КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВЕЧАРЫ́НКАў Вільні.
Адбылася 12.2.1910 у клубе чыгуначнікаў. Арганізавана А.Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газ. «Наша ніва». Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю бел.прафес. і аматарскага тэатр. мастацтва. У П.б.в. ўдзельнічала каля 100 чал., прысутнічала каля 1000 гледачоў. У праграме спектакль «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага (пастаноўка Бурбіса, сярод удзельнікаў Я.Арлоўскі, Ф.Мурашка, Ч.Родзевіч і інш.); харавыя творы «А хто там ідзе?» (муз. Л.Рагоўскага на словы Я.Купалы), «Чаму ж мне не пець» і інш.бел.нар. песні (дырыжор Рагоўскі); нар. танцы «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка», «Верабей» (пад кіраўніцтвам І.Буйніцкага).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРА́НЫ (Іван) (сапр.Лазавяга Іван Паўлавіч; 2.10.1907, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна — 25.8.1963),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1926—28). У 1932 рэпрэсіраваны і да 1940 у турмах і лагерах. У 1945 эмігрыраваў у ФРГ. Аўтар паэм «Манголія» (1927), «Ave Maria» (1929), рамана ў вершах «Скелька» (1930), зб. вершаў «Залаты бумеранг» (1946). Дыяпазон яго паэзіі ад элегічнай лірыкі да вострай сатыры. Раманы «Звераловы» (1944, «Тыграловы», 1946—47), «Сад Гефсіманскі» (1950), «Вогненнае кола» (1953), п’есы «Марытуры», «Генерал» (1947), «Разгром» (1948) пра цяжкі лёс укр. народа ў перыяд сталінскага таталітарызму, пакутнікаў ГУЛАГа, барацьбітоў за незалежнасць Украіны. Аўтар памфлета «Чаму я не хачу вяртацца ў СССР?» (1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́МАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (21.8.1907, Масква — 5.9.1944),
бел. кампазітар, піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, клас Г.Нейгаўза), кампазіцыі вучыўся ў М.Гнесіна. У 1937—41 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртна-выканальніцкую дзейнасць, аддаваў перавагу творчасці кампазітараў-рамантыкаў. Аўтар аднаго з першых бел.фп. канцэртаў (1940), які значна паўплываў на развіццё гэтага жанру ў бел. музыцы. З інш. твораў: муз. камедыя «Прыгоды Фрыца» (лібр. А.Астрэйкі і У.Няфёда, 1944), «Беларуская танцавальная сюіта» і Варыяцыі для фп., капрычыо на тэму бел.нар. песні «Чаму ж мне не пець» для фп., апрацоўкі бел.нар. песень для хору. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу піяністаў (1938).
Літ.:
Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977. С. 11—16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЛЕР ((Mailer) Норман) (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),
амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац.рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.Манро).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНГ ((King) Марцін Лютэр) (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),
адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.
Тв.:
Рус.пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПЕ́СЕННАЯ КАМІ́СІЯ.
