Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтр г. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтр г. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскае ваяв., усх.ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах.ч. Украіны з Львовам і паўд.ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯў фізіцы,
раздзел тэарэт. фізікі, які вывучае палі фізічныя. Функцыі поля выкарыстоўваюцца для апісання ўласцівасцей і паводзін неперарыўных фіз.сістэм. Ураўненні фіз. поля вызначаюць асн. закон руху (закон змены станаў) фіз. сістэмы. Рашэнні гэтых ураўненняў — функцыі фіз. поля — апісваюць магчымыя станы сістэмы.
Квантава-рэлятывісцкая П.т. грунтуецца на аб’яднанні спец.адноснасці тэорыі і квантавай механікі і складае аснову тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў. Падзяляецца на класічную тэорыю поля (першасна квантаваную) і квантавую тэорыю поля (другасна квантаваную). Кожнаму тыпу элементарных часціц (як першасных крыніц і як пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў) ставіцца ў адпаведнасць класічнае або квантавае поле. Функцыі класічнай П.т. апісваюць 1 элементарную часціцу ў квантавамех. сэнсе, функцыі квантавай П.т. становяцца аператарамі і выкарыстоўваюцца для апісання сістэм з пераменнай колькасцю часціц (квантаў дадзенага поля). Класіфікацыя і ідэнтыфікацыя элементарных часціц у межах класічнай П.т. ажыццяўляецца на аснове ўліку трансфармацыйных уласцівасцей функцый поля адносна пераўтварэнняў прасторава-часавай і інш. тыпаў сіметрыі. На падставе Нётэр тэарэмы ўстанаўліваюцца універсальныя і спецыфічныя захавання законы і вызначаюцца выразы (у тэрмінах функцый фіз. поля) для велічынь, якія захоўваюцца і вымяраюцца эксперыментальна. У калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў пераход ад лінейных ураўненняў свабодных палёў да нелінейных ураўненняў узаемадзейных палёў (элементарных часціц) ажыццяўляецца на аснове калібровачнай інварыянтнасці П.т. адносна лакальных пераўтварэнняў дынамічнай сіметрыі кожнага тыпу ўзаемадзеянняў. У выніку атрымліваюцца калібровачныя палі, адказныя за адпаведныя ўзаемадзеянні. Кванты такіх палёў (фатон, слабыя базоны, глюоны) выконваюць функцыі першасных пераносчыкаў эл.-магн., слабага (электраслабага) і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна, першаснымі крыніцамі якіх з’яўляюцца лептоны, кваркі і іх антычасціцы.
На Беларусі даследаванні па П.т. пачаліся ў 1940—50-я г. пад кіраўніцтвам Ф.Л.Фёдарава; праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.
Літ.:
Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,
дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.
Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЦЕ́ЙШЫЯ (Protozoa),
падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл. 5 (паінш. класіфікацыях да 9) тыпаў: саркамастыгафоры (Sarcomastigophora), апікомплексы (Apicomplexa), міксаспарыдыі, мікраспарыдыі, інфузорыі. Больш за 40 (70) тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. Некат. паразіт. П. выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі—шкоднікамі с.-г. і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш. шырока выкарыстоўваюцца ў біяфіз., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях. П. — важная састаўная ч.кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.
Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некат. буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш.арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія П. пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. З’яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Вывучае П. — протазаалогія. Гл. таксама Пратысталогія.
Літ.:
Серавин Л.Н. Простейшие..: Что это такое? М., Л., 1984;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987;
Хадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),
уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл.Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл.Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.А.Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.
Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл.Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ.Вып. 1—4. М., 1969;
Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФАРМІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у міжнар. рабочым руху, прадстаўнікі якой лічаць сац. рэформы і супрацоўніцтва паміж класамі і сац. групамі з супярэчлівымі, у т. л. антаганістычнымі інтарэсамі гал. шляхам да паляпшэння капіталіст. грамадства і яго пераўтварэння ў «сац. дэмакратыю», «грамадства дабрабыту» і г.д. Другі бок Р. — адмова ад радыкальнай рэвалюцыі і заваявання рабочым класам дзярж. улады, звужванне ролі класавай барацьбы, якая прызнаецца толькі ў канстытуцыйных межах і фактычна падмяняецца ідэяй сац. партнёрства. Сац. рэформа абвяшчаецца альтэрнатывай рэвалюцыі і карэнным зменам у грамадстве ў сац. кірунку. Гісторыя Р. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., калі частка лідэраў рабочага руху пад уплывам яго поспехаў прыйшла да высновы аб магчымасці паступовага рэфармісцкага паляпшэння тагачаснага грамадства (Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, А.Мільеран і інш.). Рабочы рух размежаваўся на рэфармісцкі (с.-д. партыі) і радыкальны (камуніст. партыі) кірункі. У працэсе сваёй эвалюцыі зах.-еўрап.сацыял-дэмакратыя імкнулася пазбавіць марксізм яго рэв. зместу.
Франкфурцкі кангрэс Сацыялістычнага Інтэрнацыянала (1951) абвясціў афіц. дактрынай Р. дэмакр. сацыялізм, які супрацьпастаўляецца марксісцка-ленінскаму разуменню сутнасці сацыяліст. грамадства і спосабаў яго пабудовы. У ідэалогіі Р. сацыялізм — перш за ўсё этычны ідэал, які выяўляецца ў прынцыпах свабоды. роўнасці, справядлівасці, чалавечнасці. У эканоміцы дапускаюцца грамадская ўласнасць і планаванне пры панаванні прыватнай уласнасці і капіталіст. канкурэнцыі. Рэфармісцкія ўрады, партыі і прафсаюзы, асабліва ў краінах Зах. Еўропы ў 1960—70-я г., праводзілі палітыку па стварэнні разгорнутай сістэмы сац забеспячэння працоўных і заваявалі значны ўплыў у грамадстве. У апошнія гады практычнае ажыццяўленне ідэй Р. сустракаецца са значнымі цяжкасцямі, прычыны якіх — глабальная капіталіст. інтэграцыя, узнікненне суперманаполій, абвастрэнне экалагічных праблем. Усё гэта не толькі звужае магчымасці сац. манеўравання і новых рэформ, але вядзе да згортвання ўжо існуючых сац. праграм і мер, напр. у галіне асветы, медыцыны. пенсіённага забеспячэння і інш.
Літ.:
Попов С.И. Буржуазная идеология на пороге XXI столетия. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НІЯ (Sachsen),
зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 18,4 тыс.км². Нас. каля 4,7 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Дрэздэн, найб. гарады Лейпцыг, Хемніц, Цвікаў, Гёрліц. Пераважаюць нізкагор’і (каля 400—500 м); на Пд на граніцы з Чэхіяй Рудныя горы (выш. да 1214 м), на Пн ускраіна Паўн.-Германскай нізіны. Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год ад 700—800 мм на Пн да 1000 мм у гарах. Лясы (хвоя, дуб, граб, бук) лепш захаваліся ў гарах. Эканоміка індустр.-агр. характару. Здабыча бурага вугалю каля Лейпцыга і Гёрліца, паблізу ЦЭС, прадпрыемствы па брыкетаванні вугалю, коксахіміі і хіміі. Развіты машынабудаванне (Дрэздэн, Лейпцыг, Хемніц), металургія і выраб трансп. сродкаў (Гёрліц і інш.), электратэхніка і электроніка (Дрэздэн, Хемніц), тэкст., фарфоравая, паліграф.прам-сць. У Рудных гарах традыц. выраб цацак і муз. інструментаў. У раўнінных і нізінных раёнах, у далінах рэк пераважае вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, агародніны. У даліне р. Эльба — вінаградарства. У горных раёнах пераважае жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны. Турызм (Рудныя горы, «Саксонская Швейцарыя», Дрэздэн, Лейпцыг і інш.).
Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны ў крас.—маі 1945 занята амер. (Заходняя С.), у маі — чэрв. 1945 і сав. (акрамя акругі Шварцэнберг) войскамі. Пасля вываду адсюль амер.акупац. войск (13.6—1.7.1945) уся тэр. сучаснай С. перайшла пад кантроль Сав.ваен. адміністрацыі ў Германіі і стала аднайм. зямлёй. З кастр. 1949 у складзе ГДР. У ліп. 1952 падзелена на акругі Хемніц (у 1953—90 наз. Карл-Маркс-Штат), Дрэздэн і Лейпцыг; невял. частка зямлі далучана да акруг Котбус і Гера. З кастр. 1990 новаўтвораная зямля ў складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), у яе ўвайшлі б. акругі ГДР Лейпцыг (б.ч.), Котбус (частка), Хемніц, Дрэздэн. Першая з новых (усх.) зямель ФРГ займела ўласную канстытуцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГНЕТАЭЛЕ́КТРЫКІ, фераэлектрыкі,
дыэлектрычныя і паўправадніковыя крышталі, якія ў пэўным інтэрвале т-р (у сегнетаэлектрычнай фазе) пры адсутнасці знешніх палёў маюць спантанную (самаадвольную) палярызацыю (гл.Палярызацыя дыэлектрыкаў); асобная група піраэлектрыкаў (гл.Піраэлектрычнасць). Палярызацыя С. абумоўлена зрушэннем іонаў крышталічнай рашоткі адносна іх месцазнаходжання ў непалярызаваных крышталях, а таксама ўпарадкаваннем атамных груп, якія маюць эл. дыпольныя моманты.
Характэрныя асаблівасці С. у сегнетаэлектрычнай фазе (наяўнасць даменаў, сегнетаэлектрычнага гістэрэзіса, вял.дыэлектрычнай пранікальнасці, залежнай ад напружанасці эл. поля, і інш.) выяўлены ў сегнетавай солі (адсюль назва). У некат. крышталяў такая фаза назіраецца пры т-рах, меншых заКюры пункт, вышэй якога С. страчваюць свае спецыфічныя ўласцівасці; існуюць крышталі, дзе яна абмежавана з двух бакоў пунктамі Кюры; некат. крышталі не маюць пункта Кюры і вобласць існавання сегнетаэл. фазы супадае з тэмпературнай вобласцю існавання крышталя; многія крышталі маюць некалькі сегнетаэл. фаз, якія адрозніваюцца рознай арыентацыяй палярызаванасці. Вядома некалькі соцень С., якія класіфікуюць паводле характару фазавага пераходу ў пункце Кюры, сіметрыі крышталёў і інш. З С. найб. вывучаны ніабат літыю, тытанаты барыю і стронцыю і інш. С. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі для ўзаемнага пераўтварэння гукавых і эл. сігналаў, вымярэння т-ры і ціску, у прыёмніках эл.-магн. хваль і інш.Гл. таксама Сегнетаэлектрычнасць.
На Беларусі даследаванні па фізіцы С. вядуцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам М.М.Сіраты; з 1960-х г. — таксама ў БДУ, Бел.пед. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Эксперыментальна даследаваны асаблівасці фіз. уласцівасцей С. паблізу ад фазавых пераходаў, распрацаваны метады вырошчвання новых крышталічных С. і вывучаны залежнасці іх уласцівасцей ад умоў вырошчвання і інш.
