АНАБІЁЗ (ад ана... + ...біёз),

стан арганізма, пры якім жыццёвыя працэсы (абмены рэчываў і інш.) часова спыняюцца або настолькі запавольваюцца, што адсутнічаюць усе бачныя прыкметы жыцця. З’яўляецца эвалюцыйна выпрацаваным фізіял. прыстасаваннем арганізмаў да ўздзеяння адмоўных фактараў асяроддзя (нізкія або высокія т-ры, адсутнасць вільгаці, корму і інш.). Пры спрыяльных умовах нармальныя функцыі жыццёвых працэсаў аднаўляюцца. Назіраецца ў мікраарганізмаў (спораўтваральныя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы), раслін і жывёл. Уваходзіць у нармальны цыкл развіцця многіх арганізмаў (насенне, споры, цысты). Беспазваночныя (гідры, чэрві, некаторыя ракападобныя, насякомыя, малюскі) і пазваночныя (земнаводныя і паўзуны) пры анабіёзе здольны страчваць да ​3/4 вады з тканак. З’яву анабіёзу выкарыстоўваюць пры прыгатаванні сухіх жывых вакцын, кансерваванні донарскай крыві і тканак для трансплантацыі, спермы жывёл і інш.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПО́ФІЗ (ад грэч. hypophysis адростак),

ніжні мазгавы прыдатак, залоза ўнутр. сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёл. Знаходзіцца ў ямцы асн. косці чэрапа (турэцкім сядле). Звязваецца ножкай з асновай мозга. Маса гіпофіза ў чалавека 0,5—0,6 г. Выпрацоўвае гармон росту, адрэнакартыкатропны і ганадатропныя гармоны і інш., што стымулююць рост і развіццё арганізма, функцыі інш. эндакрынных залоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі ціску крыві, выдзяленні мачы, скарачэнні мышцаў маткі. Дзейнасць гіпофіза кантралюецца ц. н. с., цесна звязана з гіпаталамусам і інш. залозамі ўнутр. сакрэцыі. Хваробы гіпофіза ўзнікаюць ад чэрапна-мазгавых траўмаў, запаленчых працэсаў, пухлін. Найб. вядомыя хваробы пярэдняй долі гіпофіза: акрамегалія, гігантызм, Іцэнкі—Кушынга хвароба, карлікавы рост, вегетатыўныя расстройствы; задняй долі гіпофіза — дыябет нецукровы. Лячэнне: гармонатэрапія, хірургічнае.

Г.​Г.​Шанько.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБУЛІ́НЫ (ад лац. globulus шарык),

група глабулярных бялкоў жывёльнага і расліннага паходжання, найб. пашыраных у прыродзе. Раствараюцца ў разбаўленых растворах солей, к-т і шчолачы, слабарастваральныя ў вадзе (акрамя міязіну і некат. інш.). Уваходзяць у састаў раслінных і жывёльных тканак (складаюць амаль палову сываратачных бялкоў крыві, вызначаюць яе буферную ёмістасць). Большасць глабулінаў — простыя бялкі, некат. звязаны з вугляводамі, ліпідамі (асабліва глабуліны плазмы крыві), нуклеінавымі к-тамі (нейраглабулін), ёдам (тырэаглабулін). Вызначаюць імунныя якасці арганізма (антыцела, камплемент), згусанне крыві (пратрамбін, фібрынаген і інш.), удзельнічаюць у пераносе жалеза (трансферын, гаптаглабін), медзі (цэруплазмін), у рэгуляцыі гемапаэзу (эрытрапаэціны) і г.д. Адносіны альбумін/глабулін у плазме крыві маюць дыягнастычнае значэнне (у норме каля 2, пры запаленчых працэсах памяншаецца).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯВА́НЫЯ О́РГАНЫ,

выдзеленыя з арганізма жывёл і чалавека (донара ці трупа) часткі цела, змешчаныя ў штучнае пажыўнае асяроддзе, дзе часова захоўваюць асн. функцыянальныя ўласцівасці. Нарыхтоўку І.о. робяць у спецыялізаваных мед. установах; створаны банкі І.о., тыпіраваныя па імуналагічнай сумяшчальнасці. Існуюць розныя метады кансервавання І.о.: замяшчальны (прапусканне крыві ці спец. раствору праз орган — апаратная перфузія); прыгнечання абмену рэчываў (ахаладжэнне да 0 °C у вадкім і цвёрдым асяроддзі, замарожванне); камбінаваны (штучная дастаўка ці зніжэнне патрэбнасці органа ў кіслародзе і пажыўных рэчывах). Ізалююць цэлыя органы (ныркі, печань, сэрца, канечнасць) і іх часткі (перыкард, клапаны сэрца, крывяносныя сасуды, нервы, кроў). Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах у фізіялогіі, біяхіміі, паталогіі, для перасадкі органаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАКСІКА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутр + грэч. toxikon яд),

