ЧУ́РЫКАВА Іна Міхайлаўна (н. 5.10.1943, г. Белебей, Башкортастан),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1991). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1965). У 1965—68 у Маскоўскім т-ры юнага гледача. З 1973 у т-ры «Ленком». Яе мастацтву ўласцівы спалучэнне драм. і камед., лірычнага і эксцэнтрычнага пачаткаў, схільнасць да вострасюжэтнай трактоўкі вобразаў класічнай драматургіі: Сара, Аркадзіна («Іванаў», «Чайка» А.Чэхава), Афелія («Гамлет» У.Шэкспіра), Бабуленька («Варвар і ератык» паводле рамана Ф.Дастаеўскага «Гулец»), Філумена («Горад мільянераў» паводле п’есы Э.Дэ Філіпа «Філумена Мартурана»). З 1961 здымаецца ў кіно: «Хмары над Борскам» (1961), «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Той самы Мюнхгаўзен» (1979, тэлефільм), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Ваенна-палявы раман» (1984, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Рабро Адама», «Маці» (абодва 1990), «Год сабакі», «Курачка Раба» (абодва 1994), «Шырлі-мырлі» (1995) і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1985, 1996.
Літ.:
Гербер А. Судьба и тема. М., 1985.
т. 17, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)