МАДРЫ́Д (Madrid),

горад, сталіца Іспаніі. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і прав. Мадрыд. Знаходзіцца ў цэнтры Пірэнейскага п-ва, на Новакастыльскім пласкагор’і, на р. Мансанарэс (бас. р. Таха). 4072 тыс. ж., з прыгарадамі ўтварае гар. агламерацыю Вял. Мадрыд з насельніцтвам больш за 5 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Барахас. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. аўтамабіле-, самалёта- і лакаматывабудаванне, вытв-сць электра- і радыёапаратуры, энергасілавога абсталявання, прыладабудаванне, ваеннае), хіміка-фармацэўтычная, вытв-сць пластмас, швейная, тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая, паліграф., фарфора-фаянсавая, парфумерная, цэментная. Саматужныя промыслы (вытв-сць вышывак, карункаў, хустак, габеленаў, веераў, кастаньет, ювелірных вырабаў). Асн. прамысл. прадпрыемствы ў прадмесцях і гарадах-спадарожніках. Метрапалітэн. 6 ун-таў. Буйны цэнтр міжнар. турызму.

Вядомы з 932, склаўся вакол араб. (маўрскай) крэпасці Маджырыт. У 1083 адваяваны ў арабаў каралём Альфонсам VI і далучаны да Кастыліі. У 1118 за актыўны ўдзел у Рэканкісце атрымаў прывілеі горада. У 14—15 ст. рэзідэнцыя кастыльскіх каралёў і месца пасяджэнняў картэсаў (з 1309). У 1520 гараджане ўдзельнічалі ў паўстанні камунерас. З 1561 сталіца Іспаніі. З канца 17 ст. буйны культ. цэнтр, у 1774 засн. Каралеўская акадэмія мастацтваў. У 1808—12 акупіраваны франц. войскамі, тут пачалася нац.-вызв. Ісп. рэвалюцыя 1808—14; адзін з цэнтраў рэвалюцый 1820—23, 1834—43, 1854—56, 1868—74 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 у М размяшчаўся ўрад рэспубліканцаў, 28.3.1939 заняты франкістамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр выступленняў супраць дыктатуры Ф.​Франка. У 1981 кансерватыўныя вайскоўцы намагаліся ажыццявіць у М. дзярж. пераварот.

Цэнтр М. з параднай паркавай магістраллю размешчаны паміж плошчамі Пуэрта дэль Соль, Пласа Маёр і Пласа дэ Эспанья. Значная ч. арх. помнікаў страчана ў час рэканструкцыі горада ў 19—20 ст. Аблічча старога горада з сярэдневяковай нерэгулярнай планіроўкай захавалася толькі на ПдЗ ад пл. Пуэрта дэль Соль, ад якой адыходзяць 10 радыяльных вуліц. Помнікі 14—18 ст.: вежа Торэ дэ Сан-Ніколас (14 ст., стыль мудэхар), біскупская капэла (1520, стыль платэрэска), ансамбль Пласа Маёр (1619, Х. дэ Мора; стыль эрэрэска), касцёлы Сан-Ісідра эль Рэаль (1626—61), Сан-Хінес (1645, у інтэр’еры жывапіс Эль Грэка, А.​Кана і інш., барока), Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала (1764—78, Ф.​Сабаціні). У стылі класіцызму 18—19 ст. пабудаваны каралеўскі палац (1738—64, італьян. арх. Дж.​Б.​Сакеці і Сабаціні, арх. В.​Радрыгес, паводле праекта Ф.​Ювары; у інтэр’еры багаты збор жывапісу, скульптуры, габеленаў, мэблі і інш.), касцёлы Сан-Франсіска эль Грандэ (1776—85), Эрміта дэ Сан-Антоніо дэ ла Фларыда (1792—98, фрэскі Ф.​Гоі), будынак музея Прада У М. шмат парадных пабудоў у духу эклектыкі і стылі мадэрн, у т. л. палац ісп. картэсаў (1843—50, арх. Н.​Паскуаль). Паводле генплана 1950-х г. (арх. Х.​Л.​Серт) М. забудоўваўся на Пн, ПдУ, створаны шэраг гарадоў-спадарожнікаў (Эскарыял, Эль-Парда). Новыя раёны рэгулярнай планіроўкі, з вял. паркамі, праспектамі і плошчамі забудоўваюцца добраўпарадкаванымі шматпавярховымі дамамі пераважна з чырв. цэглы. Сярод пабудоў у духу сучаснай архітэктуры: раён Сьюдад Хардзін («горад-сад») з універсітэцкім гарадком (пачаты ў 1931, арх. М.​Лопес Атэра, у 1939 зруйнаваны, адноўлены ў 1950-я г., арх. М.​Фісак і інш.), іпадром Сарсуэла (1935), вежавыя дамы, т.зв. Белыя вежы (1969, арх. Ф.​Х.​Саэнс дэ Ойса і інш.), Цэнтр рэстаўрацыйных работ (1960—70-я г., арх. Ф.​Ігерас, А.​Міра). Паркі: Мадрыдскі (б. Буэн-Рэціра; 1868), Прада, Заходні, Каса дэ Кампа, фантаны 18 ст. Помнікі: М.​Сервантэсу (1835, А.​Сола, і 1927, арх. П.​Мугуруса, скульпт. К.​Валера), Х.​Калумбу (1885, А.​Меліда і Х.​Суньёль), Д.​Веласкесу (1899, А.​Марынас), Ф.​Гоі (1905), Э.​Касталару (1908, абодва арх. М.​Бенльюрэ). У М. знаходзяцца Каралеўская ісп. акадэмія (з 1713), 6 ун-таў, у т. л. Мадрыдскі універсітэт, Каталіцкі ун-т (з 1860), каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда, кансерваторыя (з 1830). Т-ры: «Рэаль», «Сарсуэла», «Лара», «Эспаньёль». 32 музеі, у т. л. Прада. Нац. археал., ісп. народа, сучаснага мастацтва і інш.

