ГАМЕ́ТЫ

(ад грэч. gametē жонка, gametēs муж),

палавыя клеткі, рэпрадукцыйныя клеткі жывёл і раслін. Забяспечваюць перадачу спадчыннай інфармацыі ад бацькоў патомкам. Ва ўсіх шматклетачных арганізмаў спелыя гаметы (сперматазоіды і яйцаклеткі) развіваюцца ў палавых залозах — ганадах (мужч. — семянніках і жан. — яечніках). Адрозніваюцца паміж сабой марфалагічнай будовай і паходжаннем. Гаметы аднолькавай велічыні наз. ізагаметамі, неаднолькавай — анізагаметамі, больш вял. — макрагаметамі, дробныя — мікрагаметамі. Гаметы маюць адзінарны (гаплоідны) набор храмасом, які фарміруецца ў працэсе гаметагенезу. Пры зліцці разнаполых гамет утвараецца зігота з дыплоідным наборам храмасом, якая дае пачатак новаму арганізму. Развіццё арганізма з неаплодненай гаметы — партэнагенез.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)