інструмент для апрацоўкі метал. загатовак рэзаннем з мэтай надання ім патрэбных форм, памераў і якасці. Мае рэжучую частку, калібравальную (пры неабходнасці надання апрацаванай паверхні высокай дакладнасці) і далучальную частку (у выглядзе стрыжня, хваставіка і інш.). Бывае лязовы і абразіўны, станочны і ручны.
Лязовы М.і. павінен мець характэрную геаметрыю рэжучага кліна і дастатковую трываласць. Рэзальнымі элементамі абразіўнага інструменту з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Станочны М.і.: разцы такарныя, стругальныя і даўбёжныя; свердлы, зенкеры, разгорткі, фрэзы агульнага прызначэння і фасонныя; працяжкі і прашыўкі; разьбанаразны інструмент, зубарэзны інструмент, абразіўны. Ручны М.і.: нажоўкі, напільнікі, шаберы, зубілы і інш. Канструкцыйна М.і. бывае хваставы (свердлы, працяжкі) і насадны, суцэльны (зроблены цалкам з рэжучага матэрыялу), састаўны (рэжучыя элементы злучаны з корпусам зваркай, паяннем, склейваннем) і зборны (рэжучыя элементы мацуюцца да корпуса механічна; найб. эканамічны ў серыйнай і масавай вытв-сці), з нерухомым рэжучым кантам і вярчальныя (ратацыйныя). Паводле матэрыялу рэжучай часткі М.і. бывае стальны (з інстр. вугляродзістай, нізкалегіраванай і хуткарэзальнай сталей), цвердасплаўны, металакерамічны, аснашчаны дысперсійна-цвярдзеючымі сплавамі і звышцвёрдымі матэрыяламі (прыроднымі і штучнымі алмазамі, кампазітамі на аснове кубічнага нітрыду бору і інш.).
На Беларусі М.і. вырабляюць Мінскі, Барысаўскі, Аршанскі інструментальныя, Гомельскі і Мінскі з-ды спец. інструменту і тэхнал. аснасткі і інш.Спец. рэжучы інструмент для ўласных патрэб робяць буйныя маш.-буд. з-ды ва ўласных інстр. цэхах.
Літ.:
Металлорежущие инструменты. М., 1989;
Родин П.Р. Металлорежущие инструменты. 3 изд. Киев, 1986;
Шагун В.И. Режущий инструмент: Основы теории проектирования. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ АБ’ЯДНА́НАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ПАРП; Polska Zjednoczona Partia Robotnicza),
створана 15.12.1948 у выніку аб’яднання Польскай рабочай партыі і Польскай сацыялістычнай партыі. 1-ы з’езд ПАРП (снеж. 1948) ухваліў курс на паскораную пабудову ў Польшчы сацыялізму, хуткае развіццё цяжкай прам-сці, каапераванне сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтага ў краіне быў усталяваны рэжым на ўзор тагачаснай сав. мадэлі на чале з 1-м сакратаром ЦК ПАРП Б.Берутам. Пасля выступлення рабочых у Познані (чэрв. 1956) пленум ЦК ПАРП у кастр. 1956 абраў кіраўніком ПАРП У.Гамулку. Была скарэкціравана эканам. лінія (адмова ад прымусовага кааперавання), прыняты меры па дэмакратызацыі паліт. і грамадскага жыцця, што спрыяла стабілізацыі эканомікі і грамадства. Пагаршэнне эканам. становішча ў канцы 1960-х г., забастоўкі на Балт. узбярэжжы ў снеж. 1970 прывялі да адстаўкі Гамулкі і прызначэнняген. сакратаром ЦК ПАРП Э.Герака. Новае кіраўніцтва ПАРП праводзіла палітыку пашырэння знешнеэканам. сувязей Польшчы, што спрыяла эканам. ўздыму краіны ў 1970-я г. Але з пачаткам у 1980 эканам. заняпаду ў грамадстве павялічылася незадаволенасць уладай ПАРП, што выявілася ў масавых забастоўках у жн. 1980 і адхіленні Герака ад пасады. Эканам. крызіс і супрацьстаянне з прафс. аб’яднаннем «Салідарнасць» прымусілі кіраўніцтва ПАРП на чале з В.Ярузельскім увесці ў Польшчы ў снеж. 1981 ваен. становішча. У студз. 1989 у выніку перагавораў з апазіцыяй лідэры ПАРП згадзіліся на правядзенне свабодных выбараў, якія адбыліся ў ліп. 1989. На іх ПАРП страціла большасць у сейме Польшчы. У студз. 1990 11-ы з’езд ПАРП прыняў рашэнне аб самароспуску і стварэнні партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
сістэма планавых мерапрыемстваў па стварэнні, зберажэнні і выкарыстанні зялёных насаджэнняў; састаўная ч.горадабудаўніцтва. Выконвае структурна-планіровачныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя, дэкар.-маст. функцыі.
