НА́РАЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, беларускае зледзяненне, ясельдзінскае зледзяненне,
першае раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Адбылося пасля брэсцкага перадледавікоўя каля 690—600 тыс.г.назад. Ледавік ахапіў амаль усю тэр. Беларусі за выключэннем некаторых участкаў на Пд. У час Н.з. ўзніклі астраўныя ўзвышшы на месцы сучасных Гродзенскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага і Мінскага ўзвышшаў, а таксама шматлікія лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Ледавіковыя (асноўная, канцавая і інш.марэны) водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады захаваліся пераважна ў межах Беларускай грады і ў днішчах лагчын. Магутнасць адкладаў да 50—70 м. Марэны складзены з супеску і суглінку са жвірам, галькай і валунамі, утвораны са скандынаўскага, прынесенага ледавіком, і мясц. матэрыялу, у т. л. адорвені палеагенавых, мелавых і інш. парод. У складзе абломкаў найбольш асадкавых парод (70—80%), сярод крышталічных пераважаюць ружовыя граніты, парфірыты і інш. Паводле інш. меркаванняў Н.з. магло складацца з 2 самаст. зледзяненняў — уласна нараўскага і ясельдзінскага, падзеленых карчоўскім міжледавікоўем. Н.з. або яго частка адпавядае гюнцкаму (або міндэльскаму-1) зледзяненню ў Альпах, эльстэрскаму-1 у Германіі, санскаму-1 у Польшчы, данскому ў еўрап.ч. Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕПЕРАМО́ЖНАЯ АРМА́ДА»
(ісп. «La Armada invencible»),
буйны ваен. флот, створаны Іспаніяй у 1586—88 для заваявання Англіі ў час англа-ісп. вайны 1587—1604. Складалася з высакабортных цяжкакіроўных караблёў, прызначаных пераважна для абардажнага бою (128 караблёў з 2,4 тыс. гармат, больш за 8 тыс. матросаў і 19 тыс. салдат). «Н.а.» пад камандаваннем герцага А.П.Медыны-Сідоніі 30.5.1588 выйшла з Лісабона, але з-за шторму затрымалася ў Ла-Каруньі да 22 ліпеня. Меншыя, але больш манеўраныя англ. караблі з моцнай артылерыяй (197 караблёў з 6,5 тыс. гармат, 12 тыс. матросаў і 4 тыс. салдат) пад камандаваннем Ч.Хоўарда і Ф.Дрэйка 31 ліп. — 8 жн. ў Ла-Маншы неаднаразова атакавалі «Н.а.» і нанеслі ёй значныя страты (патапілі каля 20 караблёў). Не дасягнуўшы мэты, ісп. флот рушыў вакол Брыт. а-воў назад у Іспанію, але каля Аркнейскіх а-воў і берагоў Ірландыі ў выніку шторму каля 40 караблёў патанулі, і ў вер. 1588 у Сантандэр вярнуліся толькі 65 караблёў з 9—10 тыс.чал. Гібель «Н.а.» падарвала марскую магутнасць Іспаніі.
Літ.:
Стенюи Р. Сокровища Непобедимой Армады: Пер. с фр.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,
асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.
Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.
эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Эстоніі (1968). Нар.арт.СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.Кінгісепа, з 1970 яго гал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.
Тв.:
Рус.пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУШКІ́, пастушковыя (Ralli, Rallidae),
сямейства птушак атр. жураўлепадобных. Вядомы з пачатку эацэну (каля 45 млн.г.назад). Па розных класіфікацыях — ад 18 да 62 родаў, ад 129 да 165 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. — у тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. Жывуць у зарасніках каля вады, на вільготных лугах. Многія актыўныя на змярканні і ўначы. На Беларусі 7 пералётных відаў: драч, лысуха, пагонічы (3 віды), чаротніца, пастушок вадзяны; трапляюцца пераважна на Палессі. 8 відаў і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, пагоніч малы — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 65 см, маса да 1 кг і больш. Апярэнне шэра- або чырванавата-бурае, стракатае, у трапічных відаў яркае з метал. бляскам. Цела і дзюба сціснуты з бакоў. Крылы кароткія, круглявыя. Ногі дужыя, пальцы доўгія. Хутка бегаюць, добра плаваюць, ныраюць. Кормяцца раслінамі і дробнымі жывёламі. Манагамы, паўвывадкавыя птушкі. Нясуць да 18 яец, многія віды — двойчы за год. Аб’екты палявання.
Э.Р.Самусенка.
Пастушкі: 1 — вадзяны; 2 — пагоніч-крошка; 3 — султанка (а — маладая; б — дарослая); 4 — лысуха чубатая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),
1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл.Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.
