РЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. reclamatio пярэчанне, неадабрэнне),

абгрунтаваная прэтэнзія спажыўца (заказчыка) на выяўленыя недахопы ў атрыманай ад даўжніка (вытворцы, пастаўшчыка, падрадчыка) прадукцыі ці ў выкананай рабоце. Прад’яўляецца даўжніку, калі якасць ці колькасць тавару, выкананая работа не адпавядаюць умовам дагавора, парушаюцца тэрміны пастаўкі тавару або парадак плацяжоў. Паслядоўнасць афармлення і прад’яўлення Р. ўстанаўліваецца пры заключэнні дагавора. Р. можа патрабаваць ліквідаваць выяўленыя недахопы, знізіць цану, замяніць дэфектны выраб ці кампенсаваць прычыненыя спажыўцу (заказчыку) страты.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТЫНІ́Т (ад позналац. retina абалонка сятчаткі),

запаленне сятчаткі вока, якое прыводзіць да зніжэння вастрыні зроку. Пры Р. ўзнікае ненармальная светлавое адчуванне (бляск «маланкі» ў вачах і інш.), звужэнне палёў зроку. Часцей узнікае ад узбуджальніка бактэрыяльнага паходжання (стрэптакок, стафілакок, пнеўмакок) або вірусаў (грыпу, герпесу); бывае таксама пры туберкулёзе, сіфілісе і інш., зрэдку ад светлавога іанізавальнага выпрамянення, блізарукасці, пашкоджання сятчаткі вока. Адрозніваюць Р. туберкулёзны, метастатычны, сонечны, лепрозны і інш. Лячэнне комплекснае.

т. 14, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САК,

у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавага мяшка, прывязанага да драўлянага абруча ў форме паўкруга, да якога пасярэдзіне прымацоўвалі доўгую ручку. Распраўлены ў вадзе С. нагадвае конус, падзелены па даўжыні папалам. Рыбачаць С. уброд і з лодкі. Адкрытай часткай падводзяць да куста ці да травы і заганяюць у яго рыбу шастом або нагамі. Выкарыстоўваюць пераважна для лоўлі рыбы ў рэках. Вядомы па ўсёй Беларусі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНАТО́РЫЙ-ПРАФІЛАКТО́РЫЙ,

лячэбна-прафілактычная ўстанова санаторнага тыпу. Размешчаны звычайна ў горадзе ці прыгарадзе. Падпарадкаваны прамысл. прадпрыемствам і іх прафс. органам. У С.-п. атрымліваюць лячэнне без адрыву ад вытв-сці асобы, якія хварэюць або працуюць ва ўмовах прафесійнай шкоднасці, працуючыя інваліды; арганізуюцца таксама С.-п. сямейныя (з дзецьмі), профільныя (з аднароднымі захворваннямі); рэабілітацыя пасля стацыянарнага лячэння (напр., пасля аперацыі). На Беларусі 109 С.-п. (2000).

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРАТРО́ФЫ [ад грэч. sapros гнілы + ...троф(ы)],

арганізмы, якія ўжываюць арган. злучэнні мёртвых цел або выдзяленні (экскрэменты) жывёл. Паводле тыпу харчавання адносяцца да гетэратрофаў. Удзельнічаюць у мінералізацыі арган. злучэнняў, з’яўляюцца важным звяном у біял. кругавароце рэчыва і энергіі. Да С. адносяцца бактэрыі, актынаміцэты, грыбы, расліны-паразіты, некат. водарасці, з жывёл — сапрафагі (напр., жукі-гнаевікі, вароны, гіены). Водныя С. ўдзельнічаюць ў біял. ачыстцы вады, глебавыя — у глебаўтварэнні, спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕА́Т»