Існавала ў 1923—24 пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. Створана з мэтай гарманізацыі бел.нар. песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А.Грыневіча, У.Тэраўскага, М.Янчука і інш.). У камісію ўваходзілі кампазітары М.Іпалітаў-Іванаў (старшыня), М.Аладаў, А.Аленін, А.Грачанінаў, А.Нікольскі, Я.Прохараў. Апрацавана больш як 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (вып. 1, 1928) і ў серыі «Беларускія народныя песні» (1929—30). Найб. каштоўныя апрацоўкі Грачанінава (для хору «Ішла каляда», «Перад Пятром», «Чаму селязень», «Перапёлка», «Ішоў раёк», для голасу з фп. «Зазвінела пчолачка», «Калыханка»), Аладава (харавыя «Ой, загуду», «Мужык жыту прадае», «На гары жораў круціўся»), Прохарава (харавыя «Ой, рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХА́У (Dachau),
канцэнтрацыйны лагер на тэр. Германіі ў 1933—45. Створаны на ўскраіне г. Дахаў (17 км ад Мюнхена). Першапачаткова тут былі зняволены паліт. праціўнікі нацысцкага рэжыму (камуністы, сацыял-дэмакраты, апазіц. свяшчэннікі і інш.). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры, які меў каля 125 аддзяленняў і т.зв. знешніх камандаў на ваен. прадпрыемствах Паўд. Германіі і Аўстрыі, праводзіліся злачынныя мед. эксперыменты на вязнях. За час існавання праз лагер прайшло каля 250 тыс. вязняў з 24 краін, загінула 148 тыс.чал. 28.4.1945, напярэдадні з’яўлення войск ЗША, дзеючая ў лагеры інтэрнац.падп.арг-цыя Супраціўлення падняла паўстанне, дзякуючы чаму засталіся жывымі 30 тыс. апошніх вязняў. У 1945—47 камендант, ахоўнікі лагера і медыкі-злачынцы асуджаны ў Нюрнбергу. У 1965 у Д. адкрыты мемар. комплекс (музей, малітоўныя дамы, помнікі); у 1984 уключаны ЮНЕСКА ў спіс аб’ектаў, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКА́ЎСКАС ((Žukauskas) Альбінас) (25.1.1912, в. Бубеле, Сувалкаўскае ваяв., Польшча — 10.8.1987),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1972), засл. работнік культ. Беларусі (1973). Вучыўся ў Віленскім ун-це і Варшаўскай вышэйшай школе журналістыкі (1935—39). Аўтар зб-каў вершаў «Часы і людзі» (1938), «Цяжкая радасць» (1970), «Сонцаварот» (1973), «Прыбярэжныя водмелі» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1976), «Прамаці» (1981), «Бяздомная любоў» (1983), кніг навел і апавяданняў «Зямля плыве на поўдзень» (1939), «Паветраны калодзеж» (1964), «Добрыя камяні» (1973), «Чаму плакаў хлеб» (1980), у якіх асэнсоўвае рэаліі гіст. мінулага літ. вёскі, людскія лёсы, паказвае стойкасць народа, хараство роднага краю. На літ. мову пераклаў кнігі выбранай лірыкі Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, М.Танка, асобныя творы П.Броўкі, З.Бядулі, М.Гарэцкага. На бел. мову яго творы перакладалі Р.Барадулін, А.Васілевіч, С.Грахоўскі. М.Калачынскі, А.Разанаў, Я.Семяжон, М.Танк, Н.Тарас, М.Хведаровіч, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТЭР ((Carter) Джэймс) (Джымі) Эрл (н. 1.10.1924, г. Плейнс, штат Джорджыя, ЗША),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Чл.Дэмакр. партыі. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ў г. Анапаліс (1946), да 1953 служыў у ВМС. З 1953 фермер, сенатар заканад. сходу (1962—66) і губернатар штата Джорджыя (1971—75); падтрымліваў рух за грамадз. правы і праграму расавай дэсегрэгацыі ў ЗША. У 1977—1981 прэзідэнт ЗША. У 1977—78 садзейнічаў заключэнню дагавора з Панамай аб будучым статусе Панамскага канала. У 1978 ініцыіраваў егіп.-ізраільскія перагаворы ў Кэмп-Дэвідзе (ЗША), пасрэднічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам (1979, гл.Кэмп-Дэвідскія пагадненні). У 1979 заключыў дагавор аб абмежаванні стратэг. зброі з СССР — SALT-II (не падтрыманы сенатам). Праводзіў міжнар. кампанію ў абарону правоў чалавека і абвясціў аб праве ЗША ажыццяўляць іх абарону ў інш. краінах (з гэтага часу элемент афіц.дзярж. дактрыны ЗША). Аўтар кніг «Чаму не самае лепшае?» (1975), «Урад, дастойны свайго народа» (1977), «Захоўваючы веру. Мемуары прэзідэнта» (1982) і інш.