2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ГКАСЦЬматэрыялаў,
уласцівасць цел аднаўляць сваю форму і аб’ём (цвёрдыя целы) ці толькі аб’ём (вадкасці і газы) пасля спынення дзеяння знешніх сіл, якія выклікалі іх дэфармацыю. У цвёрдых целах і вадкасцях П. абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж часцінкамі рэчыва, у газах — кінетычнай энергіяй руху малекул.
У целах з ідэальнай П. дэфармацыя поўнасцю знікае пасля спынення дзеяння сілы, у рэальных целах застаецца т.зв. астаткавая дэфармацыя (гл.Пластычнасць). Дэфармацыю пругкіх цел пад уздзеяннем знешніх сіл вывучае пругкасці тэорыя. У большасці матэрыялаў пры малых дэфармацыях залежнасць паміж напружаннем механічным і дэфармацыяй з’яўляецца лінейнай і апісваецца Гука законам. Пругкія ўласцівасці цел, што падпарадкоўваюцца абагульненаму закону Гука, характарызуюцца модулямі пругкасці. Затрачаная на пругкую дэфармацыю энергія вяртаецца назад у працэсе аднаўлення формы ці аб’ёму цела, таму пругкія целы могуць служыць акумулятарамі мех. энергіі, напр., гадзіннікавая спружына.
Літ.:
Френкель Я.И. Введение в теорию металлов. 4 изд. Л., 1972;
Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.
Да арт.Пругкасць матэрыялаў. Шарыкавая мадэль элементарнай ячэйкі кубічнага крышталя: 1 — у раўнавазе пры адсутнасці знешніх сіл; 2 — пад дзеяннем знешняга датычнага напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́ТЫ (Batomorpha, або Batoidei),
надатрад пласцінажабравых рыб. Вядомы з верхняй юры, шматлікія з верхняга мелу (каля 200—140 млн.г.назад). 5 атр.: піларылападобныя (пілы-рыбы), гнюсападобныя, або эл. С. (Torpediniformes), хвастаколападобныя (Dasyatiformes), ромбаскатападобныя (Rajiformes) і рохлепадобныя (Rhinobatiformes). 14 (16) сям., каля 50 родаў, 350 відаў. Пашыраны ў акіянах, трапляюцца на мелкаводдзі і да глыб. 2700 м, ёсць прэснаводныя (у бас.р. Амазонка і інш.). Прыдонныя рыбы, акрамя мантавых і хвастаколавых, якія жывуць у тоўшчы вады.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў да 7 м, маса да 2,5 т. Цела плазаватае, шырокае, дыска- або ромбападобнае. Скура голая або ўкрыта шыпамі. Зубы шыпападобныя ці пляскатыя, закругленыя Жабравых адтулін 5, на брушным баку. Грудныя плаўнікі вял., іх краі зрошчаны з бакамі галавы і тулава. Спінныя плаўнікі на хвасце або адсутнічаюць. Хвастаколападобныя маюць калючыя хваставыя шыпы з яданоснай залозай, гнюсападобныя — эл. органы па баках цела. Бентафагі і драпежнікі. Жывародныя і яйцажывародныя; ромбаскатападобныя адкладваюць яйцы. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.
Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНД (ад назвы стараж.слав. племя венды ці венеды),
вендская сістэма (перыяд), вендскі комплекс, верхняе, самае маладое падраздзяленне пратэразою, якое папярэднічала кембрыйскай сістэме (перыяду). Доўжыўся ад 650 да 570 млн. гадоў назад. Вылучаны рус. геолагам Б.С.Сакаловым у 1950 на ПнЗУсх.-Еўрап. платформы як вендскі комплекс або серыя. У 1991 у межах СССР венду нададзены ранг сістэмы або перыяду. Адклады венду пашыраны таксама на Сібірскай платформе. Стратыграфічныя аналагі венду ёсць у Паўд. Кітаі, Канадзе, Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, на Брытанскіх а-вах.
На Беларусі адклады венду трапляюцца на глыб. ад 80 да 800 м, займаюць каля 80% тэр., маюць магутнасць да 400—500 м. Залягаюць на пародах рыфею або крышт. фундамента, перакрыты ніжнекембрыйскімі або больш маладымі адкладамі фанеразою. Складзены ў ніжняй ч. з тэрыгенных парод вільчанскай серыі — тылітаў (стараж. марэны), пясчанікаў, глін вільчанскага (лапландскага) покрыўнага зледзянення. Сярэднюю ч. венду ўтвараюць вулканічныя (базальты, андэзідацыты, трахідацыты), вулканагенныя і вулканагенна-асадкавыя (туфы, туфіты, туфапясчанікі і інш.) пароды валынскай серыі. Верхнюю, валдайскую серыю, складаюць асадкавыя пароды — пясчанікі, алеўраліты, гліны. У тоўшчах і пластах абломкавых парод венду значныя запасы падземных водаў.