Паводле прызначэння аб’екты З.б. падзяляюць на насаджэнні агульнага карыстання (паркі, сады, скверы, бульвары, пасадкі на вуліцах, плошчах і інш.) і абмежаванага карыстання (насаджэнні на тэр. школ, бальніц, дзіцячых садоў, дамоў адпачынку і санаторыяў, прамысл. прадпрыемстваў, сядзіб калгаснікаў, вакол вадаёмаў і інш.). Элементамі З.б. лічаць: масівы, групы, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, кветкавае афармленне, алеі; да іх далучаюць таксама добраўпарадкаванне азялененых тэрыторый: дарожна-сцяжынкавыя сеткі, аб’екты паркавага дэкору (вазы, скульптуры, фантаны і інш.), быт. абслугоўвання (лаўкі, навесы, альтанкі, павільёны і інш.). Пры распрацоўцы праектаў садоў і паркаў улічваюць дынаміку росту дрэў, стан і афарбоўку іх крон у залежнасці ад пораў года. У сістэму зялёных насаджэнняў уваходзяць і загарадныя паркі (леса-, луга-, гідрапаркі, гіст., этнагр., мемарыяльныя) і зоны адпачынку. У комплексе З.б. асобна вылучаюць азеляненне, ландшафтную архітэктуру, садова-паркавае мастацтва.
На Беларусі ў З.б. выкарыстоўваюць прыёмы планіроўкі і забудовы жылых раёнаў у адзінстве з прыродным ландшафтам. З улікам патрабаванняў З.б. створаны паркі імя Я.Купалы ў Мінску, культуры і адпачынку ў Брэсце, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Жлобіне, Оршы, парк «Юбілейны» ў Гродне, бульвары і інш. Плошча зялёных насаджэнняў у Мінску 3216,4 га, што складае 19 м² на 1 чал. (1997); работы па З.б. вядзе акц. прадпрыемства «Мінскзелянбуд».
Літ.:
Боговая И.О., Теодоронский В.С. Озеленение населенных мест. М., 1990;
Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.
Т.П.Вадап’янава.
Да арт.Зялёнае будаўніцтва. Цэнтральная плошча г. Маладзечна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯІ́,
кампазіцыі на аснове рэчываў, здольных злучаць (склейваць) розныя матэрыялы: паперу, драўніну, шкло, кераміку, металы, скуру, пластмасы і інш.
Дзеянне К. абумоўлена ўтварэннем трывалых адгезійных сувязей (гл.Адгезія) паміж клеявой праслойкай і паверхнямі матэрыялаў, што злучаюцца. Звычайна маюць ацвярджальнікі і дабаўкі (напр., напаўняльнікі, пластыфікатары), якія мадыфікуюць уласцівасці К. (ліпучасць, скорасць ацвярдзення, час выкарыстання) і клеявой праслойкі (трываласць, цвёрдасць, тэрма- і атмасфераўстойлівасць і інш.). Паводле тыпу асновы падзяляюць на арган. (прыродныя і сінт.) і неарганічныя. К. на аснове прыродных палімераў жывёльнага (казеінавыя, альбумінавыя, глюцінавыя) ці расліннага паходжання (крухмал, дэкстрынавыя, канадскі бальзам і інш.) вызначаюцца нізкай водаўстойлівасцю і загніваюць пад уздзеяннем мікраарганізмаў. Найб. пашыраны К. сінтэтычныя на аснове сінт. алігамераў і палімераў (фенола-фармальдэгідных, эпаксідных, поліэфірных смол, поліамідаў, поліурэтанаў і інш.), для якіх характэрны высокая трываласць склейвання і ўстойлівасць да рознага асяроддзя. Паводле хім. прыроды асновы адрозніваюць тэрмарэактыўныя — пры склейванні змяняецца іх хім. структура ў выніку ацвярдзення палімераў ці вулканізацыі (гл.Гумавыя кляі) і тэрмапластычныя, хім. структура якіх не змяняецца; яны зацвердзяваюць у выніку выпарэння растваральніку (К.-растворы) ці застывання расплаву (К.-расплавы). К. неарганічныя — керамічныя (аснова — аксіды магнію, алюмінію, крэмнію, шчолачных металаў), фасфатныя (найб. пашыраныя алюмафасфатныя і алюмахромфасфатныя), сілікатныя (аснова — водныя растворы сілікатаў натрыю і калію), метал. (аснова — вадкі метал, напр., галій). Паводле прызначэння К. падзяляюць на канструкцыйныя (утвараюць клеявыя злучэнні, якія вытрымліваюць мех. напружанне не менш за 10 МПа), прызначаныя для збору машын, лятальных апаратаў, буд. канструкцый, і неканструкцыйныя, а таксама спецыяльныя.
