сямейства рыб атр. вугрападобных. Каля 18 родаў, больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах. Жывуць каля берагоў у расколінах камянёў, падводных гротах і пячорах. Найб. вядомыя М. родаў гімнаторакс (Gymnothorax), лікадонтыс (Lycodontis), мурэна (Muraena).
Даўж. ад 10 см да 3 м. Цела змеепадобнае, скура голая. Афарбоўка яркая, разнастайная, з плямамі і палосамі. Грудныя плаўнікі адсутнічаюць. Зубы шматлікія, доўгія, вострыя. Драпежнікі, кормяцца рыбамі, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У развіцці праходзяць стадыю лептацэфала (кароткае тупое рыла, закруглены хваставы плаўнік, слабая пігментацыя). Аб’ект промыслу. У некаторых відаў М. мяса ядавітае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІНА́РЫЯ, марская капуста (Laminaria),
род пласціністых бурых водарасцей сям. ламінарыевых. 30 відаў. Пашыраны ў халодных акіянах і морах абодвух паўшар’яў. Сустракаецца ад паверхні да глыб. 200 м. Найб. вядомыя Л.: Гур’янавай (L. gurjanovae), пальчатарассечаная (L. digitata), паўн. (L. hyperborea), цукрыстая (L. saccharina), японская (L. japonica).
Слаявіна даўж. 0,5—50 м у выглядзе пласціны суцэльнай або рассечанай, гладкай ці маршчыністай, складкаватай, з пузырамі або без іх Прымацоўваецца да субстрату дыскападобнай падэшвай ці галінастымі рызоідамі. Размнажэнне бясполае (зааспоры) і палавое (аагамія). Каштоўны аб’ект прамысл. здабычы і штучнага развядзення з харч. мэтамі. Сыравіна для атрымання лек. сродкаў і хім. рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэкст. і папяровай прам-сці, ідзе на корм, угнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ МІЖПЛАНЕ́ТНАЯ СТА́НЦЫЯ,
непілатуемы касмічны апарат для дастаўкі навук. апаратуры да нябесных целаў і вывучэння міжпланетнай касмічнай прасторы. На іх борце размяшчаецца апаратура для навук. даследаванняў, тэлеметрычная для перадачы інфармацыі, тэлевізійная для атрымання відарысаў. Аснашчаецца ракетнымі рухавікамі для карэкцыі траекторыі палёту, сістэмамі астраарыентацыі, мяккай пасадкі, парашутнымі сістэмамі і інш. Энергасілкаванне бартавой апаратуры забяспечваецца сонечнымі батарэямі. Некаторыя аўтаматычныя міжпланетныя станцыі маюць апараты для спуску на інш. планеты; кіраванне спускам ажыццяўляецца бартавой навігацыйнай выліч. машынай. У шэрагу выпадкаў навук. даследаванні праводзяць пры дапамозе штучных спадарожнікаў планет. Да аўтаматычных міжпланетных станцый адносяцца: сав. станцыі серый «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд» і інш.; амер.«Марынер», «Рэйнджэр», «Сервеер», «Піянер», «Вояджэр» і інш.; заходнееўрапейская «Джота»; японская «Планета-А». Першыя ў свеце аўтаматычныя міжпланетныя станцыі: «Піянер» (1958, ЗША), «Месяц» (запуск 2.1.1959, СССР).
Аўтаматычная міжпланетная станцыя: 1 — агульны выгляд АМС «Венера-8»; 2 — схема палёту АМС «Месяц-3».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЭ́ (яп., літар. пустая рука),
японская сістэма самаабароны без зброі; адзін з відаў спарт. адзінаборстваў. Мае глыбокія гіст., культ. і філас. вытокі. Першыя звесткі пра К. датуюцца 720. Асн. сістэмы К. — вада-ру, годзю-ру, шота-кан, шыта-ру.
У аснове спарт. К. — удары рукой або нагой па найб. слабых і балявых болевых* месцах чалавечага цела. У спаборніцтвах па бескантактавым К. сапернікі толькі абазначаюць правядзенне пэўных прыёмаў, не даводзячы іх да канца. Існуюць практыкаванні па спарынгу — кумітэ і вольныя практыкаванні — ката, якія імітуюць паядынак. Сучасныя правілы спаборніцтваў сфармуляваны ў 1948. Спартсмены выступаюць у традыц. форме дзюдаістаў на татамі (гл Дзюдо). У 1968 заснавана міжнар. федэрацыя. У 1978 — федэрацыя К. СССР. Першы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1966 (Вена), першы чэмпіянат свету — у 1968 (Вашынгтон).
