ГОГЕНЦО́ЛЕРНЫ

(Hohenzollern),

дынастыя курфюрстаў Брандэнбурга [1415—1701], каралёў Прусіі [1701—1918] і імператараў Германіі [1871 — 1918]. Паходзілі са стараж. швабскага графскага роду (пачынальнік роду граф Фрыдрых фон Цолер, п. у 1125), іх родавы замак Гогенцолерн або Цолер (адсюль назва дынастыі). Каля 1227 падзяліліся на швабскую (старэйшую) і франконскую (малодшую) лініі. Прадстаўнік апошняй бургграф нюрнбергскі Фрыдрых VI у 1415 атрымаў у леннае ўладанне марку Брандэнбург і стаў курфюрстам пад імем Фрыдрых I. Найб. вядомыя: Фрыдрых І [1415—40], Фрыдрых Вільгельм [1640—88], Фрыдрых III [1688—1713, з 1701 прускі кароль Фрыдрых І], Фрыдрых II [1740—86], Фрыдрых Вільгельм III [1797—1840], Фрыдрых Вільгельм IV [1840—61], Вільгельм І (прускі кароль у 1861—88 і герм. імператар у 1871—88) і Вільгельм II [1888—1918; пазбавіўся ўлады ў выніку Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі]. Прадстаўнікі швабскай лініі Гогенцолернаў — Гогенцолерны-Зігмарынгены — у 1866—1947 правілі ў Румыніі. З 1968 галавой дому Гогенцолернаў з’яўляецца Луі Фердынанд (унук Вільгельма II).

Літ.:

Туполев Б.М. Династия Гогенцоллернов // Новая и новейшая история. 1991. № 6.

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)