж. ін-т прамысл. праектавання «Белпрампраект» Дзяржбуда БССР. З 1994 акц. т-ва. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне прамысл. прадпрыемстваў на Беларусі і за мяжой, грамадскіх і жылых комплексаў і збудаванняў (аб’екты гандлю, бізнес-цэнтры, мікрараёны, жылыя пасёлкі, банкі, офісы і г.д.), цэнтраў аўтасэрвіснага абслугоўвання, зваротных сістэм водазабеспячэння; распрацоўка аўтаматызаваных праграм для праектавання, праектна-каштарыснай дакументацыі; інжынерна-тэхнічныя разлікі.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁНКА, бронзаўка касматая (Epicometis hirta),

жук сям. пласцініставусых. Пашыраны ў Еўропе ад лясной зоны да гор Крыма і Каўказа.

Даўж. да 13 мм, цела матава-чорнае. Надкрылы з жаўтаватымі плямамі. Зверху густыя жоўта-шэрыя валаскі (адсюль другая назва). Лятае вясной і напачатку лета, жывіцца кветкамі і пупышкамі пераважна пладовых дрэў, а таксама злакамі. Зімуе ў глебе, вясной адкладвае 15—20 яец. Поўнасцю развіваецца за год. Шкодзіць дэкар. і пладовым раслінам.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадам імя Шчорса (камандзір П.​В.​Пранягін і ням.-фаш. захопнікамі 13.9.1942 у раёне Агінскага канала. Атрад з баямі выйшаў 10—13.9.1942 да 10-га шлюза, захопленага карнікамі (каля 100 гітлераўцаў), частка атрада перайшла ўброд р. Шчара і ўдарыла ў фланг праціўніка, асн. сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку 5-гадзіннага бою знішчылі больш за 60 гітлераўцаў, захапілі зброю, боепрыпасы.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЗВЯ́ЗНАЯ ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы,

адкрытая ці замкнутая вобласць, у якой любы замкнуты контур можна неперарыўна сцягнуць у пункт, не выходзячы за мяжу вобласці. Для любой замкнутай неперарыўнай крывой, якая належыць адназвязнай вобласці, частка плоскасці, якая абмежавана гэтай крывой, належыць вобласці. Адназвязнай вобласцю з’яўляецца, напр., інтэрвал, сегмент, круг, шар (адкрытыя ці замкнутыя). Мяжа адназвязнай вобласці складаецца з аднаго кавалка. Напр., мяжа круга (адназвязная вобласць) — акружнасць. Гл. таксама Мнагазвязная вобласць.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́МАЯ СО́ЎКА (Agrotis segetum),

насякомае атрада матылёў. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі.

Размах крылаў 4—5 см. Пярэднія крылы шэрыя або амаль чорныя з плямамі, заднія — белыя. Актыўныя ўначы. Самка вельмі пладавітая, адкладвае больш за 2 тыс. яец. Матылькі жывяцца нектарам кветак, сокам раслін, вусені — травяністымі раслінамі. Шкоднікі с.-г. культур: псуе высеянае зерне азімых злакаў, шкодзіць руні, кукурузе, сланечніку, бавоўніку і інш. раслінам.

Азімая соўка і яе вусень.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)