МЕДАВА́Р ((Medawar) Пітэр Браян) (28.2.1915, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 2.10.1987),
англійскі біёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939), працаваў у ім. З 1947 праф. Бірмінгемскага, з 1951 — Лонданскага ун-таў. У 1962—71 дырэктар Нац. ін-та мед. даследаванняў у Лондане. Навук. працы па росце і старэнні арганізма, яго рэакцыях на перасадку тканак ( у т. л. імунарэакцыях), трансплантацыйных антыгенах і антылімфацытарных сываратках. Адкрыў з’яву набытай імунаталерантнасці і ўзнавіў яе ў эксперыменце. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з Ф.М.Бёрнетам).