КІ́ПЛІНГ ((Kipling) Джозеф Рэдзьярд) (30.12.1865, г. Бамбей, Індыя — 18.1.1936),

англійскі пісьменнік; адзін з прадстаўнікоў неарамантызму. Вучыўся ў каледжы ў Вествард-Хо (Англія, 1876—81). Дэбютаваў зб. вершаў «Школьная лірыка» (1881). Аўтар кніг паэзіі «Песні казармы» (1892), «Сем мораў» (1896), «Пяць нацый» (1903), раманаў «Святло пагасла» (1890), «Кім» (1901), зб-каў апавяд. «Простыя апавяданні з гор» (1888), «Горад Страшнай ночы», «Сватанне Дзіны Шад» (абодва 1890), «Жыццё дае фору» (1891) і інш. У творах увасабляў ідэі актыўнага дзеяння, служэння закону і імперыі, пераўтварэння свету. Лірыка вызначаецца эмацыянальнасцю, дынамічнай рытмікай, блізкасцю да нар. балад і песень, грубаватым гумарам. Лепшы лірычны цыкл для дзяцей — кнігі пра Маўглі («Кніга джунгляў», 1894; «Другая кніга джунгляў», 1895), а таксама кнігі «Адважныя мараплаўцы» (1897), «Казкі проста так» (1902), «Пак з узгорка Паха» (кн. 1—2, 1906—10) і інш. Яны прывабліваюць сюжэтнай займальнасцю, майстэрствам абмалёўкі экзатычных жывёл і раслін, дакладнасцю. Аўтар аўтабіягр. кн. «Сёе-тое пра сябе» (1936), дарожных нарысаў, рэпартажаў. Паўплываў на развіццё жанраў балады, песні, маршу. Нобелеўская прэмія 1907. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Маўр, В.Хомчанка, С.Міхальчук, М.Багун.

Тв.:

Бел. пер. — Рыкі-Цікі-Таві. Мн., 1938;

Казкі. Мн., 1939;

Чаму ў слоніка доўгі нос. Мн., 1974;

Маўглі: Апавяданні, казкі. Мн., 1994;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1996.

Літ.:

Аникин Г.В., Михальская Н.П. История английской литературы. 2 изд. М., 1985;

Судленкова О.А., Кортес Л.П. 100 писателей Великобритании. Мн., 1997.

Е.А.Лявонава.

Р.Кіплінг.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)