ІВА́НАЎ (Усевалад Вячаслававіч) (24.2.1895, пас. Лябяжае Паўладарскай вобл., Казахстан — 15.8.1963),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1915, належаў да літ. групы «Серапіёнавы браты». Аповесці «Партызаны» (1921), «Браняпоезд 14-69» (аднайм. п’еса паст. МХАТ, 1927) і «Каляровыя вятры» (абедзве 1922) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар аўтабіягр. рамана «Прыгоды факіра» (1934—35; 2-я рэд. «Мы ідзём у Індыю», 1960), рамана «Пархоменка»(1939, фільм «Аляксандр Пархоменка», 1942), зб. апавяданняў «Хмель: Сібірскія апавяданні 1917—1962 гг.» (1963; бел.пер. А.Кудраўца, 1975), сац.-філас., гратэскавых раманаў «Ужгінскі крэмль» (выд. 1981), «У» (выд. 1988). На бел. мову перакладзены аповесць «Браняпоезд 14-69» (пер. М.Стагановіча, 1933), раман «Пархоменка» (пер. В.Макоўскай, 1941), п’еса «Блакада» (пер. А.Макаёнка, 1989). П’еса «Браняпоезд 14-69» паст. БДТ-1 (Нац.акад.т-р імя Я.Купалы) у 1928 і Дзярж.рус.драм. т-рам у 1936, п’еса «Блакада» — т-рам імя Я.Купалы ў 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНЕ́НКА (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (29.7.1904, г. Палтава, Украіна — 30.12.1994),
расійскі фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Д-рфіз.-матэм.н. (1940). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). З 1943 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па тэорыі спінораў, фізіцы атамнага ядра, квантавай і адзінай нелінейнай тэорыях поля, тэорыі гравітацыі, гісторыі фізікі. Прапанаваў пратон-нейтронную мадэль атамнага ядра (1932). Заклаў асновы палявой тэорыі парных ядз. сіл (1934, разам з І.Тамам). Прапанаваў нелінейнае абагульненне спінорнага ўраўнення Дзірака (1938). Выказаў ідэю ўзаемнага ператварэння гравітонаў у элементарныя часціцы (1944). Прадказаў сінхратроннае выпрамяненне (1944; разам з І.Я.Памеранчуком). Дзярж. прэмія СССР 1950.
Тв.:
Групповые, геометрические и топологические методы в теории поля. Ч. 1. М., 1983;
Калибровочная теория гравитации. М., 1985 (абедзве разам з П.І.Проніным, Г.А.Сарданашвілі).
Літ.:
Памяти профессора Д.Д.Иваненко // Вестн. Московского ун-та Сер. 3. Физика. Астрономия. 1995. Т. 36, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),
бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1987), «Тоска» Дж.Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.
І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.
На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́КСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1958,
антыманархічны ваен. пераварот у Іраку 14.7.1958. Падрыхтавана членамі падп. арг-цый Фронт нац. адзінства (ФНА) і «Свабодныя афіцэры», незадаволенымі знешнепаліт. курсам урада Саіда Нуры (арыентацыя на Вялікабрытанію і ЗША, дзейнасць Ірака ў межах Арганізацыі цэнтральнага дагавора, або Багдадскага пакта). Адбылася напярэдадні інтэрвенцыі дзяржаў-удзельніц Багдадскага пакта і ЗША у Ліван, у якой павінны былі ўдзельнічаць і 2 брыгады іракскай арміі. 14 ліп. гэтыя брыгады (камандзіры — А.К.Касем і А.С.Арэф) уступілі ў Багдад, захапілі стратэг. пункты сталіцы і акружылі каралеўскі палац. Былі забіты кароль Фейсал II, эмір Абдул Ілах і яшчэ больш за 20 чал. Па закліку ФНА да вайскоўцаў, што паўсталі, далучылася насельніцтва, якое ўдзельнічала ў ліквідацыі ачагоў супраціўлення, затрымцы прыхільнікаў манархічнага рэжыму (15 ліп. забіты Саід Нуры), перадачы органаў дзярж. кіравання пад кантроль грамадскіх арг-цый і ваенных. У выніку рэвалюцыі Ірак абвешчаны рэспублікай, сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Касемам (яго нам. і міністрам унутр. спраў стаў Арэф).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЬКО́Ў (Яўген Сямёнавіч) (30.9. 1909, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 15.12.1969),
расійскі літ.-знавец, крытык, перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1930). У Вял.Айч. вайну рэдактар выдання час. «Беларусь» (на рус. мове). У 1948—69 старшыня камісіі, потым савета па бел. л-ры пры праўленні Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1924. Аўтар прац пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, К.Чорнага, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова, К.Крапівы. На рус. мову пераклаў творы Я.Коласа, К.Чорнага, М.Лынькова, І.Мележа, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі. Пад яго рэдакцыяй упершыню выдадзены ў рус. перакладах творы Багдановіча, Куляшова, М.Танка, збор твораў Я.Коласа, кнігі Я.Купалы. Выступаў з артыкуламі па праблемах гісторыі і ідэйна-эстэт. традыцый бел. л-ры. За кнігу «Янка Купала» (1949) Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1648 па фундацыі палкоўніка С.Лозкі, перабудаваны ў 1760—75 маршалкам мазырскім К.Аскіркам У 1865 касцёл ператвораны ў Міхайлаўскі сабор, у 1876 адрамантаваны. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая мураваная базіліка з пяціграннай апсідай. Гал. 3-часткавы фасад — увагнута-пукатая арх. плоскасць, раскрапаваная звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Партал увахода завершаны фігурным крапаваным шчытом з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Трох’ярусныя (васьмярык на 2 чацверыках) шатровыя вежы (надбудаваны ў 1829) з элементамі класіцызму. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках. Да касцёла з усх. боку прымыкае кляштарны корпус (арх. Вісконці) — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У 1832 кляштар скасаваны, у 1839 пасля пажару корпус прыстасаваны пад бальніцу (1-ы паверх) і дзярж. ўстановы (2-і паверх).