Літ.:

Чернышев В.П. Город вечерней звезды: (Очерки о Мадриде) М., 1990.

Мадрыд. Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала. 1764—78. Арх. Ф.​Сабаціні.
Мадрыд. Плошча Кібелы з фантанам.

т. 9, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Мінскай вобл. Утвораны 29.6.1934 (у сучасных межах з 1959). Пл. 2 тыс. км-. Нас. 127,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 6,5% (без Мінска). Сярэдняя шчыльн. 64 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мінск; г. Заслаўе, г.п. Мачулішчы, 368 сельскіх населеных пунктаў, Мачулішчанскі пасялковы Савет і 19 сельсаветаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Бараўлянскі, Гаранскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, Крупіцкі, Лашанскі, Лугаваслабодскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Папярнянскі, Пятрышкаўскі, Рагаўскі, Самахвалавіцкі, Сеніцкі, Хацежынскі, Цнянскі, Шчомысліцкі, Юзуфоўскі.

Большая ч. тэр. раёна на Мінскім узвышшы, паўд.-ўсх. ўскраіна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пераважна ўзвышаная, 92% яе на выш. 180—250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф, Ждановіцкая мінер. крыніца. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма), Пціч, Усяжа. Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Воўчкавіцкае, Астрашыцкі Гарадок, ч. Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (69,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,3%). Пад лесам 31,2% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, трапляюцца асінавыя, альховыя, дубовыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 20% пл. лесу) пераважна хваёвыя і яловыя. Пад балотамі 2,4% тэр. раёна, 7,7 тыс. га асушана. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны — Прылуцкі, біял.Лебядзіны і Кайкаўскі; мясц. значэння: ахоўваемыя тарфянікі — Гайдукоўскае, Янапольскае, Гарадоцкае; біял. — Крыніца, Маяк. Помнікі прыроды рэсп. значэння: геал. агаленне Заслаўе, валун «Камень кахання» паміж в. Чаромуха і в. Гуры, дуброва каля в. Шчомысліца, парк камянёў (музей валуноў) на паўн.-ўсх. ускраіне Мінска, дуб і хвоя каля в. Ждановічы і парк Ігнацічы каля в. Кацягі. Зоны адпачынку: Мінскае мора, Пціч, Зялёны Гай, Вяча, Чараўніца, Раўбічы, Стайкі, часткова Вязынка, Вясёлка. Агульная пл. с.-г. угоддзяў 102,2 тыс. га (51,7%), з іх асушаных 10,9 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 12 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка; аграфірма «Рассвет», аграгандл. фірма «Ждановічы», Бел. занальная доследная станцыя па птушкагадоўлі, племптушкарэпрадуктар «Праўда», птушкафабрыкі імя Н.​К.​Крупскай, «1-я Мінская», «Дубаўляны», рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі ў пас. Ратамка, эксперым. базы «Курасоўшчына», «Анопаль», «Русінавічы», вучэбная гаспадарка імя М.​В.​Фрунзе, с.-г. прадпрыемства «Усход», доследная гаспадарка Бел. машынна-доследнай станцыі. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, вырошчванне бульбы і агародніны. Прадпрыемствы гарбарнай (Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне), металаапр. (перапрацоўка металалому), хіміка-фармацэўтычнай (ветпрэпараты), лясной (вырабы з драўніны), харч. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), буд. матэрыялаў, мэблевай, паліграф. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Гомель; аўтадарогі Брэст—Масква, Вільнюс—Мінск. Мінск—Бабруйск—Гомель, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Гродна. У раёне 34 сярэднія, 6 базавых, 11 пач. школ, раённая шматпрофільная школа для дзяцей з павышаным узроўнем інтэлекту і разумовага развіцця, гімназія, 8 муз., спарт. школы, 3 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом, Навапольскі с.-г. тэхнікум, Сеніцкі с.-г. каледж, 54 дашкольныя ўстановы, 6 цэнтраў культуры, 34 дамы культуры і клубы, 38 б-к, 8 бальніц, 22 урачэбныя амбулаторыі, 3 паліклінікі, 10 фельч.-ак. пунктаў. На тэр. раёна размешчаны: абл. клінічная бальніца (пас. Лясны), абл. тубдыспансер (в. Лескаўка), шпіталь інвалідаў вайны і працы (пас. Лясны), рэсп. псіхіятрычная клінічная бальніца «Навінкі» (в. Навінкі) і інш.; НДІ: бульбаводства, агародніцтва, пладаводства (в. Самахвалавічы), аховы раслін (в. Прылукі), эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (в. Кунцаўшчына), анкалогіі і мед. радыялогіі (пас. Лясны); курорт «Ждановічы» (санаторыі «Беларусь», «Крыніца»), дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок», 9 санаторыяў-прафілакторыяў, спарткомплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы». Музеі: Бел. дзярж музей нар. архітэктуры і побыту ў в. Строчыца, Музей бел. нар. мастацтва (філіял Нац. маст. музея) у в. Раўбічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 18 ст. — 1-я пал. 19 ст.) у в. Анопаль, царква і капліца (19 ст.) у в. Астрашыцкі Гарадок, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Прылукі, касцёл (1858—62) і спарт. комплекс «Раўбічы» (1973) у в. Раўбічы, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Сеніда, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Сёмкава, Троіцкі касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Сёмкаў Гарадок. Помнік ахвярам фашызму (1963) каля в. Вялікі Трасцянец на месцы Трасцянецкага лагера смерці, на тэр. Бараўлянскага с/с урочышча Курапаты. Выдаецца газ. «Наша жыццё».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ЭТНАГРАФІ́ЧНЫЯ Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і папулярызуюць прадметы нар. культуры і побыту, вытв. дзейнасці, твораў мастацтва, дакумент. крыніц і інш. розных народаў. М.э. — неад’емная частка гісторыка-культ. спадчыны, крыніца па вывучэнні этналогіі народа і яго традыцый. Большасць М.э. комплексныя: спалучаюць 2 і больш блізкія тэматычныя кірункі — гісторыю, археалогію, мастацтва, дойлідства (гл. Скансэн), краязнаўства, рэлігіязнаўства і інш.

