ЧА́ЛЫ Багдан Іосіфавіч (н. 24.6.1924, Кіеў),

украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1951). Працаваў у рэдакцыях газет, гал. рэдактарам час. «Барвінок». Аўтар паэт. і празаічных кніг для дзяцей «У ясную сонечную раніцу» (1947), «Як Барвінак і Рамонак у цёплыя краіны ляталі» (1968), «Сто прыгод Барвінка і Рамонка» (1973), «Барвінак у школе» (1977), «Мае дванаццаць месяцаў» (1985), «Маманты ў яблыневых джунглях» (1989), «Рудыкі» (1998), «Барвінак і далёкія сузор’і» (2002) і інш., дакумент. аповесці «Любі мяне пры ўсякай долі...» (1989: з У.​Ліпскім) пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію; п’ес, публіцыстычных твораў, сцэнарыя кінафільма «Закон Антарктыды» (1963). На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы, Э.​Агняцвет, М.​Аўрамчыка, В.​Віткі, М.​Калачынскага, А.​Куляшова, М.​Танка. Дзярж. прэмія Украіны імя М.​Астроўскага 1972. На бел. мову яго творы пераклалі А.​Вольскі, А.​Вялюгін, Калачынскі, М.​Маляўка.

Тв.:

Бел. пер. — Прадаўцы заморскіх сувеніраў. Мн., 1961;

Партрэт у вігваме. Мн., 1979.

т. 17, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРЭ́НЦ (сапр. Сагаманян) Егішэ Абгаравіч

(25.3.1897, г. Карс, Турцыя — 27.11.1937),

армянскі пісьменнік. Вучыўся ў Маскве ва ун-тах Нар. імя А.​Л.​Шаняўскага (з 1916), працоўных Усходу (1921). З 1922 працаваў у друку. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1912. Першы паэт. зб. «Тры песні сумна-бледнай дзяўчыне...» (1914). У творах уплывы сімвалізму (паэмы «Блакітнавокая радзіма», «Ваагн», абедзве 1915; цыкл «Лірычныя балады», 1915—17; зб. вершаў «Вясёлка», 1917), рэв. рамантызму з агітацыйна-прапагандысцкімі рысамі (паэмы «Сома», 1918; «Шалёныя натоўпы», 1919; «Усепаэма», 1921), эстэтыкі футурызму і канструктывізму (паэт. зб-кі «Раманс без кахання», «Паэзазурна», абодва 1922; сатыр. раман «Краіна Наіры», нап. 1921—24). У паэме «Хмбапет Шаварш» (1928), нарысе-ўспамінах «З Ерэванскага папраўчага дома» (1927), зб-ках вершаў «Эпічны світанак» (1930), «Кніга шляху» (1933) тэмы гіст. пералому ў лёсе народа. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі М.​Дзелянкоўскі, М.​Маляўка, Ю.​Свірка, М.​Танк.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1973.

Літ.:

Агабабян С. Е.​Чаренц. М., 1982.

Д.​Гаспаран.

т. 17, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧУ́ЛІН Дзмітрый Мікалаевіч (22.8.1901, г. Шостка Сумскай вобл., Украіна — 29.10.1981),

расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1971). Герой Сац. Працы (1976). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1979). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1929). Вучань А.Шчусева. У 1945—49 гал. архітэктар Масквы. У архітэктуры станцый Маскоўскага метрапалітэна ў ордэрныя формы ўводзіў багаты дэкор з выкарыстаннем колеру: перонныя залы станцый «Камсамольская» (1935) і «Кіеўская» (1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), наземны вестыбюль станцыі «Дынама» (1938). Формы класічнага ордэра спалучаў з буйнымі маштабамі, масіўнымі аб’ёмамі будынкаў: Канцэртная зала імя П.​Чайкоўскага (1940, з К.​Арловым), гасцініца «Пекін» (1946—50). Вылучаюцца жылы дом на Кацельніцкай набярэжнай (1948—52, з А.​Расткоўскім; Дзярж. прэмія СССР 1953), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом»; 1965—79, усе з арх. П.​Штэлерам).

Літ.:

Журавлев А.М. Д.​Чечулин. М., 1985.

Дз.Чачулін. Жылы дом на Кацельніцкай набярэжнай у Маскве.

