МАТЫ́С ((Matisse) Анры Эміль Бенуа) (31.12.1869, г. Ле-Като, Францыя — 3.11.1954),

французскі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1891), Школе дэкар. мастацтваў (з 1893) і Школе прыгожых мастацтваў (1895—99). Зазнаў уплывы імпрэсіянізму, неаімпрэсіянізму, пуантылізму, П.Сезана, А.Радэна, усх. мастацтва. У 1905—07 адзін з лідэраў фавізму. У сваіх карцінах стварыў новы тып маст. выразнасці праз экзальтаваныя, яркія кантрастныя колеры, у якіх знікаюць лініі контураў выявы: «Жанчына ў зялёным капелюшы», «Расчыненае акно. Каліўр», «Асалода, цішыня і раскоша» (усе 1905), «Нацюрморт на чырвоным дыване», «Радасць быцця» (абодва 1906), «Марго» (1907), «Пустыня, чырвоная гармонія», «Чырвоны пакой» (абедзве 1908), «Танец» (1910) і інш. Пад уражаннем падарожжаў у Марока, Туніс, Паўд. Іспанію ствараў работы, у якіх пераважалі манахромныя фарбавыя плоскасці, выразныя колеравыя кантрасты, арабескі: «Чырвоная майстэрня» (1911), «Чырвоныя рыбы» (1914), «Мараканцы на тэрасе», «Тры сястры», «Мастак і мадэль» (усе 1916), «Дзяўчаты на пляжы» (1916—17), «Урок ігры на піяніна» (1917), серыя «Адаліскі» (1920-я г.), «Дэкаратыўная фігура на арнаментальным фоне» (1927—28), «Румынская блуза» (1940), «Маладая дзяўчына ў белай хустцы» (1941), «Азія» (1946), «Маладая англічанка» (1947), «Вялікі чырвоны інтэр’ер» (1948) і інш. Аўтар пано «Танец» і «Музыка» для асабняка С.Шчукіна ў Маскве (1911), фрыза «Танец» у фондзе Барнса ў Мерыёне (ЗША, 1931—33), афармлення інтэр’ера (у т. л. вітражы) «Капэлы ружанцаў» у Вансе каля Ніцы (Францыя, 1953), скульптур «Дэкаратыўная фігура» (1908), «Венера ў ракавіне» (1931), рэльефу «Аголеная жаночая фігура са спіны» (1930) і інш. Вытанчанасцю лініі вызначаюцца графічныя творы: серыя «Тэмы і варыяцыі» (1941—42), ілюстрацыі да твораў А.Мантэрлана, С.Малармэ, П.Рансара, Шарля Арлеанскага і інш.

Літ.:

Алпатов М.В. Матисс. М., 1969;

Зубова М.В. Графика Матисса. М., 1977;

Эсколье Р. Матисс: Пер. с фр. Л., 1979.

В.Я.Буйвал.

А.Матыс. Танец. 1910.
А.Матыс. Чырвоны пакой. 1908.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)