А.М.Кулагін.
Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Будынак касцёла.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. З гравюры 1865.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙХРО́ВІЧ (Сцяпан Казіміравіч) (21.6.1908, в. Старэва Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1.7.1981),
бел. літ.знавец і крытык. Канд.філал.н. (1959). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). У 1944—48 дырэктар Дзярж.выд-ва Беларусі, у 1951—54 гал. рэдактар Вучэбнапед. выд-ва Беларусі, у 1959—70 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Асн. працы прысвечаны бел. л-ры 19 ст., помнікам стараж. пісьменнасці, якія разглядаў у плане бел.-рус. і бел.-польскіх культ. кантактаў. Аўтар «Нарыса беларускай літаратуры XIX ст.» (1957), «Нарыса гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV—XVIII ст.» (1980), кніг, прысвечаных бел.культ.-асветным дзеячам і пісьменнікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 30.5.1937, Мінск),
бел. архітэктар. Сын М.А.Малевіча. Скончыў БПІ (1961). Працаваў у Барысаўскім філіяле Мінскага аблпраекта (1961—73; гал. архітэктар праектаў), з 1976 нам.ген. дырэктара ін-та «Белбыттэхпраект» навук.-вытв. аб’яднання «Белбыттэхніка», з 1987 гал. архітэктар праектаў, кіраўнік майстэрні ін-та «Мінскграмадзянпраекг», з 1996 у камітэце па архітэктуры, горадабудаўніцтве і тэрытарыяльным планаванні Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: праекты планіроўкі і забудова мікрараёнаў гарадоў Барысаў, Слуцк, Чэрвень, Смалявічы, Крупкі Мінскай вобл. і інш. (1962—72), праекты цэнтр. плошчаў у Барысаве (1963, у сааўт.) і Беразіно Мінскай вобл. (1967), цэнтра курортнага пас. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1970); б-ка, спарт. корпус з плавальным басейнам, 9-павярховы жылы дом у Барысаве (1964—68); кінатэатр «Рагнеда» ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1988); бальніца з паліклінікай у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1998); крытыя корты ў комплексе «Дразды» каля Мінска (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЬШЫН (Геральд Рыгоравіч) (н. 5.8.1937, г.п. Фрунзе Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-ртэхн.н. (1983), праф. (1986). Скончыў Кіеўскі ін-тінж. грамадзянскай авіяцыі (1961). З 1970 вучоны сакратар Аддзялення фіз.-тэхн. навук, з 1974 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН Беларусі, адначасова з 1985 у Ваен. акадэміі Беларусі. З 1993 прэзідэнт Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій. Навук. працы па тэорыі аналізу і сінтэзу складаных комплексаў «чалавек-машына», метадах і сродках забеспячэння якасці і надзейнасці эргатычных сістэм, метадах аўтаматызацыі эрганамічнага праектавання складаных сістэм, сродках кантролю і кіравання функцыянальным станам чалавека-аператара. Дзярж. прэмія СССР 1985.
Тв.:
Управление режимами профилактик сложных систем. Мн., 1976;
Методы профилактического обслуживания эргатических систем. Мн., 1983 (разам з Я.Ю.Барзіловічам, В.Ф.Васкабоевым);
Обеспечение качества функционирования автоматизированных систем. Мн., 1986 (разам з С.В.Кірпічом).