МІСКО́ (Іван Якімавіч) (н. 22.2.1932, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Гал. месца ў творчасці займаюць тэмы Вял.Айч. вайны, мірнай працы, касманаўтыкі, спорту, навукі і культуры. Творы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, лаканізмам і строгасцю пластычнай мовы, прыўзнята-рамантычным ладам. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.Кулеша (1960), Героя Сав. Саюза Г.М.Халасцякова (1979), дзярж. дзеячаў С.В.Прытыцкага (1982), П.К.Панамарэнкі (1983), дзеячаў бел. культуры Ф.Мадорава (1967), Р.Шырмы (1968, 1984), Я.Цікоцкага (1970), Я.Маўра (1972), В.Таўлая (1978), С.Станюты (1982), Ф.Скарыны (1992), Н.Лежэ (1993), В.Роўды (1997), М.Аўрамчыка, Ю.Іванова, А.Лойкі (усе 1999), касманаўтаў Ю.Гагарына (1968), П.Клімука (1978), У.Кавалёнка (1980), бел. алімпійскіх чэмпіёнаў А.Бяловай (1983), А.Мядзведзя (1984), студэнткі (1990) і інш., кампазіцый «2001 год» (1978—94), «Да зорак», «У будучыню» (абедзве 1994), «Космас», «Рэпартаж з космасу» (абедзве 1999). Сярод манум. твораў: Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне (1975, з А.Заспіцкім і М.Рыжанковым), помнікі Герою Сав. Саюза І.Кабушкіну ў Баранавічах (1973), І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1976), М.Горкаму ў Мінску (1981), І.Рэпіну ў Здраўневе каля в. Койтава Віцебскага р-на (1990). Дзярж. прэмія СССР 1977.