Прататыпам стараж. М.з. былі спец. ўладкаваныя святыя месцы з культавым інвентаром і сакральнымі рэліквіямі. Вял. геагр. адкрыцці садзейнічалі пашырэнню этнагр. ведаў, збору і калекцыяніраванню экзатычных рэчаў з жыцця і побыту розных народаў. Пазней узніклі спец. ўстановы, якія сталі цэнтрамі па ахове, сістэматызацыі і экспанаванні этнагр. помнікаў. У 19 ст. значныя этнагр. калекцыі мелі Брытанскі музей у Лондане, музей Ашмола ў г. Оксфард (Вялікабрытанія), Лейдэнскі музей (Нідэрланды), музеі натуральнай гісторыі ў Нью-Йорку і Чыкага (ЗША). Спецыялізаваныя М.э. або этнагр. аддзелы ёсць амаль ва ўсіх краінах свету. Сярод буйнейшых М.э. — Берлінскі, Лейпцыгскі, Дрэздэнскі, Гамбургскі (Германія), Стакгольмскі, Варшаўскі, Кракаўскі (Польшча), Музей нар. мастацтва і этнаграфіі ў Будапешце. Нац. музей нар. мастацтва і звычаяў у Парыжы, краязнаўча-этнагр. музеі ў Ротэрдаме (Нідэрланды) і Антверпене (Бельгія), Нац. этнагр. музеі ў Мюнхене (Германія), Вене, Сафіі, г. Марцін (Славакія), нац. музеі ў Празе, музеі пры Кембрыджскім (Вялікабрытанія) і Гарвардскім (ЗША) ун-тах. Сярод буйных комплексных музеяў, што спалучаюць этнаграфію, антрапалогію і археалогію, — Музей чалавека ў Парыжы і Нац. музей у Атаве (Канада). Старэйшы М.э. ў Расіі — Кунсткамера, засн. Пятром I у С.-Пецярбургу ў 1719, з 1879 Музей антрапалогіі і этнаграфіі пры Рас. АН. У 1895 адкрыты Рус. музей у Пецярбургу з раздзелам этнаграфіі Расіі і сумежных краін, у 1934 на яго базе створаны Дзярж. музей этнаграфіі народаў СССР, з 1991 Расійскі этнаграфічны музей. У 1885 адкрыты Гандл.-прамысл. музей саматужных вырабаў (з 1947 Музей народнага мастацтва ў Маскве).

На Беларусі першыя этнагр. калекцыі вядомы з Радзівілаўскіх і Сапегаўскіх збораў 16—17 ст. У 2-й пал. 18 ст. ў маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне Г.​Сапегай-Ябланоўскай засн. Кабінет натуральнай гісторыі, дзе былі шырока прадстаўлены этнагр экспанаты: прадметы агр. дзейнасці, прылады працы, інструменты, посуд, вырабы з кары і дрэва. У 1787—1820 Кабінет натуральнай гісторыі існаваў пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Помнікі этнаграфіі былі шырока прадстаўлены ў «Кабінеце» М.​Гаўсмана ў Мінску (вядомы з 1870-х г.), краязн. музеі А.​Ельскага ў в. Замосце Пухавіцкага р-на, музеях Э.​Чапскага ў в. Станькава Дзяржынскага р-на, К. і Я.​Тышкевічаў у г. Лагойск Мінскай вобл., З.​Глогера ў маёнтку Яжэва каля Беластока (Польшча), В.​Федаровіча ў Віцебску (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). На базе збораў братоў Тышкевічаў адкрыты Віленскі музей старажытнасцей (1856), які меў асобны аддзел этнаграфіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічалі царк.-археал. музеі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, фонды якіх складаліся і з этнагр. экспанатаў. Каштоўныя этнагр. экспанаты захоўваліся таксама ў Віцебскім і Полацкім «музеумах разных прадметаў лясной гаспадаркі» (засн. ў сярэдзіне 19 ст.), Магілёўскім музеі пры губ. стат. к-це (існаваў з 1867), музеі пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це Магілёўскай вобл. і інш. На аснове збораў І.​Луцкевіча ў 1921—45 дзейнічаў Беларускі музей у Вільні, дзе шырока былі прадстаўлены вырабы нар. майстроў. У пач. 20 ст. ў Магілёве арганізаваны гіст.-этнагр. музей пры Т-ве вывучэння бел. краю (з 1913 Т-ва вывучэння Магілёўскай губ.). Найбольшыя этнагр. калекцыі ў даваенны перыяд зберагаліся ў Бел. дзярж. музеі ў Мінску, Гродзенскім гіст.-археал. музеі, Пінскім музеі і інш. Збіральніцтва этнагр. матэрыялаў у пасляваенны перыяд звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развіваліся этнагр. экспазіцыі. Найб. багата яны прадстаўлены ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, філіялах Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. У 1970—80-я г. створаны дзярж. і грамадскія музеі этнагр профілю. Найб. значныя з іх Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскай вобл., Клецкі гісторыка-этнагр. музей, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў, Мотальскі музей народнай творчасці, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Музей этнаграфіі ў Магілёве, Нараўлянскі этнагр. музей і інш.

