ШАТЭ́РНІК Аляксандр Сяргеевіч (н. 16.10.1940, г. Іванава, Расія),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Працуе ў станковай і манум.-дэкар. скульптуры, жывапісе. Яго творы вызначаюцца дынамічнай пластыкай, зваротам да ўнутр. свету чалавека, які раскрываецца з дапамогай дэкар. элементаў сімвалічнага і алегарычнага характару. Аўтар помнікаў невядомаму салдату ў в. Гарадзішча Мінскага р-на (1975), падпольшчыцам С.​Бабаковай і Г.​Каралёвай у г. Старыя Дарогі Мінскай вобл. (1984), сав. воінам і партызанам у г.п. Зэльва Гродзенскай вобл. (1985), землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну ў в. Янавічы Клецкага р-на Мінскай вобл. (1987), «Землякам-аднавяскоўцам» у г. Клецк (1990), «Крывічы» ў г. Полацк Віцебскай вобл. (2001); надмагільных помнікаў Я.​Драздовічу ў в. Ліпляні Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1982, з А.​Марачкіным), А.​Макаёнку (1983), М.​Ткачову (1993), Ф.​Янкоўскаму (1995), Г.​Каханоўскаму (1997), М.​Грыбаву (2000); манум. дэкар. кампазіцыі «Вясна» на праспекце Машэрава ў Мінску (1982), мемар. дошак, партрэтаў. Сярод станковых кампазіцый: «Мацярынства» (1972), «Максім Багдановіч» (1981, 1986), «Якуб Колас — настаўнік» (1982), «В.​Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Мікола Гусоўскі», «Крывічы», «Вітаўт», «Хлеб партызанам», «Дрыгавічы» (усе 1984), «Спеў аб Ефрасінні» (1984, 1994), «Полацк — калыска нашай гісторыі» (1985), «Векапомнае (Рагнеда)» (1986), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Адлюстраванне» (1989, 1998), «Прысвячэнне Э.​Рознеру» (1993), «А.​Марачкін» (2000). Аўтар жывапісных твораў: «Золак» (1997), «Жнівень» (1998), «Грамніцы» (1999), «Бэз» (2003) і інш., трыпціха «Венецыя» (2000), серыі пейзажаў «Блакітныя азёры» (1996—97). Іл. гл. да арт. Скульптура.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)