«Я́МАЧКІ»,
бел. нар. гульня. Для гульні патрэбны тэнісны мяч і 15—20 каменьчыкаў. Кожны ўдзельнік капае па прамой лініі ямачку глыбінёй 2,5—3 см і дыяметрам 3,5—4 см на адлегласці паміж ямачкамі 20—25 см. Затым выбіраецца «каток», які становіцца каля крайняй ямкі, астатнія гульцы — каля іншых. «Каток» коціць мяч, і, калі ён трапляе ў ямку, усе ўцякаюць, а гаспадар ямкі хапае мяч і гаворыць: «Стоп!» Усе спыняюцца, і ён кідае мяч у аднаго з гульцоў. Калі пападзе, кладзе ў яго ямку каменьчык, калі прамахнецца — кладзе каменьчык у сваю ямку. Гульцы могуць ухіляцца ад мяча, але пры гэтым не павінны сыходзіць са свайго месца. Затым «каток» коціць мяч ізноў. Ямка, у якую будзе пакладзена 3 каменьчыкі, закопваецца, і яе гаспадар выбывае з гульні. Калі мяч не закоціцца ні ў адну ямку, каменьчык кладзецца ў ямку «катка». Гульня заканчваецца, калі застаецца адзін гулец ці «каток», у ямцы якога знаходзіцца не больш за 2 каменьчыкі. Наступным «катком» становіцца гаспадар бліжэйшай ямкі.
Я.Р.Вількін.
т. 18, кн. 1, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)