НІДЭРЛА́НДЫ гістарычныя,

у сярэднія вякі вобласць на ПнЗ Еўропы паміж Паўночным м. і Ардэнамі, у бас. рэк Рэйн, Маас і Шэльда (тэр. сучасных Нідэрландаў, Бельгіі, Люксембурга і часткі паўн. Францыі). Да 14—15 ст. тут існавалі асобныя феад. ўладанні: герцагствы Брабант, Лімбург, Гелдэрн, графствы Фландрыя, Артуа, Галандыя, епіскапства Утрэхт і інш., што залежалі ад «Свяшчэннай Рым. імперыі» або ад Францыі. З 14—15 ст. б. ч. іх у складзе Бургундскай дзяржавы, а пасля яе распаду (канец 15 ст.) — уладанне Габсбургаў, Якія ў 1540-я г. аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Н. У 1548 Н. (17 правінцый, якія захавалі назвы феад. уладанняў) абвешчаны непадзельным уладаннем на чале з гасударом з дому Габсбургаў і яго намеснікам (ген. штатгальтарам). Пасля распаду імперыі Карла V (1556) Н. пад уладай Іспаніі. У выніку Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. на Пн Н. утварылася незалежная Галандская рэспубліка. Паўд. Н. заставаліся ісп. уладаннем. Пасля войнаў 17 ст. Артуа і ч. Фландрыі адышлі да Францыі. У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1700—14 Паўд. Н. перайшлі да Аўстрыі. Венскі кангрэс 1814—15 шляхам далучэння да б. Галандскай рэспублікі Паўд. Н. утварыў на тэр. гіст. Н. Нідэрландскае каралеўства. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 на тэр. Паўд. Н. утварылася незалежнае Бельгійскае каралеўства. Назва «Каралеўства Нідэрландаў» замацавалася як афіц. за Паўн. Н. (сучасныя Нідэрланды). Больш падрабязна гл. ў раздзелах Гісторыя артыкулаў Нідэрланды і Бельгія.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),

адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.​В.​Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.​Г.​Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, К.​М.​Вебера, Г.​А.​Маршнера, Дж.​Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.​Вагнера, Р.​Штрауса, П.​Дэсаў, А.​Берга, К.​Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.​Чайкоўскага, М.​Рымскага-Корсакава, М.​Мусаргскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, А.​Хачатурана, В.​Баснера, А.​Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.​Віярдо-Гарсія, Л.​Леман, П.​Лука, Е.​Лінд, Г.​Мара, П.​Г.​Мільдэр-Гаўптман, А.​Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.​Спанціні (1820—42), М.​Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.​Клейбер (1925—35), Ф.​Канвічны (1955—62), О.​Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.​Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.​Тальёні (1856—83), Г.​Кролер (1919—22), Т.​Гзоўская (1945—52), Л.​Грубер (1955—70), Э.​Бішаф (з 1972).

т. 11, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́НАПІС,

старажытнае пісьмо, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак. Рысачкі выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. карысталіся народы Пярэдняй Азіі.

Узнік у 4-м тыс. да н.э. ў Шумеры, пазней быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, хурыцкай, эламскай, урарцкай і інш. моў. Паходжанне К. — ідэаграфічна-рэбуснае, з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. — славесна-складовае пісьмо. Клінападобныя знакі — вынік паступовай схематызацыі малюнкаў, з дапамогай якіх шумеры каля 3-га тыс. да н.э. пачалі графічна перадаваць назвы канкрэтных прадметаў і абстрактных паняццяў (гл. Ідэаграфічнае пісьмо). Першапачаткова клінапісная графіка налічвала каля 1000 абазначэнняў розных складоў і каля 20 тыс. ідэаграм і дэтэрмінантаў. Кліны размяшчаліся гарызантальна 𒀸, вертыкальна <SIGN>, пад рознымі вугламі <SIGN>, <SIGN>. Напрамак пісьма спачатку быў верт., слупкамі справа налева, пазней — радковы злева направа. К. праіснаваў каля 4 тыс. гадоў. Найб. познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэліг. і навук. тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас), адносяцца да 6—4 ст. да н.э. (Стараж. Персія). Стараж-перс. К., які меў толькі 41 складовы знак, расшыфраваў у 1802 ням. мовазнавец Г.Ф.Гротэфенд. Хецкія тэксты першы прачытаў чэш. філолаг Б.Грозны ў 1915.

Літ.:

Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967;

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979.

А.​Я.​Міхневіч.

Узор вавілона-асірыйскага клінапісу. Надпіс асірыйскага цара Тыглатпаласара I.

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕПА́РХІЯ (грэч. eparchia),

царкоўна-адм. адзінка (вобласць, зямля, дзяржава), падведамасная епіскапу. Першапачаткова дзярж.-адм. адзінка ў Рымскай імперыі. Калі з 4 ст. царк.-адм. падзел стаў адпавядаць дзярж.-адм. падзелу імперыі, назва «Е.» пачала ўжывацца і хрысціянскай царквой. Складаецца з прыходаў (парафій). Назвы Е. звычайна супадалі з назвамі гарадоў, дзе размяшчаліся епіскапскія кафедры.

Е. на Беларусі ў праваслаўнай царкве на 1997: Брэсцкая (засн. ў 1942. адноўлена ў 1990), Віцебская (засн. ў 1942, адноўлена ў 1992), Гродзенская (засн. ў 1900, адноўлена ў 1992), Гомельская (засн. ў 1990), Магілёўская (засн. ў 1632, адноўлена ў 1989), Мінская (засн. ў 1793), Навагрудская [у 1316 Навагрудак стаў цэнтрам Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі, у 1992 Е. адноўлена], Пінская (засн. ў 1241, адноўлена ў 1990), Полацкая (засн. ў 992, адноўлена ў 1989), Тураўская (засн. ў 1005, адноўлена ў 1992).