Літ.:
Кардашов Д.А. Синтетические клеи. 3 изд. М., 1976;
Кардашов Д.А., Петрова А.П. Полимерные клеи: Создание и применение. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЫ,
солі вышэйшых (з 12—22 атамамі вугляроду ў малекуле) тлустых, а таксама нафтэнавых і смаляных кіслот; у вытв-сці і быце — тэхн. сумесі водарастваральных (пераважна натрыевых і каліевых) солей стэарынавай, пальміцінавай, мірысцінавай, лаўрынавай і алеінавай кіслот.
Малекулы М. складаюцца з непалярных (вуглевадародных) і палярных (іонагенных) частак. Пры пэўнай канцэнтрацыі раствору, якая наз. крытычнай канцэнтрацыяй міцэлаўтварэння, малекулы М. ўтвараюць сферычныя часцінкі з некалькіх дзесяткаў малекул (міцэлы), вуглевадародныя радыкалы якіх арыентаваныя ўнутр міцэлы, складаюць яе ядро, а палярныя часткі ўтвараюць паверхневы слой. Міцэлаўтварэннем і высокай паверхневай актыўнасцю М. абумоўлена іх мыйнае дзеянне. М. бываюць цвёрдыя, вадкія, мяккія (пастападобныя) і парашкападобныя. Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца на гасп., туалетныя і тэхнічныя. Атрымліваюць М з тлустых алеяў, жывёльных (цвёрдых і вадкіх) тлушчаў, а таксама сінт. тлустых кіслот. Тэхн. працэс атрымання М. (мылаварэнне) складаецца з варкі і перапрацоўкі ў таварны прадукт. Пры варцы М. зыходныя тлушчы амыляюць (гл.Амыленне) шчолаччу (пераважна гідраксідам натрыю NaOH). Прадукт варкі — мыльны клей (аднародная вязкая вадкасць, гусцее пры ахаладжэнні) перапрацоўваюць у М. гасп. і туалетныя. Цвёрдыя гасп. М. (маюць 40—72% асн. рэчыва) атрымліваюць ахаладжэннем мыльнага клею. Ачысткай мыльнага клею атрымліваюць мыльнае ядро, з якога вырабляюць М. вышэйшых гатункаў — ядровыя. Для вытв-сці цвёрдых туалетных М. выкарыстоўваюць дадаткова ачышчанае ядро, зваранае з лепшай (паводле саставу) тлушчавай сыравіны. Туалетныя М. звычайныя маюць дабаўкі фарбавальнікаў, антыаксідантаў і інш.спец. рэчываў. Выкарыстоўваюць у быце (гасп. і туалетныя М. — асн.мыйны сродак). прам-сці для стабілізацыі эмульсій, як эмульгатары, кампаненты змазачна-ахаладжальных вадкасцей, флотарэагентаў і інш.Прамысл. спосаб вытв-сці М. з выкарыстаннем кальцыніраванай соды вядомы з канца 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ ПАСЁЛАК,
населены пункт, размешчаны пры прамысл. прадпрыемствах, будоўлях, чыг. станцыях, электрастанцыях і інш. На Беларусі ўведзены пастановай ЦВК і СНКБССР ад 15.7.1935.