Літ.:
Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-СІМО́Н (Saint-Simon) Клод Анры дэ Руўруа
(de Rouvroy; 17.10.1760, Парыж — 19.5.1825),
французскі мысліцель, сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Са стараж. роду франц. арыстакратаў. Вучань Ж.Л.Д’Аламбера. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. У гады франц. рэвалюцыі 1789—94 далучыўся да якабінцаў, але потым адышоў ад іх. З 1797 займаўся навук. дзейнасцю. Асн. творы: «Пісьмы жэнеўскага жыхара да сучаснікаў» (1803), «Аб прамысловай сістэме» (1821), «Катэхізіс прамыслоўцаў» (1823—24), «Новае хрысціянства» (1832), «Нарыс навукі пра чалавека», «Праца пра сусветнае прыцяжэнне» (абодва 1859). Паводле С.-С., грамадства ў сваім развіцці праходзіць шэраг ступеняў — ад першабытнай праз рабства да феад.-саслоўнага ладу. Рухаючай сілай яго выступаюць ідэі (рэліг., метафіз., навук.) і «індустрыя» (эканам. дзейнасць людзей). Кожная ступень грамадства характарызуецца стваральнай («арганічнай») і разбуральнай («крытычнай») стадыямі. На «крытычнай» стадыі феад.-саслоўная сістэма замяняецца новай, т.зв. «прамысловай сістэмай», якая грунтуецца на навук. ведах, планаванні гаспадаркі, размеркаванні па здольнасцях, абавязковай для ўсіх грамадзян працы і г.д. У якасці базавых прынцыпаў функцыянавання ідэальнага грамадства С.-С. прапанаваў навук. арг-цыю працы, адмену права на спадчыну, грамадскую лесвіцу, як строгую «іерархію здольнасцей». Лічыў, што ў выніку радыкальных пераўтварэнняў у паліт. і эканам. сферах мірным шляхам будуць створаны неабходныя ўмовы для развіцця індывід. здольнасцей кожнага чалавека ў адпаведнасці з яго прыродай, будзе выключана магчымасць эксплуатацыі чалавека чалавекам, сфарміруецца адзіны клас — «індустрыялаў»; важную ролю ў пераадольванні сац. супярэчнасцей, кансалідацыі розных сац. слаёў будзе адыгрываць новая рэлігія — «новае хрысціянства».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. М.;
Пг., 1923;
Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1948.
Літ.:
Плеханов Г.В. Французский утопический социализм XIX в. // Избр. филос. произв. М., 1957. Т. 3;
Волгин В.П. Сен-Симон и сен-симонизм. М., 1961;
Кучеренко Г.С. Сен-симонизм в общественной мысли XIX в. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РА (лац. Sulfur),
S, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 16, ат. м. 32,066; адносіцца да халькагенаў. Прыродная С. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 32—34 і 36; асн. з’яўляецца 32S (95,02%). У зямной кары 5∙10−2% па масе; трапляецца ў свабодным стане (гл.Сера самародная) і ў выглядзе сульфідных (пірыт, галеніт, кінавар і інш.) і сульфатных (гіпс, барыт, ангідрыт, мірабіліт і інш.) мінералаў. Злучэнні С. ёсць у вуглях, сланцах, нафце, прыродным газе. Адзін з найважн. біягенных элементаў. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Неметал. Да т-ры 95,39 °C устойлівая рамбічная мадыфікацыя С. (a-S) — лімонна-жоўтыя крышталі, шчыльн. 2070 кг/м³, tпл 112,8 °C, пры т-ры вышэй за 95,39 °C і да tпл 119,3 °C — манаклінная (β-S) — мядова-жоўтыя крышталі, шчыльн. 1960 кг/м³. Вядомы і інш. мадыфікацыі С., напр., пры рэзкім ахаладжэнні расплаўленай С. атрымліваюць аморфную С. (шчыльн. 1920 кг/м³). Дыэлектрык (шырыня забароненай зоны для α-S 2,6 эВ); цвёрдая С. — дыямагнетык. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе, феноле. Пры награванні непасрэдна ўзаемадзейнічае з усімі (акрамя ёду, азоту і інертных газаў) неметаламі (гл.Серы аксіды, Серы фтарыды, Серы хларыды, Серавуглярод, Серавадарод) і металамі (акрамя золата і плаціны) з утварэннем сульфідаў. Ступень акіслення С. ў злучэннях -2, +2, +4, +6. Вядомы шматлікія сераарганічныя злучэнні. Атрымліваюць з самародных руд, а таксама акісленнем серавадароду або аднаўленнем дыаксіду серы. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання сернай к-ты (прыкладна 50% вырабляемай С.), сульфітаў, барацьбы са шкоднікамі с.-г. культур. вулканізацыі гумы, а таксама ў вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, штучнага валакна, сульфідаў і інш.; уваходзіць у склад галовак запалак (серка), мазей для лячэння скурных хвароб. Пыл С. раздражняе органы дыхання, слізістыя абалонкі; ГДК у паветры 0,07 мг/м³.