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС Якуб [сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад. АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял. Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.

Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял. Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.​Пушкіна, некат. творы М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, П.​Тычыны, Р.​Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел. літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.​Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.​Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.​Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр. навук. б-ка Нац. АН Беларусі, драм. т-р у Віцебску, вытв. паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац. АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;

Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;

Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1-4. М., 1982—83.

Літ.:

Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;

Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;

Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;

Лойка А.А. «Новая зямля» Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство. Мн., 1961;

Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд. Мн., 1975;

Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;

Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;

Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;

Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд. Мн., 1981;

Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;

Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;

Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;

Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;

Каласавіны: Зб. навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.​Коласа. Мн., 1986;

Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;

Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук. канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.​Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;

Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук. канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;

Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;

Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;

Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;

Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.

У.​М.​Казбярук.

Я.Колас. 1908.
Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.
Я.Колас. 1948.
Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.
Я.Колас з Я.​Купалам, П.​Броўкам, З.​Бядулем. Масква. 1939.
Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.​Федарэнка. 1993.

т. 8, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛАСАЗНА́ЎСТВА,

адна з галін бел. літ. навукі, якая займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Я.Коласа. У сваім развіцці К. прайшло некалькі этапаў, кожны з якіх вызначаецца пэўнымі асаблівасцямі, што выяўляюць ступень разумення і асэнсавання ролі і месца пісьменніка ў нац. л-ры. Першы крытычны водгук на літ. дэбют Я.​Коласа — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906) быў змешчаны ў мінскай газ. «Голос провинции» (5.9.1906), аўтар якога Д.​Бохан адзначаў, што твор «вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту маладога пісьменніка падкрэсліваў Н.​Чарноцкі («Минский курьер», 1908). Глыбінёй і трапнасцю вызначаліся ацэнкі-выказванні пра яго творчасць рус., укр. і бел. вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў: А.​Пагодзіна, С.​Русава, І.​Свянціцкага, М.​Янчука. Крытычныя заўвагі адносна пэўнай тэматычнай аднастайнасці зб-ка паэзіі Я.​Коласа «Песні-жальбы» выказаны ў арт. М.​Багдановіча «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1910 г.» (1911). Гэта часткова тлумачылася тым, што зборнік быў падрыхтаваны без удзелу аўтара, які ў той час знаходзіўся ў турме, а многія вершы вострай паліт. накіраванасці не трапілі ў зборнік па цэнзурных меркаваннях. Пазней у арт. «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1911—1913 гг.» (1913) Багдановіч даў больш разгорнутую характарыстыку паэзіі Я.​Коласа, падкрэсліваў яе маст. вартасць, актуальнасць тэматыкі, сувязь з лёсам народа. Метадалагічнае значэнне для К. мелі выказванні М.​Горкага пра Я.​Купалу, Я.​Коласа ў лістах да М.​Кацюбінскага і А.​Чарамнова ў 1910. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.​Коласа пачалося ў 1920-я г. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя яго літ. дзейнасці і прысваеннем яму звання нар. паэта Беларусі (1926) з’явілася багата крытычных і літ.-знаўчых артыкулаў. Артыкул І.​Замоціна «Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля»)» («Полымя», 1924) і сёння адзін з лепшых сярод даследаванняў творчасці паэта. У ім паэма «Новая зямля» ацэньвалася як твор рэалістычны, глыбока народны, які прадвызначыў магістральны кірунак усяго бел. мастацтва. Грунтоўнасцю вызначаюцца назіранні даследчыка і над жанравай формай паэмы як эпічнага твора. Вядучым прадстаўніком рэаліст. кірунку, класікам бел. л-ры, адным з заснавальнікаў нац. маст. прозы назваў Я.​Коласа М.​Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1920). У гэты час мелі месца і беспадстаўныя выпады супраць Я.​Коласа, творы якога проціпастаўляліся творчасці маладых паэтаў. Найб. нігілістычныя адносіны да яго выявіліся ў арт. Н.​Чарнушэвіча «Алесь Гурло як паэт і грамадзянін» («Маладняк», 1925). У канцы 1920—30-х г. нігілістычныя ацэнкі паглыбіліся. Вульгарна-сацыялагічныя крытыкі (Л.​Бэндэ, А.