Е. на Беларусі ў рымска-каталіцкай царкве на 1997: Гродзенская (засн. ў 1991), Мінска-Магілёўская (Мінская засн. ў 1798, Магілёўская — у 1773, аб’яднаная Е. адноўлена ў 1991), Пінская апостальская адміністрацыя (засн. ў 1925, адноўлена ў 1991 з падпарадкаваннем Мінска-Магілёўскай Е.).

У грэка-каталіцкай царкве на тэр. Беларусі паміж 1595 і 1839 у розны час існавалі Е.: Кіеўская мітрапаліцкая (з рэзідэнцыяй мітрапалітаў у Вільні і Навагрудку, часам у Варшаве), Беларуская (Полацкая), Брэсцкая (Уладзімірска-Брэсцкая), Літоўская (Віленская), Смаленская, Турава-Пінская. У 1941—42 на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат з падпарадкаваннем мітрапаліту галіцкаму на Украіне, але сталая епархіяльная структура ў бел. уніятаў не склалася.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990.

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРМА́НДЫЯ—НЁМАН»,

назва французскага знішчальнага авіяпалка «Змагарнай Францыі», які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. У ліст. 1942 франц. добраахвотнікі (14 лётчыкаў і 58 авіямеханікаў) прыбылі ў СССР. Паводле іх жадання эскадрыллі прысвоена найменне «Нармандыя» (ад назвы гіст. вобласці Францыі, зруйнаванай гітлераўцамі). У яе склад уключана і 17 сав. авіятэхнікаў. У сак. 1943 эскадрылля пачала баявыя дзеянні, 5.7.1943 яна разгорнута ў 1-ы знішчальны авіяполк, укамплектаваны самалётамі сав. вытв-сці. З 25.5.1944 полк у складзе 3-га Бел. фронту, удзельнічаў у Беларускай аперацыі 1944, у т. л. ў разгроме авіяцыі і войск праціўніка на аэрадромах Балбасава (Аршанскі р-н), Дакудава (Крупскі р-н), пад Талачыном і Барысавам. За баявыя заслугі і мужнасць у час паветр. баёў пры фарсіраванні Нёмана палку 28.11.1944 прысвоена найменне «Нёманскі» і назва «Н.—Н.». За час вайны 148 франц. лётчыкаў авіяпалка зрабілі больш за 5 тыс. баявых вылетаў, правялі 869 баёў, збілі каля 280 і пашкодзілі 80 варожых самалётаў (страцілі каля 90 чал. асабовага складу). Полк узнагароджаны ордэнамі Чырв. Сцяга і Аляксандра Неўскага, франц. ордэнам Ганаровага Легіёна і інш., а лётчыкі палка — ордэнамі і медалямі Францыі і СССР; М.Альберу, Ж.Андрэ, М.Лефеўру, Р. дэ ла Пуапу прысвоена званне Героя Сав. Саюза. 20.6.1945 франц. добраахвотнікі на падараваных ім баявых самалётах Як-3 вярнуліся на радзіму.

Літ.:

Лукашин В.И. Против общего врага. 2 изд М., 1976;

Жоффр Ф. де. Нормандия—Неман: Воспоминания летчика: Пер. с фр. 2 изд. М., 1982.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),

назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст. у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст. У сав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь і г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 17 ст. ў г.п. Любча

(Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.) у маёнтку кн. Радзівілаў. Засн., магчыма, Пятром Бластусам Кмітам, які, паводле меркаванняў даследчыкаў, у 1612 перавёз сюды друкарскае абсталяванне з Вільні. Друкарня абслугоўвала пераважна патрэбы кальвіністаў, зрэдку прымала заказы і католікаў. За 20 гадоў Кміта выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. Сярод іх «Апафегматы» Б.​Буднага (1614),

«Эпітоме» (1614) і зб. прыказак (1618) С.​Рысінскага, «Навагрудскі дыспут» Я.​Зыгроўскага (1616), «Гісторыя іудзейскай вайны» І.​Флавія (1617), «Генеалогія або кароткае апісанне вялікіх літоўскіх князёў» М.​Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы С.​Доўгірда (1626), «Статут Слуцкай школы» (1628) і інш. З 1632 друкарню ўзначальваў сын Кміты Ян Даніэль, што выдаў кнігу арыянскага аўтара І.​Шліхтынга «Аб св. Тройцы супраць Балтазара Мейснера» на лац. мове (1639), панегірыкі і літургічныя творы паводле заказу віленскіх лютэран (усяго 24 назвы). У 1646—55 (або 1656) кіраўніком друкарні быў Ян Ланге, які выдаў 14 кніг пратэстанцкага кірунку, сярод іх «Пастыла» і «Псалтыр» лютэранскага пастара А.​Шонфлісіуса. У 1650-я г. некалькі разоў выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.​Фурмана. 3 друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.​Гётке. Упершыню ў бел. кнігадрукаванні для ілюстравання выданняў шырока выкарыстоўвалася гравюра на медзі.

Літ.:

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 130—131;

Topolska M.B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renessansu i Baroku. Wrocław, 1984. S. 97—101.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.
Да арт. Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 м пл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб. шыр. 7,8 км, найб. глыб. 7,5 м.

Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл. каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каля паўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.

Асвейскае возера.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,

найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.​М.​Сазонаў (вып. 1—16), М.​М.​Мяшчэрскі і М.​Л.​Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.​І.​Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал. ч. сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.

Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.​М.​Пржавальскага і інш.

С.​М.​Ходзін.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)