СПІРЭ́Я (Spiraea),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі ў культуры 36 відаў і некалькі разнавіднасцей С.: белая (S.alba), дубраўкалістая (S.chamaedryfolia), сярэдняя (S.media), японская (S.japonica) і інш.

Лістападныя кусты выш. 15—300 см. Сцёблы прамастойныя, паніклыя або сцелістыя. Лісце чаргаванае, простае, па краі зубчастае. Кветкі белыя, ружовыя, чырв. ў парасона-, шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Спірэя: 1 — шарсцістая; 2 — сярэдняя; 3 — вербалістая; 4 — бярозалістая.

т. 15, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)