​Кучар і інш.) выказвалі ў адрас паэта нямала грубых паліт. абвінавачванняў. Вульгарызатарская крытыка беспадстаўнымі нападкамі дэзарыентавала пісьменніка, навязвала яму тэмы, далёкія ад яго творчых схільнасцей. Новую старонку ў К., асабліва ў ацэнцы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», зганьбаваных вульгарызатарамі, адкрываў рэдакцыйны арт. «Народны паэт БССР» (газ. «Літаратура і мастацтва», 5.2.1939), у якім творчасць пісьменніка разглядалася аб’ектыўна, падкрэслівалася эпічная прырода твораў, паўната і ўсебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Перагляд вульгарызатарскіх схем і пазіцый пачаўся ў 2-й пал. 1940-х г. (артыкулы У.​Агіевіча, Ю.​Пшыркова, В.​Барысенкі, П.​Глебкі, К.​Крапівы, М.​Лынькова, Н.​Перкіна, Я.​Усікава, В.​Таўлая і інш.). Бел. К., асновы якога былі закладзены ў працах Багдановіча, Гарэцкага, Замоціна, складалася менавіта ў пасляваенны час. У 1950-я г. з’явіліся новыя кнігі, скіраваныя на абвяржэнне вульгарна-дагматычных ацэнак і выкрыццё беспадстаўных паліт. абвінавачванняў пісьменніка: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956) Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М.​Барсток (1951), «Якуб Колас. Крытыка-біяграфічны нарыс» Я.​Мазалькова (1952), «Творчасць Якуба Коласа» Л.​Фіглоўскай (1959). Высокім грамадзянскім і сац. пафасам вызначаліся лепшыя працы таго часу, хоць у многіх з іх адсутнічаў эстэт. аналіз, спрошчана разглядаліся мова і стыль твораў. У 1961—64 выдадзена першае навукова-каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка — Збор твораў у 12 тамах, што прыкметна актывізавала К. У 1960-я г. выйшлі даследаванні А.​Адамовіча «Беларускі раман: Станаўленне жанра» (1961), дзе шматгранна раскрыта ідэйна-маст. і эстэт. значнасць паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях»; А.​Лойкі «Новая зямля» Якуба Коласа» (1961); М.​Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» (1964); М.​Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965); І.​Навуменкі «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) і інш. Даследаванню творчасці Я.​Коласа адведзена значнае месца ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у абагульняльных працах і манаграфіях Пшыркова, Перкіна, В.​Івашына, С.​Александровіча, В.​Каваленкі, М.​Грынчыка, Ф.​Куляшова, Лойкі, М.​Лазарука, Э.​Гурэвіч, А.​Семяновіча, В.​Бечыка, К.​Хромчанкі, М.​Яроша, У.​Казберука, Мазалькова, С.​Пятровіча, В.​Жураўлёва, В.​Аграшкевіча, Я.​Клімуця і інш., якія вызначалі месца Я.​Коласа ў бел. прозе, паэзіі, драматургіі, у л-ры для дзяцей і юнацтва і інш. З’явіліся працы, прысвечаныя эстэт. поглядам Я.​Коласа (А.​Майхровіч), яго этнагр. спадчыне (Э.​Сабаленка), мове (А.​Каўрус), перакладчыцкай (В.​Рагойша) і пед. (У.​Радзіёнаў) дзейнасці. Асобныя праблемы творчасці Я.​Коласа асветлены ў літ.-крытычных артыкулах і ўспамінах С.​Андраюка, П.​Ахрыменкі, В.​Барысенкі. П.​Броўкі, Я.​Брыля, В.​Бурносава, Б.​Бур’яна, П.​Глебкі, Я.​Казекі, В.​Казловай, У.​Калесніка, У.​Карпава, К.​Крапівы, А.​Куляшова, М.​Ларчанкі, П.​Панчанкі, М.​Стральцова, І.​Шамякіна, Р.​Шкрабы і інш. У 1972—78 выдадзены Збор твораў Я.​Коласа ў 14 тамах, дзе апрача маст. твораў, што адсутнічалі ў 12-томным выданні, змешчана значна больш лістоў, літ.-крытычных артыкулаў, удакладнены тэкст і датаванне многіх твораў, больш поўна пададзены варыянты і розначытанні, пашыраны каментарыі. Вопыт падрыхтоўкі і выдання маст. спадчыны Я.​Коласа стаў прадметам тэарэт. абагульнення ў зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980). Далейшаму развіццю К. садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння паэта. У кн. Пшыркова «Летапісец свайго народа» (1982) гал. ўвага скіравана на этапныя творы, канкрэтны разгляд у ёй спалучаецца з пастаноўкай гісторыка-тэарэт. праблем. Эвалюцыя светапогляду Я.​Коласа даследавалася ў кн. Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» і зб. «З жыццяпісу Якуба Коласа» (абодва 1982), што значна ўзбагаціла ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. Пытанням творчых сувязяў Я.​Коласа з рус. паэтамі прысвечана праца Я.​Клімуця «Жыццёвасць традыцый» (1985). Разнастайныя формы плённага творчага ўзаемадзеяння Я.​Коласа з рус. л-рай разглядаюцца ў «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў» (кн. 1—4, 1993—95). У 1990-я г. з’явіліся даследаванні пра станаўленне таленту Коласа-эпіка (кн. І.​Чыгрына «Рэальнае і магчымае»), пра яго ролю ва ўзбагачэнні жанрава-стылявых магчымасцей бел. прозы (манаграфія Жураўлёва «Я.​Колас і паэтыка беларускага рамана», абедзве 1991). Дзейнасць Я.​Коласа ў гады эвакуацыі і яго літ.-творчае акружэнне асвятляюцца ў кн. М.​Жыгоцкага «У цяжкі час вайны суровай» (1995) і «Побач з Коласам» (1996). Актывізуецца вывучэнне ролі Я.​Коласа ў развіцці бел. літ. мовы («Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа», 1990; «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа», 1993). Маленству, юнацтву, творчай дзейнасці Я.​Коласа прысвечаны дакумент.-маст. аповесці С.​Александровіча «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1982), «Сейбіт песні і мудрасці» (1985). Дзейнасць па ўшанаванні памяці пісьменніка, прапагандзе яго творчай спадчыны, падрыхтоўцы бібліягр. дапаможнікаў, зборнікаў успамінаў, фотадакументальных альбомаў вядзе Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей. Супрацоўнікі музея — ініцыятары і арганізатары правядзення (з 1985) шматгадовых навуковых чытанняў, прысвечаных пісьменніку, паводле матэрыялаў якіх выдаецца зб. «Каласавіны» (з 1986), які сведчыць пра спробу вучоных перагледзець многія ацэнкі асобных твораў Я.​Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «Адшчапенец»), у больш шырокім плане асвятляе яго ролю ў нац.-культурным адраджэнні, развіцці нац. л-ры, мастацтва, навукі, адукацыі, літ. крытыкі, публіцыстыкі, узнімае новыя аспекты вывучэння спадчыны і грамадска-паліт. дзейнасці. Намаганнямі навукоўцаў, архівістаў у шырокі ўжытак уведзены новыя гіст.літ., біягр. матэрыялы. У Ін-це л-ры імя Я.​Купалы Нац. АН Беларусі распачата падрыхтоўка першага поўнага збору твораў Я.​Коласа ў 18-ці тамах. Найбольш поўная бібліяграфія ў біябібліягрф. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994).

