РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.​Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.

Тв.:

Рус. пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;

Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;

Почему я не христианин. М., 1958;

История западной философии. М., 1959.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (РСДРП),

рэвалюцыйная марксісцкая партыя ў Расіі. Абвешчана на Першым з’ездзе РСДРП (1898, Мінск); закончана стварэнне партыі на II з’ездзе (1903, Брусель—Лондан), які прыняў Праграму і Статут, сфарміраваў ЦК і цэнтр. орган партыі — рэд. газ. «Искра», замацаваў перамогу радыкальнай большасці (прыхільнікі У.І.Леніна) над больш памяркоўнай меншасцю (Л.Мартаў, П.​Б.​Аксельрод, Г.В.Пляханаў і інш.). Паводле вынікаў II з’езда ў партыі склаліся 2 плыні: камуніст. — бальшавікі і сацыял-дэмакр. — меншавікі; яны вялі паміж сабой барацьбу, але заставаліся ў рамках адной РСДРП. VI (Пражская) Усерас. канферэнцыя РСДРП (1912) выключыла з партыі меншавікоў-ліквідатараў (прыхільнікаў пераўтварэння РСДРП у легальную парламенцкую партыю). З гэтага часу фактычна існавалі 2 партыі: РСДРП бальшавікоў і РСДРП меншавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Расіі (у т. л. на Беларусі) непрацяглы час (да жн.—вер. 1917) існавалі аб’яднаныя с.-д. арганізацыі РСДРП («аб’яднанкі»), якія ліквідаваны па ініцыятыве бальшавікоў. На VII з’ездзе (1918) РСДРП бальшавікоў перайменавана ў Рас. Камуніст. партыю (бальшавікоў), на XIV з’ездзе (1925) — ва Усесаюзную Камуніст. партыю (бальшавікоў), на XIX з’ездзе (1952) — у Камуністычную партыю Савецкага Саюза (КПСС). РСДРП меншавікоў адмоўна ўспрыняла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, у грамадз. вайну актыўна змагалася супраць бальшавікоў. У 1924 яна як арганізаваная сіла спыніла існаванне на тэр. СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Літ.:

История политических партий России М., 1994;

Гл. таксама літ. пры арт. Камуністычная партыя Савецкага Саюза, Меншавікі.

т. 13, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІБІ́РСКАЕ ХА́НСТВА, Сібірскі юрт,

феадальная татарская дзяржава ў Зах. Сібіры і Паўн. Казахстане ў 15—16 ст.

Склалася ў 1420—90-я г. ў бас. рэк Табол, Тура, Об, Іртыш пасля распаду Залатой Арды. Да пач. 16 ст. сталіца г. Чынгі-Тура (сучасная Цюмень), пазней — г. Кашлык (другая назва Сібір, ад якой і назва ханства). Асн. насельніцтва — цюркамоўныя і уграмоўныя плямёны, якія паступова кансалідаваліся ў тат. этнас (сібірскія татары); ад іх залежалі ханты, мансі і інш. заходнесібірскія народы. Дзярж. рэлігія — іслам. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбалоўства, рамёствы (ганчарства, кушнерства, ткацтва, плаўка і апрацоўка металаў), гандаль з Сярэдняй Азіяй, Нагайскай Ардой, Казанскім ханствам, Манголіяй, Зах. Кітаем і Рус. дзяржавай. У С.х. правілі ханы — нашчадкі Джучы і яго сына Шэйбана, вял. уплывам карысталася качавая арыстакратыя — бекі, мурзы і тайбугі. З узмацненнем у сярэдзіне 16 ст. рус. націску на С.х. ханская ўлада ў ім аслабла, у 1555 хан Едыгер прызнаў сябе васалам Рас. дзяржавы. У 1563 ханам стаў Кучум, які з 1572 актыўна выступаў супраць Расіі. У 1581—82 казацкі атаман Ярмак пры падтрымцы рус. прамыслоўцаў Строганавых ажыццявіў паход супраць С.х., разбіў асн. войскі Кучума і захапіў Кашлык. У 1585 Кучум знішчыў атрад Ермака, аднак рас. войскі неўзабаве аднавілі прасоўванне ў С.х., будуючы на яго тэр. крэпасці (Тара, Табольск, Бярозаў). У 1598 Кучум канчаткова разбіты рас. ваяводам А.​Ваейкавым на р. Бердзь; С.х. спыніла існаванне, яго тэр. далучана да Расіі.

