ЭЛЕКТРО́Н (ад грэч. elektron бурштын),

стабільная элементарная часціца з адзінкавым адмоўным зарадам элементарным. Мае масу спакою me = 9,1095 × 10​−31 кг, спін 1/2 і магн. момант, прыкладна роўны магнетону Бора. Лічыцца. што час жыцця Э. большы за 2∙10​22 гадоў. Адносіцца да класа лептонаў. Абазначаецца e (часам e​− у адрозненне ад пазітрона). Адкрыты ў 1897 Дж.​Дж.Томсанам.

Э. удзельнічае ў эл.-магн., слабым і гравітацыйным узаемадзеяннях элементарных часціц. У класічнай электрадынаміцы Э. апісваецца ўраўненнямі Лорэнца—Максвела; у квантавай механіцы — Шродынгера ўраўненнямі (для нерэлятывісцкіх з’яў) і Дзірака ўраўненнямі (для рэлятывісцкіх з’яў; гл. Адноснасці тэорыя). Характар размяшчэння Э. ў атамных абалонках і запаўнення імі энергетычных узроўняў абумоўлены іх спінам (г.зн. Э. падпарадкоўваюцца Паўлі прынцыпу), што вызначае эл., хім., аптычныя і інш. ўласцівасці атамаў і малекул і вядзе да перыяд. паўтарэння ўласцівасцей хім. элементаў (гл. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева). Характар руху Э. і іх размеркаванне па энергіях вызначае электраправоднасць, цеплаправоднасць і інш. ўласцівасці цвёрдых і вадкіх цел. Даследаванні ўласцівасцей і асаблівасцей руху Э. стымулявала развіццё фізікі і стварэнне новых галін тэхнікі.

А.​А.​Богуш.

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)