ЧАЧУ́ЛІН Дзмітрый Мікалаевіч (22.8.1901, г. Шостка Сумскай вобл., Украіна — 29.10.1981),

расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1971). Герой Сац. Працы (1976). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1979). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1929). Вучань А.Шчусева. У 1945—49 гал. архітэктар Масквы. У архітэктуры станцый Маскоўскага метрапалітэна ў ордэрныя формы ўводзіў багаты дэкор з выкарыстаннем колеру: перонныя залы станцый «Камсамольская» (1935) і «Кіеўская» (1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), наземны вестыбюль станцыі «Дынама» (1938). Формы класічнага ордэра спалучаў з буйнымі маштабамі, масіўнымі аб’ёмамі будынкаў: Канцэртная зала імя П.​Чайкоўскага (1940, з К.​Арловым), гасцініца «Пекін» (1946—50). Вылучаюцца жылы дом на Кацельніцкай набярэжнай (1948—52, з А.​Расткоўскім; Дзярж. прэмія СССР 1953), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом»; 1965—79, усе з арх. П.​Штэлерам).

Літ.:

Журавлев А.М. Д.​Чечулин. М., 1985.

Дз.Чачулін. Жылы дом на Кацельніцкай набярэжнай у Маскве.

т. 17, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)