У канцы 19 — пач. 20 ст., калі будаваліся буйныя прадпрыемствы, паблізу іх узнікалі рабочыя слабодкі, пасёлкі, ускраіны. Яны мелі неўпарадкаваную, скучаную і хаатычную забудову (Ляхаўка, Камароўка ў Мінску, Гарэлае балота і Каўказ у Гомелі і інш.). У 1920—30-я г.Р.п. забудоўваліся комплексна (Камінтэрн у Мінску, Арэха-Выдрыца пры БелДРЭС, Аршанскі р-н Віцебскай вобл.): адначасова з 2—3-павярховымі жылымі дамамі будавалі дзіцячыя сады, школы, аб’екты культ.-быт.прызначэння, выкарыстоўваліся таксама тыпавыя праекты 4—16-кватэрных дамоў. У 1940-я г. створана шмат Р.п. пры торфапрадпрыемствах (Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., Татарка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Арх.-планіровачную структуру сучасных Р.п. утвараюць грамадскі цэнтр, жылая, прамысл. і паркавая зоны. Кампазіц. вось — гал. вуліца, на якой часцей за ўсё фарміруецца гал. плошча з адм.-грамадскім цэнтрам (Беліцк Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., Зялёны Бор Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. і інш.). Прамысл. зона аддзелена сан.-ахоўнай паласой, зялёныя насаджэнні якой утвараюць парк. зону (Бальшавік і Касцюкоўка Гомельскага р-на).
Паводле Закону «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998 Р.п. адносяцца да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу, маюць 500—2 тыс. жыхароў, могуць вырастаць у гарадскія пасёлкі і гарады. На Беларусі 15 Р.п. (2001): Акцябрскі, Асінторф, Бальшавік, Глуша, Градзянка, Зялёны Бор, Касцюкоўка, Мікашэвічы, Пагранічны, Першамайскі, Праўдзінскі, Рэчыца, Сасновы Бор, Татарка, Ялізава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт.прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г.прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАПІ́СНАЯ КНІ́ГА,
кніга, тэкст і мастацкае афармленне якой выкананы ад рукі. Асн. формай Р.к. (як і друкаванай) быў кодэкс — блок змацаваных аркушаў (сшыткаў) пісчага матэрыялу (пергамент ці папера), звычайна заключаны ў пераплёт, які часам упрыгожваўся па-мастацку выкананым абкладам. Напачатку Р.к. перапісвалі ўставам, пазней паўуставам і скорапісам. Паводле прызначэння Р.к. падзяляюць на богаслужэбныя і чэцці (для чытання) рэліг. і свецкага зместу.
Р.к. былі вядомы ў стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі. Яны мелі форму скрутка, пісаліся на папірусе, скуры, гліняных плітках. У 2—3 ст. пачалі ўжываць пергамент, пазней паперу. На працягу 3—15 ст. у Еўропе склаліся традыцыі візант., лац. і слав. Р.к. Перапісаныя ў італьян., франц., ням. майстэрнях (скрыпторыях), яны былі на Беларусі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай езуіцкай акадэміі. Візант. Р.к. паўплывала на знешні выгляд, тэхніку вытворчасці і аздобу слав. кнігі. Менавіта з грэч. рукапісаў браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі на слав. мову хрысц. богаслужэбныя кнігі. Для напісання слав. Р.к. ўжываліся кірыліца і глаголіца. Самая стараж. датаваная слав. Р.к. — Астрамірава евангелле, перапісанае дыяканам Грыгорыем у 1056—57. Найб. раннімі помнікамі стараж.-рус. пісьменнасці, што дайшлі да нас, з’яўляюцца Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076. Р.к. стараж. Русі спалучае тэкст і маст. аздобу, часта гэта помнік муз. культуры (з нотнымі запісамі). У аздобе стараж.-рус. Р.к. вылучаюць стылі стараж.-візант., тэраталагічны (звярыны), балканскі новавізант. і старадрукарскі.
