ЦЫНЬ,
старажытнакітайскае царства. Узнікла каля 10 ст. да н.э. Першапачаткова залежала ад дынастыі Чжоў. Яго тэрыторыя ўключала зах. і паўн.-зах. часткі сучаснай прав. Шэньсі, усх. ч. Ганьсу і Пн Сычуані. У перыяд Cantio (5—3 ст. да н.э.) была адной з 7 магутных дзяржаў Кітая. Узмацненне Ц. звязана з рэформамі Шан Яна. У сярэдзіне 4 ст. да н.э. пачало барацьбу супраць інш. царстваў і да 221 да н.э. падпарадкавала іх, стварыўшы цэнтралізаваную імперыю Ц. Заснавальнік імперыі — Цынь Шыхуандзі (259—210 да н.э.), правіцель царства Ц. [246—221 да н.э.] і імператар [221—210 да н.э.]. Пры ім дзяржава падзелена на 36 адм. акруг, уніфікавана пісьменнасць, створана адзіная сістэма мер і вагаў, пачалося будаўніцтва (у 215 да н.э.) Вялікай кітайскай сцяны. У 212 да н.э. жорстка расправіўся з канфуцыянцамі. Узмацненне падатковага ціску і няспынныя войны выклікалі нар. паўстанні пад кіраўніцтвам Чэнь Шэна, У Гуана, Лю Бана і інш. У 207 да н.э. войска Лю Бана захапіла сталіцу Сяньян, дынастыя Ц. спыніла існаванне.
Літ.:
Переломов Л.С. Империя Цинь — первое централизованное государство в Китае (221—202 гг. до н.э.). М., 1962.
т. 17, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)