жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.Скрыб, Э.Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.Фрэдра), Германіі (Г.Фрайтаг), Даніі (І.Л.Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.Шахаўской, Дз.Ленскі, П.Каратыгін, Ф.Коні, М.Някрасаў, А.Чэхаў).
На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл.т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.Каганца (1910), «Прымакі» Я.Купалы (1913), «Снатворны мак» К.Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм.мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАЛ, Віталс (Vitols; Віталь Іосіф) Язэпс (26.7.1863, г. Валміера, Латвія — 24.4.1948), латышскі кампазітар, педагог; адзін з заснавальнікаў нац. кампазітарскай школы, буйнейшы майстар лат. харавой песні. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1886, клас М.Рымскага-Корсакава), выкладаў у ёй (з 1901 праф.). З 1918 у Рызе. Заснавальнік, праф., рэктар (у 1919—44, з перапынкам) Латвійскай кансерваторыі (цяпер імя Вітала). Адзін з заснавальнікаў і старшыня (1923—40) Т-валат. кампазітараў. Сярод яго вучняў: С.Пракоф’еў, М.Мяскоўскі, Я.Іваноў, Я.Калніньш, А.Скултэ, Л.Вігнерс, Е.Віталіньш і інш.Асн. творы: кантаты «Песня» (1908), «Паўночнае ззянне» (1913); балада для хору «Беверынскі спявак» (1900); сімфонія (1888), «Свята Ліга» (1889), «Драматычная уверцюра» (1895), уверцюра «Спрыдзітыс» (1908), сюіты «Сем латышскіх народных песень» (1904) і «Каштоўныя камяні» (1924), балада «Восеньская песня» (1928), «Латышская сельская серэнада» (1934), «Рапсодыя» (1909) для сімф.арк.; Фантазія на тэмы лат.нар. песень для скрыпкі з арк.; струнны квартэт; інстр. творы, у т. л. для фп. (больш за 80); хары а капэла (103); песні для голасу з фп. (92), апрацоўкі лат.нар. песень (больш за 300).
Аўтар артыкулаў па муз.мастацтве. З 1944 жыў у Германіі.
Літ. тв.: Воспоминания, статьи, письма. Л., 1969.
Літ.:
Гравитис О. Язеп Витол и латышская народная песня: Пер. с лат.М.; Л., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО ((Waugh) Іўлін) (28.10.1903, Лондан — 10.4.1966),
англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых майстроў сатыр. прозы. Вучыўся ў Оксфардзе. Першы літ. твор прысвечаны паэзіі і жывапісу Д.Г.Расеці (1928). У раманах «Заняпад і разбурэнне» (1928), «Брыдкая плоць» (1930), «Чорная бяда» (1932), «Прыгаршчы праху» (1934), «Сенсацыя» (1938) крытыка тагачаснай рэчаіснасці. Падзеі 2-й сусв. вайны прыўнеслі ў творы Во настроі элегічнага смутку. Раманы «Перапыненая работа» (1942), «Вяртанне ў Брайдсхед» (1945) ён назваў «некралогамі асуджаным вярхам», «памінальнай месай па каштоўнасцях старога свету». Стыль Во адзначаны праніклівым псіхалагізмам і афарыстычнай мовай (навелы «Марское падарожжа», «Пераможца атрымлівае ўсё» і інш.). У раманах з трылогіі «Пачэсны меч» (1965) драма пісьменніка, які не прыняў ілжывых каштоўнасцей рэчаіснасці, імкнуўся да пераадолення дысгармоніі жыцця праз захаванне традыц. ўкладу сям’і і дабрачыннасці. «Выпрабаванне Гілберта Пінфалда» (1957) — аўтабіягр. раман. Прыхільнасць да прынцыпаў рэалізму ў мастацтве засведчыў у артыкулах «Літаратурны стыль у Англіі і Амерыцы» (нап. 1955), «Гібель Жывапісу» (нап. 1956).
Тв.:
Prose, memoirs, essays. М., 1980. Рус.пер. — Мерзкая плоть;
Возвращение в Брайдсхед: Романы;
Незабвенная: Повесть;
Рассказы. 3 изд. М., 1982;
Офицеры и джентльмены: Роман. Мн., 1988;
Испытание Гилберта Пинфолда. М., 1992.
Літ.:
Анджапаридзе Г. Трилогия И.Во «Почетный меч» // Проблемы английской литературы XIX и XX вв. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),
выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш.спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.
На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.
Я.М.Сахута.