т. 14, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.​Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.​Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас. сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел. сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.​Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.

З.​В.​Шыбека.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАГАНІ́ЗМ (ад грэч. antagōnisma спрэчка, барацьба),

ідэйнае, паліт., маральнае і інш. процістаянне супрацьлеглых варожых сіл; адна з формаў супярэчнасцяў, што назіраюцца ў прыродзе і грамадстве. Адметная рыса антаганізму — непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з’яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т. л. ў сац. філасофіі (творы класікаў і класавай барацьбы, грамадска-эканам. фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманіст. і рэліг.-маральных філас. вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёю і прыродай усё большыя, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).

А. у біялогіі выяўляецца перш за ўсё ў барацьбе за існаванне. Найб. выразныя антаганіст. адносіны паміж драпежнікам і яго здабычай, гаспадаром і паразітам, а таксама канкурэнтныя ўзаемаадносіны (напр., за святло і мінер. жыўленне ў раслін, за кармы і месца пражывання ў жывёл). У фізіялогіі падобныя адносіны выяўляюцца ў разнастайнасці ўмоўна процілеглых функцый органаў або сістэм арганізма, якія ўдзельнічаюць у адначасовай спалучанай дзейнасці (актывацыя — інгібіраванне, узбуджэнне — тармажэнне, узмацненне — аслабленне, асіміляцыя — дысіміляцыя). А. рэчываў — від узаемадзеяння амінакіслот, вітамінаў, гармонаў, метабалітаў і антыметабалітаў у арганізме, які характарызуецца палярным дзеяннем: узмацненнем ці аслабленнем пэўных рэакцый. А. мікраарганізмаў выяўляецца ў тармажэнні або прыгнечанні жыццядзейнасці адных відаў мікраарганізмаў іншымі. Упершыню адзначыў франц. вучоны Л.​Пастэр (1877). Найб. рэзкі антаганізм сярод актынаміцэтаў, плесневых грыбоў, бактэрый; назіраецца таксама сярод дражджэй, водарасцяў і прасцейшых. Дзейнасць мікробаў-антаганістаў спрыяе ачышчэнню глебы ад патагенных мікраарганізмаў.

В.​І.​Боўш.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКЕ́ВІЧ (Witkiewicz) Станіслаў Ігнацы [псеўд. Віткацы

(Witkacy); 24.2.1885, Варшава — 18.9.1939], польскі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, мастак, філосаф. Сын мастака і пісьменніка С.​Віткевіча (1851—1915). Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (1904—06, 1908—10). У 1918—22 чл. маст. групы «Польскія фармісты». Пачаў друкавацца ў 1919. Свае эстэт. і філас.-грамадз. погляды выклаў у працах «Новыя формы ў жывапісе і недарэчнасці, што адсюль вынікаюць» (1919),

«Эстэтычныя замалёўкі» (1922), «Тэатр» (1923). Напісаў больш як 30 п’ес («У малым дворыку», 1923; «Новае вызваленне», «Вар’ят і манашка», абедзве 1926; «Шаўцы», выд. 1948, паст. 1957; «Маці», паст. 1964; «Яны», паст. 1966, і інш.), іх паэтыка блізкая да экспрэсіянізму і сюррэалізму, часткова прадвызначыла абсурду драму. Аўтар раманаў «622 падзенні Бунга, або Дэманічная жанчына» (нап. 1910—11), «Адзінае выйсце» (нап. 1932—33, выд. 1968). У гратэскна-фантаст. раманах «Развітанне з восенню» (1927), «Ненаеднасць» (1930), напоўненых разважаннямі і дыскусіямі на філас., сац., эстэт. і паліт. тэмы, паказаў крызіс еўрап. культуры, абумоўлены ўсеагульнай уніфікацыяй жыцця, дэфармацыю і алагічнасць сучаснай цывілізацыі. Творчасць Віткевіча-мастака развівалася ў кірунку своеасаблівага экспрэсіянізму. У 1917—25 стварыў паўабстрактныя, фантаст.-сімвалічныя кампазіцыі «Барацьба стыхій» (1920), «Візіт да раджы» (1923) і інш. Пазней парваў з «чыстым мастацтвам». У філас. рабоце «Паняцці і сцвярджэнні, звязаныя з паняццем існавання» (1935) інтэрпрэтацыя праблемы «адзінка — існаванне», дадзеная Віткевічам, пазначана пэўнымі рысамі экзістэнцыялізму. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Dzieła wybrane. Т. 1—5. Warszawa, 1985;

Рус. пер. — Сапожники: Драмы. М., 1989.

