аўстрыйскае ўладанне ў Паўн. Італіі ў 1815—66. Утворана аўстр. манархіяй з абласцей Ламбардыя і Венецыя, перададзеных Аўстрыі паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15. Цэнтр — г. Мілан. Кіравалася віцэ-каралём. Аўстр. ўлады перашкаджалі развіццю эканомікі і культуры, устанавілі рэжым жорсткіх паліцэйскіх праследаванняў. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859б.ч. Ламбардыі адышла да Сардзінскага каралеўства. Венецыянская вобл. і невял. частка Ламбардыі заставаліся ў складзе Аўстрыі пад назвай Л.-В.к. да 1866, калі ў выніку аўстра-італьянскай вайны 1866 былі далучаны да аб’яднанага Італьян. каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАРЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Mascarene Islands),
група астравоў у Індыйскім ак., на У ад в-ва Мадагаскар. Нас. больш за 1,76 млн.ж. (1996). Складаецца з 3 вял. а-воў: Рэюньён (франц.ўладанне), Маўрыкій і Радрыгес (у складзе дзяржавы Маўрыкій). Складзены з вулканічных парод. Выш. да 3069 м (на в-ве Рэюньён). Ёсць дзеючыя вулканы. Клімат трапічны, пасатны, вільготны. На наветраных схілах гор участкі вечназялёных трапічных лясоў, на падветраных — саванна. Плантацыі цукр. трыснягу, какосавай пальмы, чаю, алоэ, кавы, ванілі. Першы з еўрапейцаў дасягнуў астравоў партугалец П. ды Машкарэньяш (Маскарэньяс) у 1507.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЖ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял. князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв. Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст.б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́Я,
вёска ў Беларусі, у Александрыйскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Дняпроўскі». За 12 км на Пн ад Шклова, 50 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Копысь. 333 ж., 164 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка.
Вядома з сярэдзіны 17 ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве Аршанскага пав. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1772) мястэчка ў Копыскім пав., з 1775 уладанне графа С.Г.Зорыча. У 1886 у Александрыі 312 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Копыскім р-не Аршанскай акр., з 8.7.1931 вёска ў Шклоўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́Л,
зямельны ўчастак, які даваў у карыстанне сялянам феад. ўласнік зямлі (памешчык, дзяржава). Быў асн. формай сял.землекарыстання пры феадалізме. За карыстанне Н. сяляне неслі розныя павіннасці на карысць феадала. Н. служыў крыніцай існавання селяніна і феадала (гл.Зямельная рэнта), спалучаўся з пазаэканамічным прымусам. Надзельнае землекарыстанне было найб. характэрным для ВКЛ і Рас. імперыі да сялянскай рэформы 1861. Існавала ў формах індывідуальнага (падворнага) і абшчыннага (сумеснага сялянскага) землекарыстання. Пасля ўказаў ад 1.3 і 2.11.1863 пра абавязковы пераход на выкуп сялян Беларусі і Літвы Н. ператварыўся ў падворнае або абшчыннае сял.ўладанне (гл.Надзельнае землеўладанне). В.П.Панюціч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДО́ЛЬФ IГабсбург
(Rudolf; 1.5.1218, замак Лімбург, цяпер у складзе г. Сасбах, Германія — 15.7.1291),
германскі кароль [1273—91], першы на прастоле з дынастыі Габсбургаў. Бацька аўстр. герцага Рудольфа II [1282—90]. Паклаў пачатак палітыкі Габсбургаў, накіраванай на пашырэнне іх родавых уладанняў. Адабраўшы ў 1276—78 у чэш. караля Пржэмысла II Отакара Аўстрыю разам са Штырыяй, Карынтыяй і Крайнай, заклаў асновы магутнасці Габсбургаў. У 1282 перадаў Аўстрыю і Штырыю ва ўладанне сваіх сыноў Альбрэхта і Рудольфа. Намагаўся ўмацаваць цэнтр. ўладу ў Герм. каралеўстве.
У.Я.Калаткоў.
Рудольф I. Выява з надмагільнай пліты ў саборы г. Шпаер (Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ ЖЫЛЛЯ́,
адно з асноўных канстытуцыйных асабістых правоў чалавека. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 29) ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Гал. гарантыя Н.ж. заключаецца ў тым, што вобыскі праводзяцца толькі на падставе матываванай пастановы следчага, якая санкцыянавана пракурорам або яго намеснікам (за выключэннем выпадкаў, калі адкладваць нельга — з захаваннем усіх прадпісанняў законаў). У інш. выпадках самавольнае ўварванне ў жыллё дапускаецца толькі для прадухілення сур’ёзнай і сапраўднай пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама жыццю і здароўю людзей. Гарантыі Н.ж. могуць быць абмежаваны ў перыяд дзеяння надзвычайнага і ваен. становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦЫЯ (польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),
1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.
2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЗНЫ,
службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.