Да арт.Гравіраванне. Фрагмент алтарнага крыжа. Канец 16 — пач. 17 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Якуцкае гравіраванне па косці. Е.Янку. Хітры крумкач. 1969. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКАў музыцы,
адзін з бакоў арганізацыі музыкі як працэсу; характарызуецца зменамі гучнасці, шчыльнасці гучання і тэмпу. У больш шырокім сэнсе — любыя змены ў муз. развіцці, а таксама іх адлюстраванне ва ўспрыняцці. Вызначаецца дзеяннем розных якасцей муз. гуку (вышыня, сіла, працягласць, тэмбр), інтэнсіўнасцю і частатой змен розных параметраў. Выяўляецца ў мелодыі, гармоніі, рытміцы, тэмпе, фактуры і інш., на розных узроўнях муз. развіцця (напр., у асобным гуку, у матыве, фразе, частцы, цыкле). Найб. дэталёва Д. ў музыказнаўстве разглядаюць як сукупнасць з’яў, звязаных з гучнасцю, і як вучэнне пра гэтыя з’явы. У такім значэнні тэрмін вядомы з 19 ст. Гістарычна распрацавана дакладная сістэма абазначэння дынамічных адценняў (выкарыстоўваюць італьян. тэрміны).
Асн. абазначэнні: forte-fortissimo (fff) — надзвычай гучна, fortissimo (ff) — вельмі гучна, forte (f) — гучна, mezzo forte (mf) — умерана гучна, mezzo piano (mp) — умерана ціха, piano (p) — ціха, pianissimo (pp) — вельмі nixa, piano-pianissimo (ppp) — надзвычай ціха; crescendo (графічнае <) — паступовае ўзмацненне гуку, diminuendo або decrescendo (>) — паступовае аслабленне гуку; раптоўная змена дынамічнага адцення — subito. Д. ўключае таксама акцэнты. Гучнасная Д. мае непасрэдныя адносіны да інтэрпрэтацыі (указанні кампазітара хоць і абавязковыя для выканаўцы, але дазваляюць індывід. трактоўку). Д. — важны сродак муз. выразнасці. Побач з агогікай, артыкуляцыяй, фразіроўкай яна адыгрывае вял. ролю ў муз.-выканальніцкім мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІ́Я (Carcía),
іспанскія музыканты, бацька і сын.
Мануэль дэль Попала Вісентэ (22.1.1775, г. Севілья, Іспанія — 9.6.1832), спявак (тэнар), гітарыст, кампазітар, вак. педагог. Родапачынальнік сям’і вядомых вакалістаў. Адзін з найлепшых выканаўцаў асн. тэнаровых партый у сцэн. творах канца 18 — пач. 19 ст. З 1798 спяваў у тэатр. трупе Мадрыда, з 1808 — у «Тэатры Італьен» у Парыжы. Першы выканаў партыю Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні. З 1818 выступаў у Лондане, дзе заснаваў школу спеваў (1823). Аўтар і пастаноўшчык многіх опер, пераважна камічных, шэрагу танадылляў (ісп.муз. камедый). З 1829 выкладаў у арганізаванай ім школе спеваў у Парыжы. Сярод вучняў: сын М.П.Р.Гарсія і дочкі М.Малібран і П.Віярдо-Гарсія; А.Нуры.
Мануэль Патрысіо Радрыгес (17.3.1805, Мадрыд — 1.7.1906), спявак (бас-барытон), вак. педагог. Гастраліраваў у ЗША і Мехіка. У 1842—50 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі, у 1848—95 — у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Аўтар прац па вак. педагогіцы (у т. л. «Поўнае кіраўніцтва па мастацтве спеваў», перакладзена на многія мовы). Зрабіў вял. ўклад у вывучэнне фізіялогіі чалавечага голасу, вынайшаў ларынгаскоп. Яго пед. прынцыпы паўплывалі на развіццё вак. мастацтва 19 ст. Сярод яго вучняў Е.Лінд, Э.Фрэцаліні, М.Маркезі, Г.Нісен-Саламан, Ю.Штокгаўзен, Г.Гарсія (яго сын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́КЛ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з найвыдатнейшых герояў, сын Зеўса і Алкмены, жонкі фіванскага цара. Меў незвычайную сілу. Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найб. вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў Геракла: забіў немейскага льва, шматгаловую лернейскую гідру, утаймаваў пачварную керынейскую лань, знішчыў сцімфалійскіх птушак, перамог эрыманфскага вепрука, вычысціў аўгіевы стайні, адолеў крыцкага быка, перамог цара Дыямеда, які кідаў іншаземцаў на з’ядзенне сваім коням, перамог амазонак і здабыў пояс іх царыцы Іпаліты, выкраў кароў трохгаловага велікана Герыёна, здабыў залатыя яблыкі з саду Гесперыд, утаймаваў і прывёў да мікенскага цара Эўрысфея вартавога Аіда — Цэрбера. Паводле інш. міфаў, вызваліў таксама прыкаванага да скалы Праметэя, перамог у адзінаборстве Антэя, абапал Гібралтарскага праліва паставіў 2 скалы, т.