ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял. кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял. кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,

антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.​А.​Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.​У.​Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.​Паўлаў, І.​Някрасаў, Л.​Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.​Дранага, М.​Голага, С.​Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс. чал.) пад камандаваннем В.​У.​Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.

Літ.:

Буганов В. Булавин. М., 1988;

Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.​І.​Каршакова.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧА ПАХО́Д 1920,

ваенная акцыя Рус. нар. добраахвотніцкай арміі (з рус. і бел. вайсковых часцей) на чале з ген. С.Н.Булак-Балаховічам у ліст. 1920 на Палессі. Паліт. кіраўнік акцыі — старшыня Рус. паліт. к-та ў Польшчы Б.​В.​Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Бел. дзяржавы і саюзнай з ёй Рас. дэмакр. рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскім.

Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне Лунінец—Мікашэвічы—Тураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс. чал.) 6.11.1920 пачала наступленне ўздоўж р. Прыпяць. Разбіўшы часці Чырв. Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзбр. сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраванне бел. войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П.П.Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Бел. Нар. Рэспублікі. 16 ліст. Чырв. Армія пачала контрнаступленне і 20.11.1920 узяла Мазыр. Асн. сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польск. ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922.

Літ.:

Историко-стратегический очерк XVI-й армии. Могилев, 1921. С. 148—160;

Simanskij P. Kampanja białorusko-rosyjskiej armji ludowo-ochotniczej gen. Bułak-Bułachowicza w r. 1920 // Bellona. Warszawa, 1931. Т. 37, z. 2.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,

антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.

Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.

У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс. чал.) на чале з І.​Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав. ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),

нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц. войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.​Шэкспір, Вальтэр, Ф.​Шылер, М.​Твэн, Б.​Шоу, Ж.​Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.​Басцьен-Лепаж, П.​Дэларош, Я.​Матэйка і інш.), музыцы (Ф.​Ліст, Дж.​Вердзі, П.​І.​Чайкоўскі, А.​Анегер).

Літ.:

Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр. М., 1992.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Да арт. Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.​Ланепво. 19 ст.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІ́БАВА,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.

Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войска ВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».

В.​У.​Шаблюк.

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс. чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял. кн. ВКЛ Ягайлы і вял. кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс. чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал. рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т. л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял. кн. ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Куликовская битва. Л., 1980;

Куликовская битва: Сб. статей. М., 1980;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

В.​А.​Юшкевіч, М.​Г.​Нікіцін.

Кулікоўская бітва 1380. Мініяцюра канца 16 ст.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЫ,

княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТМАН (польск. hetman ад ням. Hauptmann начальнік),

галоўны начальнік над узбр. сіламі ў некат. еўрап. Краінах. 1) У Чэхіі ў 15 ст. камандуючы войскамі табарытаў.

2) У Польшчы з 15 ст. да 1795 пасада камандуючага войскамі (вял. каронны гетман), з пач. 16 ст. сталая, з 1581 пажыццёвая. Прызначаўся каралём. Меў шырокія паўнамоцтвы, у т. л. права набіраць войска, прызначаць афіцэраў, вяршыць суд са смяротным пакараннем. Меў памочніка і намесніка — польнага гетмана.

3) У ВКЛ пасада найвышэйшага (з сярэдзіны 16 ст. — вялікага) гетмана створана ў канцы 15 ст. на ўзор польскай. Прызначаўся вял. князем, з 2-й пал. 16 ст. пажыццёва. У пач. 16 ст. ўведзена пасада дворнага гетмана, які камандаваў прыдворнымі ротамі (гвардыяй) вял. князя. З 2-й пал. 16 ст. ўзначальваў таксама наёмныя атрады, пачаў наз. польным гетманам, з 1680-х г. падначалены вял. гетман.

4) На Украіне ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. — камандуючы рэестравымі казакамі, што знаходзіліся на дзярж. службе. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 гетман Б.​Хмяльніцкі стаў кіраўніком Украіны і галоўнакамандуючым казацкім войскам. Пасля Андросаўскага перамір’я 1667 гетманы Правабярэжнай Украіны па-ранейшаму прызначаліся польск. каралямі; у 1704 пасада скасавана. На Левабярэжнай Украіне (у складзе Расіі) гетманы, якія мелі адм. і вайсковую ўладу, выбіраліся ген. вайсковай радай (фактычна казацкай старшынай са згоды царскага ўрада), з 1708 прызначаліся царскім урадам; у 1764 пасада скасавана. У 1917—18 былі спробы аднавіць пасаду гетмана.

5) У Малдове ў 17 ст. — камандуючы войскамі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,

буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл. Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.​Карпач, С.​Бачко, В.​Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.​Ф.​Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс. чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс. чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач. лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.

Літ.:

Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;

Іх жа. І ўзняўся люд просты. Мн., 1992.

В.​І.​Мялешка.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)