На Беларусі Р.к. з’явілася ў 11 ст. і бытавала да 19 ст. Розныя веравызнанні і шматэтнічнасць абумовілі тое, што яна пісалася рознымі алфавітамі, на слав., лац., яўр. мовах. На развіццё кірылаўскай Р.к. паўплывалі культ. сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Бел. Р.к. ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Навагрудку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкі былі рознага сац. паходжання — ад князёўны (Ефрасіння Полацкая) да простага гараджаніна (пісец Марцін з Гальшан). Р.к. — часта адзіная крыніца вывучэння бел. мовы і л-ры, гісторыі і права (зб-кі папулярных сярэдневяковых аповесцей «Александрыя», «Троя», Статуты ВКЛ, летапісы беларуска-літоўскія). Многія Р.к. маюць укладныя запісы і прыпіскі — важную крыніцу гісторыі культуры. Маст. аздоба Р.к. залежала ад яе прызначэння. Раскошна ўпрыгожваліся богаслужэбныя кнігі. Вядомы багата аздобленыя кнігі і свецкага зместу. Упрыгожванні складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр і ілюстрацый. Найб. важныя помнікі маст. аздобы бел. Р.к. — Тураўскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі рукапіс, Ваўкавыскае евангелле, Евангелле Дабрахотава 16 ст., Пінскі зборнік 17 ст. Цэнтрамі збірання і вывучэння бел. Р.к. ў 19—пач. 20 ст. былі Віленская публічная б-ка (цяпер Цэнтр.б-каАН Літвы) і Беларускі музей у Вільні. Бел. Р.к. зберагаюцца ў Рас.Нац. (С.-Пецярбург) і дзярж. (Масква) б-ках, б-ках Расійскай АН (С.-Пецярбург), Маскоўскага ун-та, АН Украіны (Кіеў), Ягелонскага ун-та (Кракаў), у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў. Нязначную колькасць Р.к. зберагаюць Цэнтр.навук.б-ка імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, Нац.б-ка Беларусі, Нац.маст. музей Беларусі.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX ст. Коўна, 1926;
Рукописная и печатная книга. М., 1975;
Розов Н.Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. Мн., 1977, Шматаў В.Ф. Мастацтва заходнерускіх рукапісаў (XI—XIII стст.) // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001.
М.В.Нікалаеў.
Да арт.Рукапісная кніга. Старонка грэчаскай рукапіснай кнігі «Хлудаўскі псалтыр». 8 ст.Да арт.Рукапісная кніга. Старонка старажытнарускай рукапіснай кнігі «Кіеўскі псалтыр». 1397.Рукапісная кніга. Старонка Мсціжскага евангелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАГА КІРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,
раздзел кібернетыкі тэхнічнай, які вывучае прынцыпы пабудовы сістэм аўтам. кіравання (САК) і заканамернасці працэсаў, што ў іх працякаюць. Даследаванні праводзяцца на дынамічных (фіз. і матэм.) мадэлях рэальных сістэм з улікам умоў работы, прызначэння і канструкцыйных асаблівасцяў аб’ектаў і аўтам. прыстасаванняў.
Спачатку аўтаматычнага кіравання тэорыя развівалася як тэорыя аўтам. рэгулявання. На аснове вывучэння ўзаемадзеяння кіроўных прыстасаванняў і тэхн. аб’ектаў рознай прыроды выяўлена агульнасць працэсаў кіравання. Асн. задача аўтаматычнага кіравання тэорыі — распрацоўка метадаў аналізу і сінтэзу САК, з дапамогай якой руху (паводзінам) пэўнага аб’екта можна надаваць папярэдне зададзеныя ўласцівасці. Пры фіз. мадэляванні неабходна геам. (макеты збудаванняў, размеркаванне абсталявання і інш.) і фіз. (тоеснасць законаў руху, функцыянавання і інш.) падабенства. Пры матэм. мадэляванні абавязкова аднолькавасць матэм. фармалізму, вынікаў матэм. суадносін (разлікаў па формулах, алгарытмах і інш.) і рэальных працэсаў. Матэм. мадэль дынамікі аб’екта, у якой працэсы кіравання апісваюцца сістэмай звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў або ўраўненняў у частковых вытворных, пры пераходзе ад ураўненняў да перадатачных функцый увасабляецца ў структурную схему з тыповых звенняў. Пры пабудове складаных сістэм кіравання акрамя тэарэт. метадаў выкарыстоўваецца мадэляванне на базе ЭВМ (у т. л. аналогавых), на якіх узнаўляюцца ўраўненні, што апісваюць сістэму кіравання ў цэлым, і па выніках разлікаў высвятляецца структура кіроўнага прыстасавання.
На Беларусі з канца 1950-х г. у АН, БДУ, Бел.політэхн. акадэміі, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі развіваецца тэорыя аўтам. рэгулявання электрапрыводаў, самапрыстасавальных аптымальных сістэм, сістэм з пераменнай структурай і інш.
Літ.:
Теория автоматического регулирования. Кн. 1—3. М., 1967—69;
Римский Г.В. Основы общей теории корневых траекторий систем автоматического управления. Мн., 1972;