стан арганізма, абумоўлены парушэннямі абмену рэчываў і назапашваннем у арганізме яго вытворных прадуктаў, высокаакісляльных радыкалаў, блакадай рэгулятараў унутрыклетачных працэсаў асіміляцыі і дысіміляцыі. Абумоўлена пашкоджаннем скурнага покрыва, слізістых абалонак, унутр. органаў пры ўздзеянні фіз., хім., біял. і інш. фактараў. І. могуць выклікаць цяжкія металы, арган. растваральнікі, грыбы, экзатаксіны і інш. У такіх выпадках І. цяжка дыферэнцыраваць з атручэннем. Хранічная І. хім. ядамі разам з полісістэмнымі выяўленнямі (парушэнне бялковага, тлушчавага, вугляводнага абмену з прычыны парушэння ферментатыўнай, гарманальнай і інш. функцый) можа мець сваю спецыфіку (напр., І. бензолам закранае сістэму кроваўтварэння, марганцам — ц. н. с. з пашкоджаннем экстрапіраміднай нерв. сістэмы).

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЧАЛАВЕ́КА, заразныя хваробы,

хваробы, якія выклікаюцца пэўнымі відамі патагенных бактэрый, вірусаў, хламідый, спірахет, рыкетсій, грыбоў, прыёнаў. Асн. агульная рыса І.х. — заразлівасць, здольнасць пашырацца пры кантактах арганізма з хворымі, бактэрыяносьбітамі, жывёламі, навакольным асяроддзем. Класіфікуюцца на антрапанозы («хваробы ад людзей»), заанозы («ад жывёл»), сапранозы («ад навакольнага асяроддзя»). Заражэнне на І.х. (механізм перадачы) залежыць ад лакалізацыі ўзбуджальнікаў; бывае паветрана-кропельным (узбуджальнік у органах дыхання), фекальна-аральным (у кішэчніку), трансмісіўным (у крыві), кантактным (на паверхні цела). Вылучаюць перыяды І.х.: скрыты, ці інкубацыйны (да першых сімптомаў), прадрамальны (неакрэсленая агульная рэакцыя), разгар захворвання, згасанне клінічных сімптомаў, папраўка. Пасля І.х. найчасцей застаецца імунітэт ад некалькіх месяцаў да многіх гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЛЯ́ (Яўген Фёдаравіч) (н. 1.3.1939, в. Межная Слабада Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыебіялогіі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. 1989), д-р мед. н. (1976). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1965 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1981 заг. сектара геранталогіі АН Беларусі, з 1987 дырэктар Ін-та радыебіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па мед. біяхіміі і пытаннях механізма дзеяння гармонаў, нейрагарманальнай рэгуляцыі, уплыву радыяцыі на жыццяздольнасць арганізма, па метадах карэкцыі аддаленых і бліжэйшых вынікаў пры апрамяненні.

Тв.:

Гормоны и старение: Мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991 (разам з А.​А.​Мілюціным, Г.​Р.​Гацко).

Я.Ф.Канапля.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАЗВАРО́Т,

цыркуляцыя крыві ў чалавека і жывёл, што забяспечвае абмен рэчываў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. Апісаны англ. фізіёлагам У.​Гарвеем (1628). Асн. функцыі сістэмы К.: транспарт рэчываў, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці (антыцелы, гармоны, вада, пажыўныя рэчывы, кісларод і інш.); адвядзенне метабалітаў (канчатковыя прадукты абмену, вуглякіслы газ, таксіны); гумаральная (праз вадкасць) сувязь органаў і тканак; абмен цяпла; адаптацыя арганізма да змены ўнутр. і знешняга асяроддзя; падтрыманне гамеастазу. Адрозніваюць вялікае (кантакт з органамі і тканкамі) і малое (лёгачнае, кантакт з навакольным асяроддзем) колы К. Забяспечвае працэсы жыццядзейнасці на 3 узроўнях: цыркуляцыя крыві ў сістэме (арганізм); органны К. (кровазабеспячэнне органаў і тканак); мікрацыркуляцыя — транскапілярны абмен (забеспячэнне метабалічнай функцыі сасудаў). Рэгуляцыя К. — нерв. і гумаральная.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],

рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.​І.​Шмальгаўзенам (1939).

Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр. неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛІКАВЫ РОСТ, нанізм,

паталагічны стан чалавека, які характарызуецца адставаннем у росце ў параўнанні з сярэдняй нормай для ўзросту, полу, папуляцыі, расы. Праяўленне К.р. — адзін з сімптомаў генет. парушэнняў росту арганізма, шэрагу эндакрынных і неэндакрынных хвароб. У жанчын карлікавым лічыцца рост меншы за 120 см, у мужчын меншы за 130 см. Віды К.р. ўмоўна падзяляюць на прапарцыянальны і непрапарцыянальны. Клінічныя праяўленні залежаць ад віду захворвання. Напр., пры гіпафізарным К.р. (псіхіка амаль нармальная) прапорцыі і памеры цела застаюцца дзіцячыя, палавыя залозы недаразвітыя, бывае атлусценне, старэчая, маршчыністая скура твару. Пры сістэмных захворваннях шкілета рост канечнасцей значна адстае ад росту тулава, эндакрынныя і псіхічныя расстройствы адсутнічаюць. Лячэнне (да спынення росту цела) накіравана на ўстараненне прычыны, што абумоўлівае К.р.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)