ФЯДО́ТАЎ Павел Андрэевіч (4.7.1815, Масква — 26.11.1852),

рускі мастак; пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. выяўл. мастацтве. У 1834—44 на вайск. службе, у час якой наведваў рысавальныя класы Пецярбургскай АМ. З 1849 яе акадэмік. Пачынаў з замалёвак ваен. побыту, потым звярнуўся да сатыр. жанравых сцэн («Вынік сканання Фідэлькі», 1844). Яго творы «Свежы кавалер» (1846), «Пераборлівая нявеста» (1847), «Сватанне маёра» (1848), «Снеданне арыстакрата» (1849—51) — невял., дэталёва распрацаваныя карціны з разгорнутым сюжэтам і з’едлівай сатырай на звычкі тагачаснага грамадства. Познія работы «Удовачка» (1851), «Анкор, яшчэ анкор» (каля 1851) трагічныя і поўныя спачування да адзінокіх, абяздоленых людзей. Паэтычнасцю вызначаюцца партрэты Н.​П.​Ждановіч (1849), Е.​П.​Растапчыной (каля 1850) і інш. Яго творчасці характэрны жыццёвая праўда, наватарскія прыёмы сюжэтнага апавядання, майстэрства ў абмалёўцы характараў.

Літ.:

Сарабьянов Д.В. П.​А.​Федотов. Л. 1985.

П.Фядотаў. Сватанне маёра. 1848.

т. 16, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)