рыба сям. ўюновых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы (да 60°паўн. ш.) і Азіі. Насяляе ціхія мелкаводныя затокі і залівы з іліста-пясчаным грунтам, у які закопваецца. На Беларусі звычайны від. Нар. назвы каза, кусачка, сіколка, сякушка, точка.
Даўж. да 12 см. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў. Афарбоўка стракатая, светла-жоўтая, па баках — паласа бураватых ці чорных плям. Каля рота 6 кароткіх вусікаў. Пад вачыма высоўныя двухраздзельныя шыпы, якімі можа ўкалоць або ўшчыпнуць (адсюль назва). Характэрна поліплаідыя (ікра можа развівацца пры стымуляцыі спермай самцоў блізкароднасных відаў). У лічынак пасля вылуплівання развіваюцца вонкавыя жабры — рэдкая з’ява для прэснаводных рыб. Корміцца дробнымі воднымі беспазваночнымі. Выкарыстоўваецца як прынада пры лоўлі драпежных рыб.