(SEAT, скар. ад Sociedad Espafiola de Automoviles de Turismo),

сям’я легкавых аўтамабіляў аднайм. ісп. фірмы. Аўтамабілі асабліва малога і малога класаў выпускаюцца ў асн. па ліцэнзіі італьян. канцэрна «ФІ́АТ» з 1950. Кузаў 2- ці 4-дзверны седан або хэтчбэк. Усе мадэлі пярэднепрывадныя і з пярэднім размяшчэннем рухавіка. Магутнасць рухавіка ад 29 да 110 кВт, найб. скорасць да 218 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «СЕАТ»: мадэль «Ібіза» з кузавам хэтчбэк.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМПТАМАТЫ́ЧНАЯ ТЭРАПІ́Я,

від лячэння, накіраваны на ўстараненне або аслабленне асобных сімптомаў хваробы. Напр., назначэнне гарачкапаніжальных сродкаў пры ліхаманцы, анальгетыкаў пры болях, процікашлевых сродкаў пры захворваннях органаў дыхання, сардэчных гліказідаў пры сардэчнай недастатковасці і інш. У многіх выпадках адыгрывае ролю патагенетычнай тэрапіі, якая ўздзейнічае на механізмы развіцця хваробы (напр., назначэнне анальгетыкаў пры інфаркце міякарда). Да С.т. адносяцца і некат. бязлекавыя прыёмы фізіятэрапіі (напр., выкарыстанне магнітных палёў для змяншэння боляў).

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,

электрычная сінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме. Мех. энергія, якая пераўтвараецца С.г. у энергію пераменнага току, падаецца на ротар ад першаснага рухавіка — турбіны, рухавіка ўнутр. згарання і інш. С.г. з прыводам ад паравой або газавай турбіны наз. турбагенератарам, з прыводам ад гідраўл. турбіны — гідрагенератарам. Генератары дызельных электрастанцый прыводзяцца ў дзеянне дызельным рухавіком. Адрозніваюць 1- і 3-фазныя С.г. агульнапрамысл. і спец. прызначэння. Магутнасць да 1 ГВт і вышэй.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),

надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.

Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с. — т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).

Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл. Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.

Літ.:

Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;

Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;

Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1993;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Насякомыя: 1 — нагахвостка паранана; 2 — шчацінахвостка тармобія хатняя; 3 — багамол звычайны; 4 — клоп шчаўевы; 5 — конік пеўчы; 6 — гладыш звычайны; 7 — цыкада ліхтарніца кітайская; 8 — слонік-зелянушка; 9 — страказа пляскатая; 10 — матыль еўрытыдас; 11 — амафіла пясчаная; 12 — муха палявая; 13 — сколія-гігант.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,

гіст. агульнасць археалагічных помнікаў, што існавалі на акрэсленай тэрыторыі, прыкладна ў адзін час, аднастайныя па сваёй матэрыяльнай культуры, але істотна адрозніваюцца ад адначасовых помнікаў суседніх абласцей. Археалагічная культура — аб’ектыўна існуючая рэальнасць, якая адлюстроўвае ў рэштках матэрыяльнай культуры генезіс развіцця і гіст. лёс этнасу, якому яна належала. Звычайна археалагічнай культуры даюць назву па найб. характэрнай прыкмеце (штрыхаванай керамікі культура, шарападобных амфар культура), абрадзе пахавання (адзінкавых пахаванняў культуры), ад найб. значнага ці найб. даследаванага помніка (банцараўская культура, калочынская культура, мілаградская культура) або мясцовасці, дзе пашыраны старажытнасці гэтай культуры (верхнедняпроўская культура, нёманская культура і інш.). Адрозненні археалагічнай культуры павінны існаваць у такіх памерах і разнастайнасцях, якія немагчыма растлумачыць ні падабенствам умоў існавання, экалогіі і гасп.-культурнага тыпу, ні аднолькавым узроўнем грамадска-эканам. развіцця. У раннім жалезным веку адпаведнасць археалагічнай культуры пэўнаму этнасу парушаецца. Пад уплывам прыродных працэсаў і чалавечай дзейнасці яна можа ўзбагачацца або збядняцца. Разам з тым археалагічная культура — навук. паняцце, з дапамогай якога даследуецца гіст. працэс.

Літ.:

Клейн Л.С. Археологическая типология. Л., 1991;

Загорульский Э.М. Археология Белоруссии. Мн., 1965;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 1, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)