БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.
На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.К.Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.Смакоўскага, К.Ельскага, К.Барычэўскага, Р.Слізеня, І.Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.Маркаў, Я.Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.Рыжанкоў; помнік І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.Лук, А.Пупко, Дз.Сталяроў.
А.К.Лявонава.
Да арт.Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.Рыжанкоў.Да арт.Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),
сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.
Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.Рамазанавым і Р.Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш.Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш.Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.
Да арт.Клот. П.Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.Да арт.Клот. М.К.Клот. На раллі. 1872.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСКО́ Іван Якімавіч (н. 22.2.1932, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Гал. месца ў творчасці займаюць тэмы Вял.Айч. вайны, мірнай працы, касманаўтыкі, спорту, навукі і культуры. Творы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, лаканізмам і строгасцю пластычнай мовы, прыўзнята-рамантычным ладам. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.Кулеша (1960), Героя Сав. Саюза Г.М.Халасцякова (1979), дзярж. дзеячаў С.В.Прытыцкага (1982), П.К.Панамарэнкі (1983), дзеячаў бел. культуры Ф.Мадорава (1967), Р.Шырмы (1968, 1984), Я.Цікоцкага (1970), Я.Маўра (1972), В.Таўлая (1978), С.Станюты (1982), Ф.Скарыны (1992), Н.Лежэ (1993), В.Роўды (1997), М.Аўрамчыка, Ю.Іванова, А.Лойкі (усе 1999), касманаўтаў Ю.Гагарына (1968), П.Клімука (1978), У.Кавалёнка (1980), бел. алімпійскіх чэмпіёнаў А.Бяловай (1983), А.Мядзведзя (1984), студэнткі (1990) і інш., кампазіцый «2001 год» (1978—94), «Да зорак», «У будучыню» (абедзве 1994), «Космас», «Рэпартаж з космасу» (абедзве 1999). Сярод манум. твораў: Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне (1975, з А.Заспіцкім і М.Рыжанковым), помнікі Герою Сав. Саюза І.Кабушкіну ў Баранавічах (1973), І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1976), М.Горкаму ў Мінску (1981), І.Рэпіну ў Здраўневе каля в. Койтава Віцебскага р-на (1990). Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТЭ́РНІК Аляксандр Сяргеевіч (н. 16.10.1940, г. Іванава, Расія),
бел.скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Працуе ў станковай і манум.-дэкар. скульптуры, жывапісе. Яго творы вызначаюцца дынамічнай пластыкай, зваротам да ўнутр. свету чалавека, які раскрываецца з дапамогай дэкар. элементаў сімвалічнага і алегарычнага характару. Аўтар помнікаў невядомаму салдату ў в. Гарадзішча Мінскага р-на (1975), падпольшчыцам С.Бабаковай і Г.Каралёвай у г. Старыя Дарогі Мінскай вобл. (1984), сав. воінам і партызанам у г.п. Зэльва Гродзенскай вобл. (1985), землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну ў в. Янавічы Клецкага р-на Мінскай вобл. (1987), «Землякам-аднавяскоўцам» у г. Клецк (1990), «Крывічы» ў г. Полацк Віцебскай вобл. (2001); надмагільных помнікаў Я.Драздовічу ў в. Ліпляні Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1982, з А.Марачкіным), А.Макаёнку (1983), М.Ткачову (1993), Ф.Янкоўскаму (1995), Г.Каханоўскаму (1997), М.Грыбаву (2000); манум.дэкар. кампазіцыі «Вясна» на праспекце Машэрава ў Мінску (1982), мемар. дошак, партрэтаў. Сярод станковых кампазіцый: «Мацярынства» (1972), «Максім Багдановіч» (1981, 1986), «Якуб Колас — настаўнік» (1982), «В.Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Мікола Гусоўскі», «Крывічы», «Вітаўт», «Хлеб партызанам», «Дрыгавічы» (усе 1984), «Спеў аб Ефрасінні» (1984, 1994), «Полацк — калыска нашай гісторыі» (1985), «Векапомнае (Рагнеда)» (1986), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Адлюстраванне» (1989, 1998), «Прысвячэнне Э.Рознеру» (1993), «А.Марачкін» (2000). Аўтар жывапісных твораў: «Золак» (1997), «Жнівень» (1998), «Грамніцы» (1999), «Бэз» (2003) і інш., трыпціха «Венецыя» (2000), серыі пейзажаў «Блакітныя азёры» (1996—97). Іл.гл. да арт.Скульптура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАТЭ́ЛА (Donatello; сапр.Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),
італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).
французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.
французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.Б.Карпо і А.Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.Гюго, Ж.Далу (1883), В.А.Рашфора (1897), П.Бертло (1906) і інш.
Літ.:
Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ.М., 1969;
Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫ́С (Matisse) Анры Эміль Бенуа (31.12.1869, г. Ле-Като, Францыя — 3.11.1954),
французскі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1891), Школе дэкар. мастацтваў (з 1893) і Школе прыгожых мастацтваў (1895—99). Зазнаў уплывы імпрэсіянізму, неаімпрэсіянізму, пуантылізму, П.Сезана, А.Радэна, усх. мастацтва. У 1905—07 адзін з лідэраў фавізму. У сваіх карцінах стварыў новы тып маст. выразнасці праз экзальтаваныя, яркія кантрастныя колеры, у якіх знікаюць лініі контураў выявы: «Жанчына ў зялёным капелюшы», «Расчыненае акно. Каліўр», «Асалода, цішыня і раскоша» (усе 1905), «Нацюрморт на чырвоным дыване», «Радасць быцця» (абодва 1906), «Марго» (1907), «Пустыня, чырвоная гармонія», «Чырвоны пакой» (абедзве 1908), «Танец» (1910) і інш. Пад уражаннем падарожжаў у Марока, Туніс, Паўд. Іспанію ствараў работы, у якіх пераважалі манахромныя фарбавыя плоскасці, выразныя колеравыя кантрасты, арабескі: «Чырвоная майстэрня» (1911), «Чырвоныя рыбы» (1914), «Мараканцы на тэрасе», «Тры сястры», «Мастак і мадэль» (усе 1916), «Дзяўчаты на пляжы» (1916—17), «Урок ігры на піяніна» (1917), серыя «Адаліскі» (1920-я г.), «Дэкаратыўная фігура на арнаментальным фоне» (1927—28), «Румынская блуза» (1940), «Маладая дзяўчына ў белай хустцы» (1941), «Азія» (1946), «Маладая англічанка» (1947), «Вялікі чырвоны інтэр’ер» (1948) і інш. Аўтар пано «Танец» і «Музыка» для асабняка С.Шчукіна ў Маскве (1911), фрыза «Танец» у фондзе Барнса ў Мерыёне (ЗША, 1931—33), афармлення інтэр’ера (у т. л. вітражы) «Капэлы ружанцаў» у Вансе каля Ніцы (Францыя, 1953), скульптур «Дэкаратыўная фігура» (1908), «Венера ў ракавіне» (1931), рэльефу «Аголеная жаночая фігура са спіны» (1930) і інш. Вытанчанасцю лініі вызначаюцца графічныя творы: серыя «Тэмы і варыяцыі» (1941—42), ілюстрацыі да твораў А.Мантэрлана, С.Малармэ, П.Рансара, Шарля Арлеанскага і інш.
Літ.:
Алпатов М.В. Матисс. М., 1969;
Зубова М.В. Графика Матисса. М., 1977;
Эсколье Р. Матисс: Пер. с фр.Л., 1979.
В.Я.Буйвал.