Літ.:

Мушынскі М. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;

Яго ж. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы // Полымя. 1972. № 11;

Яго ж. Беларускае коласазнаўства // Там жа. 1982. № 11;

Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983.

М.​І.​Мушынскі.

т. 8, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША НІ́ВА»,

штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.​Луцкевічамі, В.​Іваноўскім, А.​Уласавым, А.​Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.​Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.​Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.​Купала, Я.​Колас, З.​Бядуля, Х.​Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.​Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.​Палуян (С.​Ясяновіч), А.​Бульба (В.​Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ. «Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.​Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.​Купалы за арт. А.​Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.​Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.​Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.​Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.

Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар. эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.​Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.​Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.​Багдановіча, Цёткі, А.​Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, К.​Каганца, У.​Галубка, К.​Буйло, А.​Гурло, Я.​Журбы, Г.​Леўчыка, К.​Лейкі, А.​Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.​Петрашкевіча, Ф.​Чарнушэвіча, Э.​Будзькі, Старога Уласа, Л.​Лобіка, І.​Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел. літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.​Купалы, Я.​Коласа, Багдановіча, Л.​Гмырака, А.​Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.​Самойлы, Р.​Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел. літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.​Ажэшкі, А.​Міцкевіча, У.​Сыракомлі, М.​Канапніцкай, Ю.​Славацкага, С.​Жаромскага, Т.​Шаўчэнкі, В.​Стафаніка, Л.​Талстога, А.​Чэхава, М.​Горкага, У.​Караленкі, В.​Брусава, урыўкі з артыкулаў В.​Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.​Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.​Шапэна, Ч.​Дарвіна.

«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл. зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.​Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.​Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.​Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.​Купалы, Я.​Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).

Літ.:

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;

Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;

Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ГА (Praha),

горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс. ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.

Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст. н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл. Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш. нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл. «Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.

Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.​Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л. св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.​Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.​Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.​Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.​Караці, К.​Лурага, Д.​Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.​М.​Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.​Б.​Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.​І.​Дынцэнгофер, А.​Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.​Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац. т-р (1868—81, арх. І.​Зітак), музей (1884—90, арх. І.​Шульц) і інш. Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.​Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.​Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.​Тыл і І.​Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.​Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.​Палацкага (1876—78, скульптура І.​В.​Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.​Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл. Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж. тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л. Нац., імя Б.​Сметаны, імя І.​К.​Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар. муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).

Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.​Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.​Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л. Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.​Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн. Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.​Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.​Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.​Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел. грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.​І.​Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.​Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.

Літ.:

Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;

Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.

Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).

Прага. Фасад сабора святога Віта.
Панарама г. Прага.
Панарама Старой Прагі.
Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.
Масты Прагі.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,

1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.

2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.

Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).

Пытанні эстэтыкі візант. рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.​Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.​Гіберці («Каментарыі»), Л.​Б.​Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.​Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.​Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.​Віньёла, Д.​Барбара, С.​Сермо, А.​Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.​Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.​Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.​П.​Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.​Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.​Феліб’ен, архітэктуру — Ф.​Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.​Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.​Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.​Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.​Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.​Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.​Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.​Феліб’ена, К.​Ф.​Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.​Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.​Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.​Дзідро зарадзілася прафес. маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.​Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.​Канта, Ф.​Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.​Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.​Меерам (Германія) і А.​К.​Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.​Констэбл (Англія), Э.​Дэлакруа, Ш.​Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.​Куглер, К.​Шназе, А.​Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.​Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.​Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.​Яропкін, І.​Корабаў, М.​Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.​Урванаў, П.​Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.​Акімава, П.​Свіньіна, І.​Снегірова, А.​Вастокава, А.​Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.​Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.​Айналаў, Н.​Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.​Бенуа, І.​Цвятаеў, Б.​Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.​Алпатаў, Н.​Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.​Колпінскі, В.​Лазараў, Г.​Недашывін, В.​Палявой, Г.​Вагнер, Б.​Рыбакоў, Дз.​Сараб’янаў, А.​Фёдараў-Давыдаў, У.​Стасаў, У.​Фаворскі і інш. Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.​Апалінэр, А.​Англіўель дэ Ла Бамель, Т.​Бюрале, Д.​Габары (Францыя), Ф.​Вікгоф і М.​Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.​Баларын. Л.​Белозі (Італія), Я.​Беластоцкі (Польшча), Я.​Гамолка (Чэхія), Э.​Панофскі (ЗША), Э.​Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.​Малевіч (Расія), У.​Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.​Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.​Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.​Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.​Гомбрых), псіхааналіз (Э.​Крыс).

