дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын гетмана Ю.Радзівіла. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Біржах і Дубінках». Атрымаў хатнюю адукацыю. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37, у т. л. ў аблозе Старадуба ў 1535. У 1544—51 падчашы ВКЛ, у 1546—54 лоўчы ВКЛ. Асаблівы рост уплыву Р. на дзярж. справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары (гл.Барбара Радзівіл) з вял. князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў ад яго правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. У 1550—66 ваявода трокскі, у 1553—66 і з 1577 вял. гетман ВКЛ, у 1566—84 ваявода віленскі, у 1566—79 канцлер ВКЛ. У 1556—57 і з 1560 камандаваў войскам ВКЛ, якое знаходзілася на мяжы з Інфлянтамі. У пач.Лівонскай вайны 1558—83 яго войска ў 1561 уступіла на тэр. Інфлянтаў. Конніца Р. на чале з Ю.Тышкевічам і Р.Трызнам дайшла да Дэрпта (Тарту). Гал. сілы на чале з самім Р. аблажылі рас. гарнізон у замку Тоўрус (Торваст), які праз 3 тыдні капітуляваў. У час аблогі Полацка войскам Івана IV Грознага ў лют. 1563 Р. з войскам не здолеў дапамагчы полацкаму гарнізону, а пасля ўзяцця Полацка рас. войскам адышоў да Мінска. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай Ульскай бітве 1564. Рашуча выступаў супраць заключэння уніі з Польшчай. У 1569 ён не паехаў на Люблінскі сейм і не падпісаў акт Люблінскай уніі. У сярэдзіне 1576 перайшоў на бок Стафана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку Р., кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У 1579 удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 войска Р. ўзяло замкі Усвят і Езярышча. У 1581 удзельнічаў у паходзе на Пскоў. Р. вызнаваў кальвінізм і пасля смерці М.Радзівіла Чорнага (1565) узначаліў пратэстантаў у ВКЛ.
Літ.:
Hetmani Rzeczypospolitej obojga narodów. Warszawa, 1995.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Руды. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.