А.Матыс. Танец. 1910.А.Матыс. Чырвоны пакой. 1908.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖАНКО́Ў Мікалай Аляксеевіч (14.3.1932, в. Гладкава Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.12.1994),
бел.скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1960). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераічная гісторыя бел. народа. Творы вызначаюцца свабоднай, але стрыманай мадэліроўкай форм, разнастайнасцю вобразна-пластычных сродкаў. Сярод манум. работ: помнікі ў гонар перамогі рус. войск у 1812 на р. Бярэзіна пад Барысавам (1962), Герою Сав. Саюза Л.М.Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. (1965), партызану М.Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. (1968, абодва з арх. В.Занковічам і Л.Левіным), на брацкай магіле сав. ваеннапалонных у г. Барысаў (1967), мемар. комплексы Рыленкі (1973), у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977), Манумент у гонар маці-патрыёткі (1975), помнік М.Горкаму ў Мінску (1981, абодва з А.Заспіцкім, І.Міско, арх. А.Трафімчуком), помнік-бюст Герою Сав. Саюза і Герою Сац. Працы К.П.Арлоўскаму ў в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1977, арх. Ю.Казакоў), помнік Герою Сав. Саюза Г.А.Нікандравай на брацкай магіле сав. воінаў і партызан у г. Дуброўна Віцебскай вобл. (1979, арх. Трафімчук). Аўтар станковых кампазіцый «Вайна 1812 года» (1962), «Партызаны» (1964), «Дзеці» (1965), «Новае Палессе» (1983), рэльефаў «Шлях героя» (1967), «Навекі разам» (1982), «Парад партызан у Мінску ў 1944» (1984), партрэтаў Дз.В.Цябута (1979, 1985), двойчы Героя Сав. Саюза К.К.Ракасоўскага (1985) і інш., стварыў шэраг памятных медалёў. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Э.А.Петэрсон.
М.Рыжанкоў. Помнік юнаму партызану М.Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.Арх. В.Занковіч, Л.Левін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛІХА́НАЎ Сяргей Іванавіч (8.3.1917, С.-Пецярбург — 28.9.1976),
бел.скульптар. Нар. мастак Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1937). Працаваў у манум. і станковай скульптуры. Манум. творы вызначаюцца выразнай пластыкай, якая дасягаецца свабоднай энергічнай лепкай, яснасцю і дакладнасцю сілуэта, глыбокай змястоўнасцю вобразнага вырашэння: кампазіцыя «Беларусь працоўная» (1950) і фігура Героя Сав. Саюза К.С.Заслонава (1951) для бел. павільёна ВДНГСССР, партрэты вучонага А.Р.Сталетава для Маск. ун-та і рус. пісьменніка М.Я.Салтыкова-Шчадрына (абодва 1952), гарэльефная кампазіцыя «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954). Аўтар помнікаў Заслонаву ў г. Орша (1955, арх. Г.Сысоеў), Герою Сав. Саюза М.Казею ў Мінску (1958, арх. В.Волчак), партызанам Л.Чалоўскай у г. Барысаў (1958), І. і М. Цубам каля в. Вялікі Лес Салігорскага р-на (1961, арх. В.Занковіч, Л.Левін), У.І.Леніну ў г. Столін (1980, з В.Палійчуком, арх. Ю.Казакоў), на магіле ахвяр фашызму ў г. Браслаў (пастаўлены ў 1981), скульпт. кампазіцыя «Няскораны чалавек» у мемарыяльным ансамблі Хатынь (1969), мемарыяльны комплекс у гонар перамогі сав. народа ў Вял.Айч. вайне ў в. Старыца Капыльскага р-на (1975). У станковай скульптуры псіхалагізмам і дакладнай перадачай характарных рыс вызначаецца галерэя партрэтаў героя грамадз. вайны Я.Фабрыцыуса (1959), Герояў Сав. Саюза Р.Н.Мачульскага, І.С.Жыгарава (абодва 1970), А.Ф.Данукалава (1975), У.Е.Лабанка (1976), мастака А.Мазалёва (1956), нар. паэтаў Беларусі Я.Купалы (1959), Я.Коласа (1967) і інш. Станковыя кампазіцыі: «К.Я.Варашылаў на манеўрах» (1940), «Вызваленне» (1948), «Абаронім дзяцей» (1957), «Апошні бой» (1964), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1965) і інш.
Літ.:
Кавалёў А.Ф. Сяргей Селіханаў. Мн., 1978.
Э.А.Петэрсон.
С.І.Селіханаў.С.Селіханаў. Няскораны чалавек. Скульптурная група мемарыяльнага комплексу «Хатынь». 1969.