Літ.:

Sokół L. Groteska w teatrze S. I. Witkiewicza. Warszawa, 1973;

Błoński J. S.I.Witkiewicz jako dramaturg. Kraków, 1973;

Degler J. Witkacy w teatrze międzywojennym. Warszawa, 1973.

В.​В.​Саладоўнікаў.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГЕ́Н ((Gauguin) Эжэн Анры Поль) (7.6.1848, Парыж — 8.5.1903),

французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.

Літ.:

Даниельсон Б. Гоген в Полинезии. М.; Л., 1969;

Перрюшо А. Жизнь Гогена: Пер. с фр. М., 1989.

Н.​М.​Усава.

П.Гаген. Ave Maria. 1887.
П.Гаген. Аўтапартрэт. 1897.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЛЬНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае мадэлі канфліктных сітуацый (калі сутыкаюцца інтарэсы двух ці больш бакоў) і распрацоўвае метады аптымальных паводзін у такіх сітуацыях. Як навука сфарміравалася ў 1940-я г. пераважна на аснове работ амер. матэматыкаў Дж.​Неймана і О.​Моргенштэрна па развіцці матэм. падыходу да з’яў канкурэнтнай эканомікі. Асн. праблематыка: матэм. мадэлі канфліктаў, існаванне і прынцыпы аптымальных рашэнняў, метады іх пошуку. Выкарыстоўваецца ў сац.-эканам. даследаваннях, ваен. справе, матэм. статыстыцы, метадах аптымізацыі паводзін ва ўмовах неакрэсленасці і інш.

Матэм. мадэль канфлікту (гульня) апісвае ўдзельнікаў канфлікту (гульцоў), магчымыя дзеянні бакоў (стратэгія), вынікі гульні, зацікаўленыя бакі і іх перавагі на мностве вынікаў (перавагі часта выражаюцца лікавымі функцыямі выйгрышу). Класіфікацыя гульняў вызначаецца ўласцівасцямі мадэлі. Прыняцце рашэння ў гульнях тэорыі складаецца з дэтэрмінаванага (або выпадковага) выбару стратэгіі кожным з гульцоў; як правіла, ніводзін з бакоў не ведае загадзя, якія будуць дзеянні праціўніка. У многіх выпадках стратэгія кожнага гульца раскрываецца толькі ў працэсе пакрокавага (як у шахматах) прыняцця рашэнняў. Фармальным выражэннем інтуітыўнага паняцця найлепшага рашэння з’яўляецца прынцып аптымальнасці, выводзіцца з папярэдне прынятых аксіём (распрацавана некалькі такіх прынцыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў розных класах гульняў) і грунтуецца ў большасці выпадкаў на спалучэнні ідэй экстрэмальнасці і ўстойлівасці рашэнняў. Прынцып ажыццявімасці мэты прыводзіць да стратэгій, індывідуальныя адхіленні ад якіх не павялічваюць выйгрыш; асобны выпадак — прынцып максіміну, адлюстроўвае імкненне максімізаваць мінімальна магчымы выйгрыш. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.

Літ.:

Нейман Дж., Моргенштерн О. Теория игр и экономическое поведение: Пер. с англ. М., 1970;

Вилкас Э.И. Оптимальность в играх и решениях. М., 1990;

Воробьев Н.Н. Основы теории игр: Бескоалиционные игры. М., 1984.