На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.​Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.​Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.​Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.​Ромер (вывучаў бел. нар. дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.​Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час. «Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.​Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.​Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.​Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.​Шлюбскі і І.​Фурман, пра гравюры С.​Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.​Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г.газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.​Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.​Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел. выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш. Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.​Аладава, М.​Арлова, А.​Воінаў, Н.​Высоцкая, В.​Гаўрылаў, П.​Герасімовіч, Л.​Дробаў, І.​Елатомцава, В.​Жук, Ю.​Карачун, М.​Кацар, А.​Лявонава, А.​Лакотка, П.​Масленікаў, М.​Нікалаеў, М.​Раманюк, Я.​Сахута, А.​Сурскі, У.​Чантурыя, В.​Церашчатава, Т.​Чарняўская, Р.​Шаура, В.​Шматаў, Ю.​Якімовіч, М.​Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.​Атраховіч, М.​Баразна, В.​Буйвал, Л.​Вакар, П.​Васілеўскі, Э.​Вецер, Т.​Габрусь, Т.​Гаранская, В.​Гаршкавоз, М.​Гугнін, В.​Каваленка, П.​Карнач, Б.​Крэпак, А.​Кулагін, В.​Лабачэўская, Б.​Лазука, Л.​Лапцэвіч, Л.​Налівайка, Э.​Петэрсон, І.​Паньшына, А.​Пікулік, У.​Пракапцоў, Э.​Пугачова, У.​Рынкевіч, Г.​Сакалоў-Кубай, Л.​Салавей, А.​Сяліцкі, В.​Трыгубовіч, Н.​Трыфанава, Л.​Фінкельштэйн, М.​Цыбульскі, М.​Шамшур, А.​Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час. «Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.

Літ.:

Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр. М., 1995;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 10, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),

горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.

На думку літ. даследчыка К.​Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс. ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг. л-ра, законы ВКЛ, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл. Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.​Міцкевіча, Я.​Чачота, Т.​Зана, А.​Кіркора, С.​Манюшкі, Ф.​Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел. рэв. грамады (гл. Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ. «Наша доля», «Наша ніва», пазней — час. «Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва «Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, К.​Буйло, З.​Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел. паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ. «Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.​Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел. паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі, Б.​Тарашкевіч, У.​Самойла, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, І.​Дварчанін, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, М.​Танк, П.​Сергіевіч, Я.​Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял. Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв. Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел. паліт. арг-цыяБел. нац. к-т; выдавалася газ. «Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс. чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел. культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.

З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-ва бел. культуры (1987), клуб аматараў бел. нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-ва бел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).

Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв. віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.​Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.​Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-т літ. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар. т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм. т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.​Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.​Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.​Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.​Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л. этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус. драм., моладзі, лялечны.

З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.​Камара, Я.​Лапацінскага, Я.​Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.​Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.​Жаброўскі, разьбяр Г.​Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.​Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.​Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл. Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.​Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.​Сідаровіч, К.​Чурыла, П.​Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.​Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж. бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.​Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.​Аблажэй, А. і К.​Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.​Падбярэзскі, А. і С.​Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.

Ю.​Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.​В.​Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).

Герб Вільнюса 16 ст.
Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.
Да арт. Вільнюс. Панарама горада.
Да арт. Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.
Да арт. Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.
Да арт. Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.
Да арт. Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.
Да арт. Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.​Чэканаўскас.

т. 4, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎ,

горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс. ж. (1998).

Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст. М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял. кн. ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн. Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс. ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв. арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач. Вял. Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс. чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.

Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл. Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл. Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл. Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл. Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл. Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл. Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач. Вял. Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.

Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал. нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл. Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн. Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед. ін-т; гл. Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн. пед. тэхнікум (гл. Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв. вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял. Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн. Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл. Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч. г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам. ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац. маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.

Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст. тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр. ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн. ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл. драм. т-ра сфарміравалася Тэатральная пл. Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.

У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.​Трахтэнберг, М.​Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.​Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.​Брэгман і А.​Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.​Вараксін) і інш. Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.​Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах. ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.​Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.​Глінка, М.​Трыгубовіч, М.​Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд. ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр. ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.​Борахаў, Я.​Бранцаў, Ю.​Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.​Кучарэнка, Ю.​Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.​Аляксеевы), у інш. ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.​Астаповіч, Г.​Бенядзіктаў, А.​Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.​Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.​Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.​Смальгоўскі, В.​Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.​Аляксеева), машынабуд. (В.​Шаўчэнка, Кучарэнка, А.​Юрын) і тэхналагічнага (Ю.​Павалій, У.​Начараў, С.​Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.​Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.​Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.​Бранцаў, С.​Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.​Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.​Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.​Свінарэнка), друку (арх. А.​Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.​Горб, М.​Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.

У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.​Гумілеўскі, арх. К.​Аляксееў, А.​Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.​С.​Пушкіну, М.​Горкаму, Герою Сав. Саюза І.​С.​Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.​В.​Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.​І.​Гусакоўскага, мастакоў В.​Бялыніцкага-Бірулі, П.​Масленікава і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел, грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл. Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час. «Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед. час. «Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв. к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).

