ПАЗЫ́КА,
перадача грашовых сродкаў або матэрыяльных каштоўнасцей адным удзельнікам дагавора другому з умовай вяртання і выплаты працэнтаў. Від П. залежыць ад характару дагавора, складу ўдзельнікаў пазыковай здзелкі, памеру і крыніцы выплаты працэнтаў і інш. П. бываюць: банкаўскія, дзе пазыкадаўцамі з’яўляюцца пазыковыя ўстановы (банкі), а пазычальнікамі — юрыд. і фін. асобы; дзяржаўныя (бюджэтныя), у якіх удзельнікамі пазыковай здзелкі могуць выступаць як з боку пазычальніка, так і з боку пазыкадаўцы бюджэты розных узроўняў (рэсп. і мясц. ад імя дзяржавы); камерцыйныя, у якіх суб’екты гаспадарання даюць пазыковыя сродкі і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці адзін аднаму; спажывецкія, дзе пазычальнікам з’яўляецца насельніцтва. Класіфікуюцца: паводле мэтавага прызначэння; спосабу выдачы пазычаных сродкаў — арганізаваныя і неарганізаваныя, прамыя і ўскосныя; паводле тэрмінаў пагашэння — тэрміновыя, кароткатэрміновыя, доўгатэрміновыя, адтэрмінаваныя і пратэрмінаваныя; паводле месца ажыццяўлення — унутраныя і знешнія. Суб’ектамі знешніх (міжнар. П.) выступаюць дзяржавы, банкі, міжнар. і міжрэгіянальныя валютна-крэдытныя і фін. арг-цыі, юрыд. асобы.
А.Ф.Кірэева.
т. 11, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)