На Беларусі федэрацыя К. заснавана ў 1980; першы чэмпіянат праведзены ў 1978. Чэмпіёны СССР і прызёры міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў: А.Вількін, П.Калінін, Я.Крапіўны, Л.Лушчык, В.Ляцецкі, В.Сідарэнка і інш.; першыя трэнеры: А.Кажамякін, А.Кірыенка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).
Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
А.Д.Антанюк.
Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТАВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,
афіцыйныя запасы золата і замежнай валюты ў цэнтр. банку і фін. органах краіны, а таксама ў міжнар. валютна-крэдытных арганізацыях. У склад афіц. З.р. уключаюцца замежныя валюты, якія выконваюць ролю міжнар. плацежных сродкаў, калект. рэгіянальныя і міжнар. валютныя адзінкі (СДР, ЭКЮ), правы на аўтам. атрыманне сродкаў у МВФ, а таксама афіц. залатыя запасы, якія ўлічваюцца асобна. Сусв. З.р. (млрд. долараў): у 1980 валютныя рэзервы — 409,8, золата (рыначная ацэнка) — 563,3, у 1990 — адпаведна 907,3 і 361,5, у 1994—1186,4 і 348,7. Гал. ўладальнікамі З.р. (на канец 1994) з’яўляюцца прамыслова развітыя краіны — 927,6 млрд. долараў (у т. л. ЗША — 163,6, Японія — 135,2, Германія — 113,9); краіны, якія развіваюцца, маюць З.р. на суму 607,5 млрд. долараў. У складзе валютных рэзерваў асн. ролю адыгрываюць нац. валюты (асабліва рэзервовыя). Сярод рэзервовых валют на канец 1994 амер. долар (585,2 млрд.), марка ФРГ (151,1 млрд.), японская іена (83,4 млрд.), брытанскі фунт стэрлінгаў (37,2 млрд.). У апошнія гады залатыя запасы амаль не выкарыстоўваюцца, а ў міжнар. разліках выкарыстоўваюцца ў асноўным валютныя рэзервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬХА (Alnus),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн.ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр.ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).
Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд. матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд.ч. в-ва Сахалін у час 2-й сусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп. войскі ў складзе 88-й пях. дывізіі, інш. часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс.чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн.сав. войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп. групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс.чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл.Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч.СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮДО́ (ад яп. дзю мяккасць + до шлях),
японскаянац. барацьба (у кімано са свабодным поясам, без абутку). Пры барацьбе стоячы барцы імкнуцца з дапамогай падножак, падсечак, кідкоў і інш. прыёмаў кінуць адзін аднаго на татамі (спец. цыновачная мата), пры барацьбе лежачы — утрымаць праціўніка прыціснутым спінай да татамі або з дапамогай болевых прыёмаў і задушлівых захватаў прымусіць яго прызнаць сябе пераможаным. Схваткі праводзяцца ў 8 вагавых катэгорыях (жанчыны — 48, 52, 61, 66, 72, больш за 72 кг і абсалютная; мужчыны — 60, 65, 71, 78, 86, 95, больш за 95 кг і абсалютная) і працягваюцца 4 мін для жанчын і 5 мін для мужчын.
Дз. створана ў канцы 19 ст.праф. Д.Кано, які сістэматызаваў і палепшыў тэхніку джыуджыцу (без элементаў, што пагражалі жыццю і здароўю барцоў) і ўвёў шмат новых, створаных ім самім. З канца 19 — пач. 20 ст. Дз. пашырылася ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Амерыкі У 1956 створана Міжнар. федэрацыя Дз. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1956, чэмпіянаты Еўропы — з 1951. З 1964 Дз. — алімпійская дысцыпліна (перапынак у 1968).
На Беларусі развіваецца з 1974, у 1977 створана рэсп. федэрацыя. Сярод бел. дзюдаістаў чэмпіён Еўропы (1983, 1984, 1985), уладальнік Кубка свету (1984, 1986), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1985) В.Пясняк, чэмпіён Еўропы (1997) Р.Мамедаў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995) Н.Багіраў, прызёры чэмпіянату Еўропы 1977 А.Карыцкая і Т.Масквіна. Зборная каманда Беларусі сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,
кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц.канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл.Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.