СОН (Pulsatilla),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 35 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 віды С.: лугавы (P. pratensis), занесены ў Чырв. кнігу, чарнеючы (P.nigricans), часам яго аб’ядноўваюць у адзін від з лугавым, і шыракалісты, або раскрыты, ці сон-трава (P. patens), нар. назвы булдоўнік, друмель, курчаннік, саксоннік. Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах, на высечках, лугах. У культуры С. албанскі (P. albana), вясенні (P. vernalis), горны (P. montana).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. да 50 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, на доўгіх чаранках, пальчата- або перыстарассечанае. Кветкі адзіночныя на апушаных кветаносных сцёблах, буйныя, правільныя, пераважна фіялетавага колеру. Плод — шматарэшак. Лек., дэкар., ядавітыя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сон: 1 — звычайны; 2 — вясенні; 3 — лугавы; 4 — раскрыты.

т. 15, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)