т. 17, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНЫЯ ДЗІ́РЫ,

шчыльныя кампактныя касмічныя аб’екты, сціснутыя ў ходзе гравітацыйнага калапсу да памераў, меншых за радыус rh сферы (гарызонту падзей), з-пад якой з-за гіганцкага поля прыцягнення не могуць выходзіць ні часціцы, ні выпрамяненне. Прадказанне аб існаванні Ч.дз. і апісанне іх уласцівасцей грунтуюцца на вывадах агульнай адноснасці тэорыі (АТА).

Паводле АТА значэнне rh вызначаецца масай, эл. зарадам і вуглавым момантам калапсуючага аб’екта; для сферычнай невярчальнай Ч.дз. rh роўнае яе гравітацыйнаму радыусу. З прычыны нябачнасці Ч.дз. адзіным яе праяўленнем з’яўляецца гравітацыйнае поле. Таму масу і наяўнасць гарызонту падзей вызначаюць па руху газавага асяроддзя ці зорак у наваколлі Ч.дз. Сучаснымі метадамі назірання выяўлена каля 100 кандыдатаў у Ч.дз.

Літ.:

Хокинг С. Черные дыры и молодые вселенные: Пер. с англ. СПб., 2001;

Черепащук А.М. Поиски черных дыр: новейшие данные // Успехи физ. наук. 2001. Т. 171, № 8.

М.​М.​Касцюковіч.

Пылавы дыск вакол чорнай дзіры ў цэнтры галактыкі NGC 4261 (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 17, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́РЫКАВА Іна Міхайлаўна (н. 5.10.1943, г. Белебей, Башкортастан),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1991). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1965). У 1965—68 у Маскоўскім т-ры юнага гледача. З 1973 у т-ры «Ленком». Яе мастацтву ўласцівы спалучэнне драм. і камед., лірычнага і эксцэнтрычнага пачаткаў, схільнасць да вострасюжэтнай трактоўкі вобразаў класічнай драматургіі: Сара, Аркадзіна («Іванаў», «Чайка» А.​Чэхава), Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Бабуленька («Варвар і ератык» паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Гулец»), Філумена («Горад мільянераў» паводле п’есы Э.​Дэ Філіпа «Філумена Мартурана»). З 1961 здымаецца ў кіно: «Хмары над Борскам» (1961), «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Той самы Мюнхгаўзен» (1979, тэлефільм), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Ваенна-палявы раман» (1984, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Рабро Адама», «Маці» (абодва 1990), «Год сабакі», «Курачка Раба» (абодва 1994), «Шырлі-мырлі» (1995) і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1985, 1996.

Літ.:

Гербер А. Судьба и тема. М., 1985.

т. 17, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАКУ́РАЎ Сяргей Каюмавіч (н. 1.1.1941, Масква),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1991). Скончыў тэатр. вучылішча пры Цэнтр. дзіцячым т-ры (1964). Працаваў у т-рах Масквы, у 1978—87 у драм. т-ры імя Станіслаўскага. Акцёр адкрытага тэмпераменту, яго ігра адметная псіхал. глыбінёй, драм. напружанасцю. Сярод роляў: Аляксандраў («Жывы труп» Л.​Талстога), Іванаў («Іванаў і іншыя» паводле А.​Чэхава), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Ён («Маналог пра шлюб» Э.​Радзінскага), Сяргей Нячаеў, Трушнікаў («Не быў..., не знаходзіўся..., не ўдзельнічаў...», «Партрэт для першай паласы» Ю.​Макарава) і інш. З 1967 здымаецца ў кіно: «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» (1974), «Сібірыяда», «Смак хлеба» (абодва 1979), «Ратаўнік» (1980), «Армавір!», «Божае стварэнне» (абодва 1991), «Эскадрон» (1992), «Адзін пасярэдзіне Расіі» (1994), «Журавіны ў цукры» (1995), «Пан Тадэвуш» (1999), «Тайны палацавых пераваротаў» (2000), «Дзікунка» (2001) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Літ.:

Закржевская Л. С.​Шакуров. М., 1982.

т. 17, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ТАЎ Сцяпан Фёдаравіч (30.1.1902, в. Дварэц Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 17.4.1963),

двойчы Герой Сав.

Саюза (студз., вер. 1944). Палкоўнік (1944). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1927), Бранятанк. курсы ўдасканалення камсаставу (1932 і 1933), Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1937 і 1943). Са снеж. 1917 у Гарадоцкім і Асіповіцкім атрадах Чырв. гвардыі, з мая 1918 партызан у Бабруйскім пав., з ліп. 1920 у Чырв. Арміі на Зах. фронце. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Волхаўскім, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: камандзір танк. батальёна, палка, брыгады, нам. камандзіра механіз. корпуса. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра і вызваленні Кіева (1943), у Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944. У вер. 1944 цяжка паранены. З 1945 у адстаўцы. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50, Вярх. Савета БССР у 1951—55. У г.п. Глуск пастаўлены бронзавы бюст. Яго імем назв. Гарадоцкая сярэдняя школа ў Глускім р-не. Аўтар кн. «Чырвоныя стрэлы» (1963).