У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ. газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач. Вял. Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп. газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп. арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).

Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў.

Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».

Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.​Дзяржавін. У М. спыняўся А.​Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.​Гогаль (1828) і Т.​Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш. бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.​Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.​Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.​І.​Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.​Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.​Кісель). У 1900 выйшаў зб. бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.​Багушэвіча, В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.​Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.​Багдановіча «Летапісец», нарысу М.​Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.​Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.​Колас, у лютым 1930 — Я.​Калас, З.​Бядуля, П.​Броўка, М.​Нікановіч, І.​Цвікевіч. У студз. 1933 Я.​Купала, Ц.​Гартны, П.​Галавач, М.​Лужанін, А.​Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.​Бурносаў, Э.​Валасевіч, П.​Пруднікаў (рабочымі), І.​Баранкевіч, Ю.​Лявонны, Г.​Шчарбатаў (у газетах «Соха и молот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.​Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.​Гаўрук, Дз.​Палітыка, Ю.​Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.​Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.​Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.​Агіевіч, М.​Барсток, А.​Бялевіч, Я.​Васілёнак, М.​Гарулёў, А.​Дзеружынскі, Я.​Курто, М.​Ларчанка, Ю.​Лявонны, В.​Матэвушаў, І.​Новікаў, Палітыка, П.​Прыходзька, С.​Фамін, Я.​Шарахоўскі, П.​Шасцерыкоў, М.​Шумаў, У.​Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач. Вял. Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.​Суркоў і К.​Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.​Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.​Чыгрынаў, В.​Зуёнак, П.​Макаль, А.​Пісьмянкоў, А.​Мельнікаў, М.​Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.​Вазнясенскі, Р.​Казакова, Р.​Раждзественскі, Я.​Хелемскі, І.​Шклярэўскі, В.​Быкаў, Р.​Барадулін, А.​Жук, Л.​Прокша, І.​Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.​Пысін, Аношкін, А.​Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.​Аляксееў, Ю.​Кузняцоў, Г.​Пашкоў, П.​Праскурын, В.​Сарокін, К.​Скварцоў. У М. нарадзіліся П.​Кабзарэўскі, Р.​Бярозкін, Валасевіч, І.​Клаз, М.​Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.​Бугаёў, Г.​Бубнаў, Луфераў, В.​Ракаў, М.​Янчанка, Шклярэўскі, М.​Казакоў, Аношкін, С.​Марчанка, В.​Хаўратовіч, А.​Палітыка, А.​Салтук, Р.​Яўсееў, Кандрусевіч, У.​Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.​Гаўрусёў, Л.​Левановіч, С.​Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.​Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.​Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.​Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.​Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.​Макаёнак, І.​Сіўцоў, М.​Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.​Дуктаў, Я.​Клімуць, М.​Лук’янаў, І.​Пехцераў, В.​Рагаўцоў і інш.

Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл. Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел. нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.​Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.​Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.​Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.​Пархоменка, І.​Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж. гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.​Цеханоўскі, Р.​Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.​Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш. Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.​Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.​Гараўскага, бел. сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.​Туроўскай, Г.​Конавай, У.​Кузьміча (усе 1984), В.​Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.​В.​Неўрава (1998), П.​В.​Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв. т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.​Ш.​Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.​Яблачкінай, трупы Г.​Волгіна, Ф.​Карскага, П.​Максімава, С.​Няволінай, Р.​Неўскага, Ф.​Корша, Ф.​Хмары; польск. трупы В.​Ашпергера, К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, Я.​Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.​Камісаржэўская, П.​Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.​Далматаў, Ю.​Жукоўская, М.​Занькавецкая, М.​Петыпа, М.​Садоўскі, Г.​Фядотава, Ю.​Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.​Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав. т-р (1919), рус. драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.​Р.​Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст. муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.​Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.​Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.​Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ. Гарадзецкі прыгонны квартэт У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.​А.​Моцарта і Л.​Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.​Ягеман (Ягноў), І.​Крушэўскі, піяністка Л.​Чачкова. Працавалі муз.-драм. т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёўскі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.​Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.​Туа), у пач. 20 ст. — Л.​Аўэр, С.​Барцэвіч, А.​Вержбіловіч, І.​Гофман, К.​Грыгаровіч, Н.​Фігнер, М.​Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.​Рубінштэйна, «Фауст» Ш.​Гуно, «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Травіята» Дж.​Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.​Пеўзнерам (1906) і У.​Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.​Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.​Пеўзнер), лекцыі (Ю.​Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.​Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..

Літ.:

Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;

Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;

Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл. Мн., 1986;

Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;

Марзалюк І.А. Магілёў ў XII—XVIII стст. Мн., 1998;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Магілёва. Мн., 1998.

І.​А.​Марзалюк, А.​В.​Марзалюк (гісторыя), І.​М.​Шаруха (гаспадарка), М.​І.​Ліс, В.​Л.​Цыбоўскі (асвета і культура), Т.​І.​Чарняўская, І.​І.​Фралоў (архітэктура), Л.​В.​Календа (друк, радыё, тэлебачанне), М.​Р.​Міхайлаў (літаратурнае жыццё), А.​Л.​Капілаў, В.​П.​Пракапцова (музычнае жыццё).

Магілёў. З гравюры 18 ст.
Магілёў. Вуліца Першамайская.
Магілёў. Агульны выгляд горада. Фота пач 20 ст.
Праспект Міру ў Магілёве.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)