Г.​М.​Левін.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАЗІ́ЙСТВА,

ідэйна-палітычная і філас. плынь у рас. эміграцыі 1920—30-х г. Пачаткам руху стаў выхад зб. «Выйсце да Усходу» (Сафія, 1921) групы маладых рус. вучоных-эмігрантаў. Гіст.-філас. і геапаліт. дактрына Е., услед за ідэямі позніх славянафілаў, ва ўсім супрацьпастаўляла гіст. лёсы, задачы і інтарэсы Расіі і Захаду і трактавала Расію як «Еўразію». Асн. тэарэтыкі — М.С.Трубяцкой, Г.​В.​Флароўскі, Л.П.Карсавін, П.​М.​Савіцкі, Г.У.Вярнадскі. Мэта Е. — стварыць новую ідэалогію, здольную асэнсаваць тое, што адбылося з Расіяй пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, і абгрунтаваць метады дзеяння «для адраджэння Айчыны» на аснове трывалага Саюза ўсходнеславянскіх народаў — рускіх, украінцаў, беларусаў. Тэрыторыю Расіі (СССР) еўразійцы разумелі як непаўторную гіст. і геагр. індывідуальнасць, адметны свет, які не належыць ні да Еўропы, ні да Азіі. Агульнаметадалагічным іх прынцыпам стаў поліцэнтрызм: Еўразія не супрацьпастаўляецца ўсяму «астатняму свету», яна — не якісьці міфічны цэнтр, што дамінуе ў свеце, а адзін з сусв. цэнтраў. Асн. ідэі Е.: самабытнасць культуры (на базе велікарускай), панаванне ідэалогіі (стрыжань — праваслаўе), агульнанац. інтарэс; канцэпцыя ўлады прадугледжвала кіруючую партыю (пераемніцу бальшавікоў) як дзярж.-ідэалаг. саюз, які не супадае з дзярж. апаратам. На 1-м этапе еўразійцы ажыццявілі шэраг плённых гіст.-культ. распрацовак, але потым Е. пачало набываць усё больш паліт. афарбоўку: левае яго крыло прызнавала заканамернасць рас. рэвалюцыі і апраўдвала бальшавізм, што выклікала пратэст другой часткі еўразійцаў. У выніку некалькіх расколаў у сярэдзіне 1930-х г. Е. як арганізаваны рух спыніла сваё існаванне. У апошнія гады інтарэс да яго ідэй аднавіўся.

Літ.:

Люкс Л. Евразийство: Пер. с нем. // Вопр. философии. 1993. № 6.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫДО́ЎСТВУЮЧЫХ» Е́РАСЬ, наўгародска-маскоўская ерась,

рэлігійнае вучэнне апошняй трэці 15 — пач. 16 ст. ў Ноўгарадзе (потым і Маскве), прыхільнікі якога былі абвінавачаны правасл. духавенствам у далучэнні да іудаізму (адсюль назва). Узнікла ва ўмовах барацьбы ВКЛ і Вял. княства Маскоўскага за ўплыў на Ноўгарад у апошні перыяд яго самастойнасці. У 1470—71 намеснікам вял. князя ВКЛ у Ноўгарадзе быў М.​А.​Алелькавіч (гл. ў арт. Алелькавічы), у свіце якога былі вучоныя яўрэі: лейб-медык Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скарабей. Прынесеныя імі ідэі ахапілі частку мясц. духавенства і гараджан прамаскоўскай арыентацыі (пратапопы Дзяніс і Аляксей. пратапоп Сафійскага сабора Гаўрыіл). Створаная секта мела тайны характар. У 1479 вял. кн. маскоўскі Іван III перавёў у Маскву ў прыдворныя цэрквы Дзяніса і Аляксея, якія распаўсюдзілі ерась сярод баярства і пры двары. Сярод ерэтыкоў былі дзяк Пасольскага прыказа Ф.​Курыцын, нявестка Івана III Алена, баяры І.​Патрыкееў, С.​Рапалоўскі і інш. «Жыдоўствуючыя» крытыкавалі царк. іерархію, падвяргалі сумненню боскасць Хрыста, траістасць Бога, існаванне замагільнага жыцця, адмаўлялі ўсе прадметы рэліг. культу, ін-т манаства і інш. Ерась была выкрыта ў 1487 і асуджана царк. саборамі 1488, 1490, 1503 і 1504. Наўгародскі архіепіскап Генадзь і настаяцель Валакаламскага манастыра Іосіф Валоцкі абвінавацілі ерэтыкоў у схіленні ў іудаізм (што аспрэчваецца шэрагам гісторыкаў) і дамагліся ад Івана III санкцыянавання ў 1504 смяротных прысудаў іх кіраўнікам. Пасля гэтага ерась заняпала, некат. «жыдоўствуючыя» ўцяклі ў ВКЛ. Крыніцамі вывучэння «Ж.» е. з’яўляюцца пасланні Генадзя, праца Іосіфа Валоцкага «Асветнік», матэрыялы царк. сабора 1490, літ. помнікі саміх «жыдоўствуючых» (пераклады кніг Старога Запавету на царк.-слав. мову рус. рэдакцыі з дамешкам беларусізмаў).

С.​В.​Марозаеа.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)