Літ.:

Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975.

С.Ф.Шутаў.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́КІН Барыс Васілевіч (17.4.1894, Масква — 7.10.1939),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1936). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1916), Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1918). З 1920 у 3-й Студыі Маскоўскага Маст. акад. т-ра (з 1926 Т-р імя Я.​Вахтангава). Яго творчасці былі ўласцівы арганічнасць, пачуццё жыццёвай праўды, імправізацыйная свабода, спалучэнне прыёмаў буфанады і гратэску з глыбокім драматызмам. Этапнымі ў развіцці рас. тэатр. мастацтва сталі створаныя ім ролі: Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Кюрэ («Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка), Тарталья («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Палоній («Гамлет» У.​Шэкспіра), Павел Суслаў («Вірынея» Л.​Сейфулінай і В.​Праўдухіна). Як адзін з рэжысёраў удзельнічаў у пастаноўцы п’ес «Тэмп» М.​Пагодзіна (1930), «Гамлет» Шэкспіра (1932), «Чалавечая камедыя» (паводле А. дэ Бальзака, 1934) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Бачелис Т. Великий советский артист Б.​В.​Щукин. М., 1956;

Б.​В.​Щукин: Статьи. воспоминания, материалы. М., 1965.

Б.В.Шчукін.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮКА́ВА (Yukawa) Хідэкі (23.1.1907, Токіо — 8.9.1981),

японскі фізік-тэарэтык; заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Чл. Яп. акадэміі (1946), замежны чл. Нац. АН ЗША (1949), АН СССР (1966). Скончыў ун-т г. Кіёта (1929), дзе і працаваў (з 1939 праф., у 1953—70 дырэктар НДІ фундаментальнай фізікі). У 1933—39 ва ун-це г. Осака, у 1949—53 праф. Калумбійскага ун-та (ЗША). Навук. працы па квантавай і ядз. фізіцы, тэорыі элементарных часціц, тэорыі нелакальных палёў. На аснове ідэй І.Я.Тама і Дз.​Дз.Іваненкі аб абменным характары ядз. сіл прапанаваў іх палявую (мезонную) тэорыю (1935). Прадказаў існаванне зараджаных (1935) і нейтральных (1938) мезонаў. Першы выказаў ідэю зараджанага прамежкавага базона (1935, гл. Прамежкавыя вектарныя базоны). Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1964). Нобелеўская прэмія 1949. Яго імем названы Ін-т тэарэт. фізікі Кіёцкага ун-та (з 1990) і малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Лекции по физике. М., 1981.

М.​М.​Касцюковіч.

Х.Юкава.

т. 18, кн. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАБСО́Н Еўна, гадзіннікавы майстар і механік 18 ст. Мяркуецца, што Я. быў адным з рамеснікаў, запрошаных у Нясвіж Міхалам Казімірам Радзівілам. У 1760-я г. вынайшаў і сканструяваў лічыльную машыну — першае з вядомых на тэр. б. СССР выліч. прыстасаванне Машына мела лічыльны механізм, прызначаны для складання і аднімання лікаў ад 1 да 10​9, прынцып дзеяння якога заснаваны на класічнай схеме зубчастых перадач, а таксама лічбавыя шкалы і надпісы на ням. і польскай мовах. Множанне ажыццяўлялася паслядоўнымі складаннямі лікаў, дзяленне (з астаткам ці без) — паслядоўнымі адніманнямі. Выкарыстоўваліся арыгінальныя спосабы набору (уводу) лікаў з дапамогай спец. ключоў і фіксацыі прамежкавых вынікаў вылічэнняў. Экзэмпляр машыны Я. захоўваецца ў калекцыі навук. інструментаў Музея імя М.​В.​Ламаносава ў С.-Пецярбургу.

Літ.:

Майстров Л.Е., Ченакал В.Л. Старейшая счетная машина // Вопр. истории естествознания и техники. 1969. Вып. 1 (26);

Апокин И.А., Майстров Л.Е. Развитие вычислительных машин. М., 1974;

Гутер Р.С., Полунов Ю.П. От абака до компьютера. М., 1975.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)