асяроддзе пражывання і вытв. дзейнасці чалавека. Уключае прыроднае асяроддзе і штучнае (тэхнагеннае) асяроддзе (жылыя пабудовы, прамысл. прадпрыемствы, каналы, вадасховішчы і інш.). Узаемаадносіны чалавека і Н.а. грунтуюцца на іх непарыўнай сувязі, якая пастаянна адбываецца праз абмен рэчываў, энергіі і інфармацыі з прыродным асяроддзем, пераважна на аснове прац. дзейнасці чалавека. Змест і функцыянаванне Н.а. вызначаюцца прыроднымі і сац. фактарамі. Ва ўмовах навукова-тэхн. рэвалюцыі сфера чалавечай дзейнасці практычна ахапіла геаграфічную абалонку і касм. прастору (гл.Наасфера). Чалавечае грамадства істотна змяніла Н.а. ў працэсе яго гасп. асваення (гл.Антрапагеннае ўздзеянне на прыроду), асабліва значныя змены адбыліся ў вял. гарадах. У многіх выпадках умяшанне чалавека ў прыродныя працэсы мела негатыўныя вынікі (гл.Забруджванне навакольнага асяроддзя). Ужо недастаткова мер па ахове атмасферы, вод, глеб і інш. кампанентаў прыроднага асяроддзя (гл.Ахова прыроды) у межах асобных краін, таму ўзнікла неабходнасць аб’яднаць і актывізаваць намаганні ўсіх народаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЯ ТЭРАПІ́Я, радыетэрапія,
лячэнне іанізавальным выпрамяненнем. Выкарыстоўваюць фатоннае (гама-выпрамяненне, рэнтгенаўскае, тармазное) і карпускулярнае (пучкі электронаў, пратонаў, нейтронаў, цяжкіх іонаў, таксама альфа- і бэта-выпрамяненні радыеактыўных ізатопаў) іанізавальнае выпрамяненне. Крыніцы выпрамянення ў П.т.: радыеактыўныя рэчывы (натуральныя або штучныя радыенукліды) і спец. электрафіз. апараты, якія ствараюць пучкі выпрамянення (рэнтгенаўскія апараты, паскаральнікі электронаў, пратонаў, генератары нейтронаў). Метады П.т.: дыстанцыйнае апрамяненне (гама-выпрамяненне кобальту-60 або цэзію-137, рэнтгенаўскае і інш.) і кантактнае (унутрыполасцевае, унутрытканкавае). Дыстанцыйнае апрамяненне ажыццяўляецца ў статычным або ў рухомым рэжымах. Механізм дзеяння П.т. — непарыўна звязаныя біяфіз. і біяхім. працэсы, якія выклікаюць функцыян. і марфал. змены ў клетках (да іх адмірання). Аснова П.т. — розная радыеадчувальнасць нармальных і пухлінных тканак (тэрапеўт. інтэрвал радыеадчувальнасці). П.т. з’яўляецца вядучым метадам кансерватыўнага лячэння шматлікіх форм злаякасных пухлін (рак скуры, губы, языка, гартані, шыйкі маткі), важным кампанентам камбінаванага і комплекснага лячэння.
Літ.:
Киселева Е.С. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕР ((Weber) Альфрэд) (30.7.1868, г. Эрфурт, Германія — 2.5.1958),
нямецкі эканаміст і сацыёлаг. Брат М.Вебера. Праф. эканомікі і сацыялогіі Пражскага (1904—07) і Гейдэльбергскага (1907—58) ун-таў. Аўтар тэорыі размяшчэння прам-сці; вызначальным у размяшчэнні прамысл. прадпрыемстваў лічыў зручнасць адносна крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы, магчымасць кааперавання з інш. суседнімі прадпрыемствамі, наяўнасць трансп. шляхоў зносін, што павінна макс. зменшыць выдаткі вытв-сці. «Сацыялогія гісторыі і культуры» Вебера сфарміравалася пад уплывам брата і В.Дзільтэя. Гісторыю расчляняў на 3 працэсы: сацыяльны (фарміраванне сац. ін-таў і структуры), цывілізаваны (паступальнае развіццё тэхнікі і прыродазнаўства, якое вядзе да уніфікацыі) і культурны (творчасць у форме мастацтва, рэлігіі і філасофіі). Яны ўзаемазвязаны, але развіваюцца па сваіх законах. Спецыфічнасць гіст. і сац. змен пэўнай эпохі Вебер звязваў з ірацыянальным характарам культ. працэсу, тварцом якога з’яўляецца інтэлектуальная эліта, таму, на думку Вебера, гісторыю вызначае гульня духоўных сіл.
Тв.:
Kulturgeschichte als Kultursoziologie. Leiden, 1935;
Prinzipien der Geschichts – und Kulrursoziologie. München, 1951;
Рус.пер. — Теория размещения промышленности. М.; Л., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯ́НКА,
лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш.артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІМІ́ЧНАЕ СПАЖЫВА́ННЕ КІСЛАРО́ДУ (БСК),
колькасць кіслароду, што ўжываецца арган. рэчывамі, якія ёсць у вадзе, пры біяхім. іх акісленні ў працэсе самаачышчэння вады; паказчык ступені забруджанасці вады і наяўнасці ў ёй лёгкаакісляльных арган. рэчываў. Вымяраецца ў міліграмах кіслароду, які траціцца на акісленне забруджвальнікаў у 1 л вады (мг/л) пры т-ры 20 °C. Значэнні БСК5 — расход кіслароду за 5 сут (60—80% поўнага спажывання кіслароду) і БСКпоўн. — спажыванне кіслароду, які спатрэбіўся для акіслення арган. рэчываў за адрэзак часу да пачатку працэсу нітрыфікацыі. БСКпоўн. лічыцца 15—20 сут, аднак мінералізацыя нястойкіх арган. рэчываў заканчваецца прыблізна за 10 сут (расход кіслароду складае каля 90%), на 20-я сут працэс стабілізуецца (дасягае 99%), але не спыняецца. БСК5 прыродных водаў звычайна 0,5—2 мг/л, у залежнасці ад ступені забруджанасці вадаёмаў 0,5—7 мг/л. Нізкі паказчык БСК можа сведчыць таксама пра наяўнасць у вадзе рэчываў, якія запавольваюць або спыняюць біяхім. працэсы ў ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУРА́ЦЫЯ,
працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.Боас, М.Мід, Б.Маліноўскі, Р.Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.
Літ.:
Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,
алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял. група пародаўтваральных мінералаў кл. сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім.працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрысвята (цячэ праз возера), за 24 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 1,87 км², даўж. 3,5 км, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі 13,3 км. Пл. вадазбору 83,3 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м (на ПдЗ да 5 м, спадзістыя), параслі хваёвым і мяшаным лесам, на Пд разараныя. Берагі пераважна абразійныя, абрывістыя, на асобных участках зліваюцца са схіламі, у паўн. заліве сплавінныя, пад хмызняком і лесам. Дно складанай будовы (плоскія ўчасткі глыб. да 5 м чаргуюцца з глыбокімі ўпадзінамі і мелямі). 6 астравоў агульнай пл. 6,3 га. Прыбярэжная ч. дна да глыб. 3—4 м (месцамі да 5 м) пясчаная, глыбей глеі і сапрапелі. Пры вытоку на р. Дрысвята пабудавана ГЭС, у выніку чаго ўзровень возера падняўся да 5 м, аднавіліся працэсы перапрацоўкі берагоў. Адзначаецца сутачнае ваганне ўзроўню 0,2 м. Поўнасцю зарастаюць залівы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧАвугалю,
падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.
Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл.Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.