зв.Геркулесавы слупы і інш. Быў атручаны, пасля смерці Зеўс зрабіў яго бессмяротным і забраў на Алімп. Міфы пра Геракла шырока адлюстраваны ў выяўл.мастацтве (размалёўкі храмаў у Алімпіі, Афінах, Дэльфах, Фівах, творы А.Дзюрэра, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса, Дж.Цьепала), л-ры (Сафокл, Эўрыпід), музыцы (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль). У рым. міфалогіі Гераклу адпавядае Геркулес.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Геракл. Немаўля Геракл душыць змей. Сярэбраная чаша. 1 ст.н.э.Да арт.Геракл. Геркулес (Геракл) і Как. Скульптурная група Б.Бандынелі. 1534.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАЛІЗА́ЦЫЯ,
мысленнае канструяванне з дапамогай абсалютызацыі паняццяў і вобразаў аб’ектаў, якія не існуюць у рэчаіснасці, але для якіх ёсць правобразы ў рэальным свеце; наданне каму-н. ці чаму-н. такіх рысаў, якіх яны не маюць. Паняцці, атрыманыя ў выніку І., наз. ідэалізаванымі або ідэальнымі (гл.Ідэальнае). Яны або нездзяйсняльныя (напр., «кропка», «абсалютна чорнае цела»), або іх здзяйсняльнасць недаказальная рацыянальным шляхам (напр., бясконцае жыццё). З ідэалізаванымі аб’ектамі ў навуцы аперыруюць як з рэальнымі прадметамі і ствараюць абстрактныя мадэлі рэальных рэчаў у іх «чыстым выглядзе», што дазваляе больш глыбока зразумець іх сутнасць (напр., «прамая лінія» ў матэматыцы, «ідэальны газ» у фізіцы, «абсалютная свабода» ў сацыялогіі і інш.). У мастацтве І. як метад маст. абагульнення і канструявання ў вобразнай форме даводзіць станоўчыя або адмоўныя бакі рэчаіснасці да поўнай дасканаласці або недасканаласці. Мастацкія ідэалізаваныя аб’екты ўмоўна нарматыўныя і выконваюць функцыю каштоўнаснага арыенціра («Дон-Кіхот», «Несцерка», «Паўлінка» і інш). Сац. І. выкарыстоўваецца для арг-цыі грамадскага жыцця, дзе ідэалізаваныя аб’екты — розныя культы і антыкульты, утопіі і антыутопіі і інш. Яны маюць форму індывід. каштоўнасных вобразаў (напр., І. каханага чалавека) і грамадска значымых І. (камунізм).
Літ.:
Горский Д.П. Вопросы абстракции и образование понятий. М., 1961;
Пойа Д. Математика и правдоподобные рассуждения. 2 изд. М., 1975;
Кочергин АН. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),
расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус.мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.
Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац.маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ (Мікалай Аляксандравіч) (15.3. 1751, с. Нікольскае Цвярской вобл., Расія — 2 ці 3.1.1804),
рускі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, графік, паэт, музыкант, вынаходнік; прадстаўнік архітэктуры класіцызму; адзін з заснавальнікаў пейзажнага стылю ў рус. садова-паркавым мастацтве. Чл.Рас. акадэміі (з 1783) і ганаровы чл. Пецярбургскай АМ (з 1786). Архітэктуру вывучаў самастойна. У арх. творчасці пераважалі кампактныя цэнтрычныя купальныя будынкі з лаканічным дэкар. афармленнем: Неўскія вароты Петрапаўлаўскай крэпасці (1784—87) і паштамт (1782—89) у Пецярбургу, Барысаглебскі сабор (1785—96) у г. Таржок, сядзібныя комплексы ў Маскоўскай, Цвярской і Наўгародскай абласцях, землябітны Прыярацкі палац (1798—99) у г. Гатчына Ленінградскай вобл. і інш. На Беларусі стварыў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, серыю акварэляў з відамі Магілёва (канец 18 ст.) і інш. Распрацоўваў вогнетрывалыя буд. матэрыялы, у т. л. «каменны кардон». Аўтар іл. да «Метамарфозаў» Авідзія, твораў Г.Дзяржавіна (да 1755), лібрэта камічнай оперы «Ямшчыкі на падставе» (паст. 1787). Склаў нотны «Збор рускіх народных песень з іх галасамі. На музыку паклаў Іван Прач» (т. 1—2, 1790, у сааўт.). Выдаў адзін з першых перакладаў ісландскай сагі «Песня нарвежскага віцязя Гаральда Храбрага» (1793). Перакладаў творы Анакрэонта, Ф.Петраркі, Сафо, кн. па архітэктуры А.Паладыо і інш.